«Вывозяць як пацукоў». Прадзяржаўны прафсаюз рыхтуе таемную акцыю на 1 мая

У рэдакцыю «Белсату» напісалі чытачы, якія кажуць, што Федэрацыя прафсаюзаў рыхтуе нешта цікавае на Дзень працы. Актывістаў арганізацыі збіраюцца везці ў невядомае месца. Калі адмовішся — звольняць.  

«Я шмат гадоў з’яўляюся старшынёй прафсаюзнай арганізацыі. Мне ніколі не было так сорамна, як зараз, — эмацыйна пачынае свой расповед наш чытач. — 1 траўня нас збіраюцца везці на аўтобусах у невядомым кірунку і ў невядомае месца. Усё пад грыфам «сакрэтна». Інфармацыю не даюць анікому, нават галінавым прафсаюзам. Куды нас павязуць і для чаго — не гавораць. Будуць вывозіць у аўтобусах як пацукоў, каб аніхто не ведаў».

1 мая — Дзень працы — сапраўды вельмі важнае свята для беларускіх прафсаюзаў. Але як кажа крыніца belsat.eu, раней свята адзначалася ў зусім іншым фармаце. У Мінску, напрыклад, ладзілі канцэрт. Галоўнае — усе ведалі, што мусіць адбывацца ды і запрашалі адкрыта.

«Гэтым разам анікому анічога не гавораць. Хіба баяцца… Страшна, што хтосьці даведаецца. Нават людзі на вялікіх пасадах не ведаю, куды і навошта яны едуць», — мяркуе крыніца.

Чытач зазначае, што падрыхтоўка праходзіць хоць і ў сакрэтнасці, але з «помпаю». Кожны галінавы прафсаюз рыхтуе свае спісы. Таксама на патаемнае мерапрыемства прывязуць штатных супрацоўнікаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, дзяржаўных абʼяднанняў і гарадскіх камітэтаў. Таксама будуць старшыні прадстаўнікоў прафкамаў прадпрыемстваў і арганізацыяў. На кожны прафсаюз будзе вылучаны цэлы аўтобус.

«Лепей бы гэтыя грошы аддалі людзям», — абураецца чытач.

Напачатку было сказана, што аніякіх вялікіх святаў да 1 мая не плануецца. Перадусім праз пандэмію.

«Але выглядае на тое, што дзеля сваіх супрацоўнікаў і чальцоў прафкамаў прыкрай карцінкі не шкада. Усе людзі жа запланавалі свае выходныя ў коле блізкіх перад Вялікаднем! Некаторыя планавалі паехаць да сваякоў за 300 кіламетраў! Але няма ў ФПБ анічога святога!».

Крыніца мяркуе, што Федэрацыя прафсаюзаў будзе праводзіць нейкую акцыю з транспарантамі і крычалкамі. Накіраваная яна на санкцыі ЗША супраць нафтавых кампаніяў. «Можа нават відэа здымуць», — кажа крыніца. Паводле суразмоўцы, арганізацыя плануе праз свае каналы атрымаць афіцыйны адказ ад кіраўніцтва Еўрапарламенту і іншых арганізацыяў, куды ФПБ накіроўваў ліст наконт санкцыяў.

Адмовіцца ад удзелу ў «свяце» нельга.

«Скажы «не» і ты адразу становішся для іх «бчб». Трэба прыйсці ўсім, нават тым, хто ў адпачынку», — іранізуе чытач.

Мы накіравалі афіцыйны запыт у прэс-служба Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі з просьбаю патлумачыць сітуацыю. Як толькі мы атрымаем адказ, то абавязкова яго апублікуем.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: