Выступ лідара АГП не прайшоў цэнзуру на тэлеканале «Беларусь 3»

Тэлевыступ кандыдата ў дэпутаты па Старавіленскай выбарчай акрузе № 105 Мікалая Казлова, які павінен быў прагучаць на канале «Беларусь 3», не прайшоў цэнзуру, паведамляе «Свабода».



Будынак Белтэлерадыёкампаніі. Фота www.svaboda.org

Паводле палітыка, падчас запісу прамовы ён адмыслова пацікавіўся ў юрыста Белтэлерадыёкампаніі, ці мог кагосьці «пакрыўдзіць» сваімі словамі. Пачуўшы, што нічога падобнага не прагучала, быў перакананы, што праблемаў не ўзнікне. Аднак у эфіры ягоны ролік так і не з’явіўся.

Што магло напалохаць цэнзараў? Сярод іншага Мікалай Казлоў расказаў пра тое, што сышоў з міліцыі на знак пратэсту пасля таго, як адмовіліся распачаць крымінальную справу ў дачыненні да чальцоў выбарчай камісіі, якіх ён злавіў на ўкідванні бюлетэняў падчас парламенцкай кампаніі 2008 году.

Паводле лідара АГП, крадзеж галасоў — гэта адно з самых цынічных і подлых злачынстваў. На яго перакананне, сумленныя выбары ёсць самым дэмакратычным механізмам, калі грамадзяне выбіраюць сваіх прадстаўнікоў, а не чыноўнікі падманам прызначаюць зручных дэпутатаў.

У перадвыбарнай праграме таксама прагучалі прапановы, якія, на думку Казлова, можа вырашыць толькі народны кандыдат. Аднак дзеля гэтага трэба прымусіць рэжым сумленна лічыць галасы.

 

Мікалай Казлоў Фота www.svaboda.org

Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» нагадваюць, што выбарцы не змаглі пазнаёміцца з праграмамі цэлага шэрагу дэмакратычных кандыдатаў. Раней былі адцэнзураваныя наступныя асобы:

Уладзімер Няпомняшчых, кандыдат у дэпутаты па Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 33 ад партыі АГП — тэлевыступ на «Беларусь-3»

Аксана Юшкевіч, кандыдатка ў дэпутаты па Чкалаўскай выбарчай акрузе № 96 ад «Еўрапейскай Беларусі» — «Радыё Мінск» і тэлеканал «Беларусь-3»

Міхаіл Бандарэнка, кандыдат у дэпутаты па Мазырскай выбарчай акрузе № 42 ад партыі БНФ — «Беларусь-3»

Дзіяна Чарнушына, кандыдатка ў дэпутаты па Мінскай-Каменнагорскай выбарчай акрузе № 101 ад партыі АГП — газета «Звязда»

Ірына Давідовіч, кандыдатка ў дэпутаты па Івейскай выбарчай акрузе № 54 ад партыі АГП — тэлевыступ на «Беларусь-3»

Мікалай Маслоўскі, кандыдат у дэпутаты па Кальварыйскай выбарчай акрузе № 104 ад партыі АГП — тэлевыступ на «Беларусь-3»;

• Дзмітрый Савіч, актывіст «Еўрапейскай Беларусі», кандыдат у дэпутаты па Светлагорскай выбарчай акрузе № 46 ад партыі БНФ — тэлеканал «Беларусь 3».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!