Вышэйшая адукацыя: рэформа ці праца над памылкамі?

Падрыхтоўка спецыяльнасцяў не адпавядае патрабаванням рынку, узровень ведаў студэнтаў імкліва падае, каштоўнасці дыплома пры пошуку месца працы знізіліся — вось далёка не поўны пералік праблем, якія стаяць перад вышэйшай адукацыяй.

У старэйшага пакалення, выхаванага ў часы Савецкага Саюза, і цяпер наяўнасць дыплома аб вышэйшай адукацыі асацыюецца з магчымасцю рэалізацыі паспяховай кар'еры і высокім заробкам. Яшчэ два дзесяцігоддзі таму наяўнасць вышэйшай адукацыі прадугледжвала больш высокі сацыяльны статус яе ўладальніка. Гэтыя часы сышлі ў мінулае. Падрыхтоўка спецыяльнасцяў не адпавядае патрабаванням рынку, узровень ведаў студэнтаў імкліва падае, каштоўнасці дыплома пры пошуку месца працы знізіліся — вось далёка не поўны пералік праблем, якія стаяць перад вышэйшай адукацыяй.

На першы погляд можа здацца, што ўсе гэтыя праблемы слаба звязаныя адна з адной і з'яўляюцца непазбежнымі выдаткамі адаптацыі старой савецкай сістэмы адукацыі да новых рынкавых умоваў. Аднак больш пільны аналіз сітуацыі паказвае, што ўсе складанасці, якія ўзнікаюць, з'яўляюцца следствам аднаго і таго ж працэсу, які мы назіралі на працягу больш чым дзесяці гадоў. Гэты працэс наглядна ілюструюць статыстычныя дадзеныя, прадстаўленыя на малюнку.

Калі колькасць вышэйшых навучальных устаноў за 14 гадоў скарацілася на 12%, дык колькасць студэнтаў за дзесяцігоддзе — з 2002 да 2012-га — вырасла амаль у паўтара разы. Пазнейшае зніжэнне колькасці студэнтаў было выклікана зусім не зменай палітыкі, а толькі ўваходжаннем краіны ў чарговую дэмаграфічную яму. Тых, хто здольны быў вучыцца ў ВНУ, у Беларусі папросту не засталося.

У выніку з пачатку XXI стагоддзя ахоп моладзі вышэйшай адукацыяй вырас амаль у два разы. У 2014 годзе, паводле дадзеных ЮНЕСКА, у Беларусі колькасць студэнтаў па суадносінах да колькасці насельніцтва адпаведнага ўзросту склала 91,5%.

Яшчэ на стыку стагоддзяў колькасць выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў была ў 3 разы меншай за колькасць выпускнікоў сярэдніх школ. У выніку ВНУ атрымлівалі магчымасць адбіраць найбольш таленавітых і здольных маладых людзей. Тыя, хто не адпавядаў крытэрам адбору, маглі працягнуць навучанне ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах. І нават там месца хапала далёка не кожнаму.

У 2013 годзе тое, да чаго няўхільна ішла сістэма адукацыі ў апошнія дзесяцігоддзі, нарэшце адбылося. Упершыню ў гісторыі Беларусі колькасць выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі перавысіла колькасць выпускнікоў сярэдніх агульнаадукацыйных школ.

Якасць як ахвяра палітычнай стабільнасці

Для чаго ж спатрэбілася рабіць вышэйшую адукацыю максімальна масавай?

Адна з прычын у кулуарах Міністэрства адукацыі была сфармуляваная досыць выразна: для процідзеяння хвалі каляровых рэвалюцый неабходна ўсталяваць кантроль над максімальна вялікай часткай прагрэсіўнай моладзі, якая традыцыйна складае найбольшую частку пратэстнага электарату.

Задача выконвалася двума шляхамі. З аднаго боку, былі больш жорсткія патрабаванні ліцэнзавання для ВНУ — у выніку колькасць устаноў вышэйшай адукацыі скарацілася на 5 адзінак. А з другога — ВНУ, якія прайшлі ліцэнзаванне, атрымалі магчымасць павялічыць планавы набор студэнтаў. Для гэтага многія дзяржаўныя ўніверсітэты сталі актыўна прапаноўваць няпрофільныя, але папулярныя сярод абітурыентаў спецыяльнасці, такія, як эканоміка, права, камунікацыі. У выніку на гэтых спецыяльнасцях стала навучацца больш за 40% усіх беларускіх студэнтаў.

Для рэалізацыі пастаўленай задачы вельмі дарэчы аказалася распрацаваная сістэма цэнтралізаванага тэставання. Цэнтралізаванае тэставанне мае на ўвазе выкарыстанне 100-бальнай шкалы. Да пэўнага моманту станоўчай ацэнкай лічыўся нават 1 бал, атрымаць які можна было выпадкова. Акрамя таго, да ўступных іспытаў дапускалі абітурыентаў, якія маюць у атэстаце адзнакі ніжэй за 3 балы. У выніку створаная на гэтым этапе сістэма прыёму дапускала, што паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову зможа практычны кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які мае сярэднюю адукацыю, незалежна ад наяўнасці ў яго пэўнага багажу ведаў.

Абітурыенту давалася магчымасць прайсці цэнтралізаванае тэставанне толькі па трох выбраных прадметах. Такім чынам, выключалася магчымасць падачы дакументаў на спецыяльнасці, якія прадугледжваюць розныя дысцыпліны цэнтралізаванага тэставання. Напрыклад, абітурыенты, якія плануюць паступаць на правазнаўства і якія здавалі тэст па грамадазнаўству, гублялі магчымасць падаць дакументы на іншыя спецыяльнасці. Такая сітуацыя вымушала многіх абітурыентаў выбіраць для паступлення найбольш распаўсюджаныя спецыяльнасці, што давала магчымасць у выпадку непраходжання па конкурсе ў адной ВНУ падаваць дакументы на паступленне на гэту спецыяльнасць у іншую ВНУ з меншым конкурсам. Такім чынам у чарговы раз падсцёбваўся попыт на папулярныя эканамічныя спецыяльнасці, нягледзячы на прагназуемыя складанасці з наступным працаўладкаваннем.

Неадкладная палітычная задача, пастаўленая перад сістэмай вышэйшай адукацыі ў перыяд каляровых рэвалюцый, была паспяхова вырашана. Аднак праз гады наступствы прынятых мер негатыўна адбіліся на беларускім рынку працы.


Наступствы для рынку працы

Недальнабачная палітыка ў сферы вышэйшай адукацыі балюча ўдарыла па самой жа сістэме адукацыі. Авалоданне педагагічным майстэрствам, каб «сеяць разумнае, добрае, вечнае», уяўляецца сумнеўнай перспектывай для цяперашняга пакалення абітурыентаў. Таму найменшай папулярнасцю сярод абітурыентаў у апошні гады сталі карыстацца менавіта педагагічныя спецыяльнасці.

У выніку педагагічныя кадры шмат гадоў набіраліся паводле рэшткавага прынцыпу. Сёння гэта выклікае вялікую трывогу за цяперашняе пакаленне школьнікаў, што вымушана наведваць заняткі ў настаўнікаў, якія ў свой час і самі не здолелі належным чынам засвоіць школьную праграму па адпаведных прадметах. Пры гэтым важна адзначыць, што навучанне такіх «гора-настаўнікаў» ажыццяўлялася за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту.

У маладых педагагічных работнікаў недастатковая кваліфікацыя, аднак у іх няма вялікіх праблем з працаўладкаваннем. Значна горшая сітуацыя ў выпускнікоў, напрыклад, эканамічных спецыяльнасцяў. Такая колькасць эканамістаў нашай краіне папросту не трэба. Як следства — многіх выпускнікоў у выніку чакала расчараванне, звязанае з немагчымасцю знайсці працу па атрыманым профілі.

У выніку імкненне сабраць ва ўніверсітэце як мага больш моладзі аказалася мінай запаволенага дзеяння. Гэта моладзь выйшла са сцен універсітэта і патрабуе для сябе месца працы паводле атрыманай квалiфiкацыi, чаго ўлады забяспечыць сёння не могуць. Адсюль мы бачым прыкметы масавай незадаволенасці, якія выяўляюцца ў маршах раззлаваных беларусаў па ўсёй краіне.

Тыя змены ў сістэме вышэйшай адукацыі, якія адбываюцца сёння, можна назваць працай над памылкамі. Спачатку былі павялічаныя мінімальныя балы, неабходныя для паспяховага праходжання цэнтралізаванага тэставання. Затым ВНУ сталі актыўна скарачаць планавы набор, ахвяруючы ў першую чаргу няпрофільнымі спецыяльнасцямі. Дарэчнай аказалася нават ідэя далучэння да Балонскага працэсу. У прыватнасці, гэта дало магчымасць актыўна развіваць двухпрыступкавую сістэму адукацыі. У выніку ва ўмовах неспрыяльнай дэмаграфічнай сітуацыі, падтрыманне кантынгенту навучэнцаў ажыццяўляецца пераважна за кошт магістрантаў, колькасць якіх за апошнія пяць гадоў павялічылася ў два разы.

Актыўная прапаганда навучання ў магістратуры нясе станоўчы эфект і для рынку працы. Дадатковыя два гады вучобы дазваляюць учорашнім студэнтам менш хваравіта рэагаваць на недахоп працоўных месцаў.

Аднак трэба прызнаць, што змены, якія праводзяцца, дазваляюць крыху палепшыць сітуацыю, але не вырашаюць самой праблемы. Корань жа праблемы палягае ў тым, што вышэйшая школа ўсе гэтыя гады выконвала не столькі адукацыйную, колькі выхаваўчую функцыю. Змены да лепшага магчымыя толькі тады, калі кваліфікаваная праца, заснаваная на якасных ведах і ўменнях, атрыманых ва ўніверсітэце, будзе знахо­дзіць адэкватнае матэрыяльнае ўзнагароджанне. Пакуль такія перспектывы не праглядаюцца. А значыць, чарговая рэформа можа стаць толькі чарговай спробай імітацыі бурнай дзейнасці.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!