Yёsць! Крысціна Галько: «Ты бойся, бойся, але рабі!»

Споведзь 23-гадовай Крысціны Галько з Лагойска, якая апошнія пяць гадоў з’яўляецца валанцёрам і стала наведвае Беларускі дзіцячы хоспіс і Цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах.



«Калі ўбачыла, колькі ў нас у раёне інвалідаў, толькі і змагла вымавіць: «Штооо?!»



Я часта разважаю, чаму вырашыла стаць валанцёрам і дапамагаць людзям з абмежаванымі магчымасцямі і анкахворым. Мабыць, таму, што найлепшая сяброўка маёй маці — інвалід-вазочнік. Я бачыла яе з самага дзяцінства, і гэта не было для мяне нечым незвычайным. Але ў нашым грамадстве, на жаль, на людзей з абмежаванымі магчымасцямі глядзяць насцярожана. Людзі натуральна губляюцца, сутыкаючыся з імі. Чаму? Як на мяне, яны проста не ведаюць, што з імі рабіць, як размаўляць, каб не пакрыўдзіць. Лагойск, дзе я жыву і працую загадчыцай аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ў Тэрытарыяльным цэнтры абслугоўвання насельніцтва Лагойскага раёна, — невялічкі горад. Нават я была ў шоку, калі ўбачыла, колькі ў нас у раёне інвалідаў, толькі і змагла вымавіць: «Штооо?!» Бо мы ў паўсядзённым жыцці вельмі рэдка сустракаемся з інвалідамі. Гэта людзі-невідзімкі. Яны сядзяць дома, нікуды не выходзячы. Бо спачатку бацькі, баючыся неадэкватнага стаўлення да сваіх асаблівых дзяцей, асабліва ў невялічкіх гарадах і вёсках, трымаюць іх там, а потым і яны самі ўжо не ўяўляюць жыцця без гэтых чатырох сцен…

 


 

«Яны пазнаюць сусвет праз іншых людзей»


Тыповы партрэт беларускага падлетка з абмежаванымі магчымасцямі. Ён знаходзіцца дома пад гіперапекай 24 гадзіны ў суткі. У найлепшым выпадку яго раз-пораз выводзяць на двор ці ў іншае месца. Гэта дзіця, якому жыццёва неабходныя кантакты і стасункі з іншымі не з сямейнага асяроддзя, якое ён і так бачыць кожны дзень. Бо людзі з абмежаванымі магчымасцямі пазнаюць сусвет праз іншых людзей.

 

«Было простае ўспрыманне, што так і мусіць быць»


У маёй альма матэр — юрыдычным факультэце БДУ — існуе валанцёрская арганізацыя, дзякуючы якой я разам з аднакурснікамі пачала наведваць дзіцячы дом. А потым неяк дзяўчынка, з якой мы разам стала туды ездзілі, прапанавала мне крыху паваланцёрыць і ў Беларускім дзіцячым хоспісе. Тады я нічога пра яго не ведала. У галаве не было ніякіх думак ці эмоцый — было проста ўспрыманне, што так і мусіць быць. На месцы нам распавялі, чым і як мы можам дапамагчы. А ўжо наступным разам я дапамагала прыбіраць гульнявы пакой у хоспісе.

 

 

«Ёсць людзі, якія б аддалі усё, каб хаця б дзень пражыць тваім жыццём»


Жаль — часам вельмі шкоднае пачуццё для годных спраў. Так, гэта натуральная з’ява, бо мы ж не робаты. Але жаль — гэта не тое пачуццё, на якім трэба зацыклівацца. Ты бойся, бойся, але рабі. Бо некаторыя людзі хаваюцца за сваім жалем як за шчытом, асабліва калі ім насамрэч не хочацца нечага рабіць, але хочацца прыстойна выглядаць у вачах іншых: «Ой, я не магу паехаць да цяжкахворых дзяцей у хоспіс ці анкацэнтр, бо калі я іх бачу, так потым хвалююся, плачу… Мне іх так шкада! Бачыце, я не крывадушны чалавек…» Маўляў, я ім спачуваю, спачуваю, але на адлегласці. У мяне ёсць процьма знаёмых, якія мне кажуць: «Ты такая малайчына! Мы ганарымся табою!» І ўсё на гэтым. Дапамагаць мне ў валанцёрстве яны не будуць, бо «ім моцна шкада гэтых дзетак».

 

Калі пачынаеш дапамагаць іншым, у цябе раскрываюцца вочы і пашыраецца светапогляд, бо дагэтуль ты жыў толькі ў сваім сусвеце і заўважаў толькі свае праблемы і клопаты. А потым выходзіш са сваёй зоны камфорту ў іншы сусвет, дзе бачыш, што ёсць праблемы глабальнейшыя і складанейшыя за твае. У гэтым сусвеце ёсць людзі, якія б аддалі ўсё, каб хаця б дзень пражыць тваім жыццём. Пражыць дзень без болю, пакутаў, слёз і таблетак. І ты пачынаеш цверазець і па-іншаму ўспрымаць сваё жыццё. Зразумела, ёсць моманты, калі апускаюцца рукі, узнікае незадаволенасць сабою, бо ты нешта не паспеў зрабіць за гэты дзень, тыдзень, а столькім людзям патрэбная твая дапамога! Але пачынаеш разумець, што ты сам абраў гэты шлях, гэта твой крыж па жыцці. І вось гэтае пачуццё, як узнікла пяць гадоў таму, калі я пачала валанцёрыць, так са мною і застаецца.

 


 

«Маці дагэтуль плача»


У маіх родных досыць неадназначнае стаўленне да таго, чым я займаюся. Для маці гэта наогул балючая тэма. Праз гэта яна часам моцна хвалюецца і плача, бо, як і любая маці, усе трагічныя гісторыі з іншымі дзеткамі аўтаматычна атаясамлівае са сваімі. Таму я вельмі не люблю размаўляць з маці наконт свайго валанцёрства, бо бачу, што яна занадта блізка ўсё прымае да сэрца. І праз столькі гадоў яна дагэтуль плача.

 

«Не магу ўявіць сябе атэісткай»


Я пратэстантка. Проста не магу ўявіць сябе атэісткай. Для мяне існаванне Бога ў гэтым сусвеце — такая ж натуральная з’ява, як кожны дзень бачыць сонца ў небе. Большасць з нас падыходзіць да гэтага пытання зыходзячы са сваіх асабістых меркаванняў, але нашай чалавечай сутнасці ніколі не будзе дастаткова, каб зразумець усю Яго веліч, моц і матывы. Мой духоўны кумір — Маці Тэрэза. Жанчына, якая не пабаялася аднойчы выйсці са сваёй зоны камфорту, пакінуць сям’ю, краіну і пераехаць у далёкую Індыю, каб жыць разам і дапамагаць пракажоным, бедным, якіх усе выракліся. Каб так жыць, трэба быць вельмі мужнай. Як часта любіла паўтараць Маці Тэрэза, людзям вельмі не хапае любові. І гэта самая складаная праблема сучаснасці. Не назапашвай, а аддавай у сусвет усю сваю дабрыню, пяшчоту і любоў, пакуль жывеш і існуеш.

 

 

Пра цырульнікаў і Бога


Атэісты часта любяць прыводзіць свой, на іх думку, важкі аргумент, чаму Бога не існуе, бо калі Ён існуе і такі міласэрны, чаму ж столькі пакут у свеце, чаму цяжка хварэюць бязвінныя дзеці? Але гэта довады кшталту «вось ідзе па вуліцы патлаты хлопец, калі б цырульнікі існавалі, ён бы такім не хадзіў». Сапраўды, у свеце шмат пакут, я і сама часта задаю сябе пытанне, калі бачу цяжкахворае дзіця: «За што? Чаму менавіта ён цяпер ляжыць тут?» Але разумею, што так наканавана яму лёсам і Богам. Гэта Яго задума, якую нам, простым смяротным, цяжка асэнсаваць і прыняць. Але менавіта праз пакуты і выпрабаванні людзі духоўна ачышчаюцца, змяняецца іх сістэма каштоўнасцей.

 

«Ты разумееш, што займаешся мазахізмам?»


Самае складанае для мяне як для валанцёра — наведваць дзіцячы анкацэнтр. Адзін з самых яскравых успамінаў дзяцінства — гэта калі мы наведвалі хлопчыка, у якога быў рак крыві. Ён быў у асобным боксе, і на яго было так цяжка і балюча глядзець. А потым яго не стала… Мяне даўно цягнула ў анкацэнтр. Было цяжка, але я прагнула гэтага ўсім сваім сэрцам. Многія знаёмыя казалі мне: «Ты разумееш, што займаешся мазахізмам? Ты ж кожны раз вяртаешся ў слязах!» Але я не магла не паехаць. І кожны раз быў праз боль і душэўныя пакуты. У хоспісе ты бачыш невылечна хворае дзіця, якое ні на што не рэагуе, у яго часта не захаваўся інтэлект, ты разумееш, што ўсе — тут нічога не зробіш. І для блізкіх гэта самае складанае: прыйсці да думкі, што надзеі няма. У анкацэнтры ўзнікае гэтае цяжкае пачуццё нявызначанасці, калі не ведаеш, дапаможа лячэнне ці не. Ці не пойдуць потым метастазы? Таму жывеш у пастаянным стрэсе. У анкацэнтры я працую з маленькімі дзеткамі. Яны не задаюць пытанняў, якія б ты не хацела пачуць. Мабыць, таму я і абрала гэтую ўзроставую катэгорыю. У дзіцячым лагеры, які традыцыйна ладзіць Беларускі дзіцячы хоспіс для сваіх апекаванцаў, мне не аднойчы задавалі такое нязручнае і балючае пытанне: «А чаму менавіта я? За што мне гэта?» Першы раз я моўчкі выйшла і пайшла галасіць, бо не ведала адказу. Колькі б гадоў ты ні наведваў анкацэнтр ці хоспіс, ты не будзеш ведаць адказу на яго.



 

«Самае складанае — калі ў цябе нехта з падапечных закахаўся, а яму наўпрост не скажаш «не»


З аднагодкамі цяжэй. Дзіця па-іншаму ўспрымае боль, хваробу, ён яшчэ не зведаў кайф жыцця, і катэгорыя «смерць» у яго свядомасці яшчэ амаль не існуе. Так, цяжкахворыя дзеткі раней сталеюць, але яны ўсё роўна застаюцца дзецьмі. З аднагодкамі не ведаеш, як размаўляць. Вось ты зараз яму наабяцаеш, што ўсё будзе добра, а потым ідзеш дадому, вяртаешся да свайго жыцця, а ён застаецца сам-насам і толькі сумна праз акно глядзіць табе ўслед…

 

А самае складанае, калі ў цябе нехта з падапечных закахаўся, а яму наўпрост не скажаш «не». Бо ў звычайных выпадках ты можаш адмовіць хлопцу: «Ты добры, але мы не падыходзім адно аднаму». Тут, якую б ты прычыну ні агучыла, нават тое, што ў цябе ўжо ёсць каханы, для яго тваё «не» будзе азначаць, што ты адмаўляеш яму, бо ён хворы. А для цяжкахворых людзей каханне — гэта апошняя надзея, апошняе чаплянне за жыццё…

 

«Я аддаю сябе дзецям. Дык чым гэта не асабістае жыццё?»


Часам ад знаёмых чую: «Навошта табе гэта патрэбна? Больш няма чым заняцца? Так часу на асабістае жыццё не хопіць». Мне гэта смешна чуць, бо чым валанцёрства не асабістае жыццё? Калі ты з кімсьці сустракаешся, то аддаеш свой час, сябе самога без астатку іншаму чалавеку. А я аддаю сябе дзецям. Гэта мой уласны выбар і вельмі значная частка мяне самой, без гэтага я не змагу быць шчаслівай.

 


 

«Ад унутранага выгарання ратуюць… народныя спевы»


Прыкладна раз на год у мяне адбываецца ўнутранае выгаранне. Тады я звычайна тэлефаную маці і плачу: «Мама, я не разумею, за што такое выпрабаванне выпала на долю гэтых бедных дзетак? Я не ведаю, што рабіць і больш не хачу гэтым займацца!» І калі раней маці спрабавала мяне супакоіць, то цяпер яна толькі моўчкі мяне слухае і кажа: «Усё, скончыла? А цяпер ідзі працуй!» Бо яна разумее, што гэта часовая з’ява ад стомленасці і хутка ўсё пройдзе: мне проста трэба выплакацца. А з нядаўняга часу мяне «падсілкоўваюць» народныя спевы — са снежня мінулага года я пачала спяваць у народным калектыве «Шчодрыца».

 

Мне вельмі падабаюцца менавіта народныя спевы, бо гэта музычная душа народа, а не эстрадныя спевы, якія штучныя па сваёй сутнасці. Лёс у нашага народа быў няпросты, таму і столькі сумных песень. Я спачатку думала, што у беларусаў няма вясёлых спеваў. Але ў «Шчодрыцы» зразумела, наколькі я памылялася. Нашы продкі, нягледзячы ні на што, умелі весела жыць і працаваць. Тое ж жыта жаць ці Купалле святкаваць не пойдзеш з сумнай песняй. І я з вялікай цікавасцю адкрываю для сябе душу беларускага народа праз спевы.

 

«Раней час на валанцёрства было знайсці прасцей»


Раней, калі я была студэнткай, час на валанцёрства было знайсці прасцей, было больш вольных дзён, калі я магла «забіць» на некаторыя прадметы і прысвяціць сябе дапамозе іншым. А ад працы ўжо «не адкосіш». Ёсць некалькі падзей, якія для мяне — святое. Гэта свята, якое ладзіць дабрачынны «Клуб 5000» у дзіцячым анкацэнтры, «Шчаслівы дзень», і два тыдні ў дзіцячым лагеры ад Беларускага дзіцячага хоспіса. Тады я бяру частку свайго адпачынку ці некалькі дзён за свой кошт і еду дапамагаць. Акрамя гэтага ёсць надзённыя пытанні, звязаныя з тым кавалкам працы, за які я адказваю ў «Клубе 5000»: некаторыя каардынацыйныя пытанні, інфармацыйныя пасты ў сацсетках, праца з дзеткамі ў анкацэнтры і г. д.

 

Парады ад Крысціны для тых, хто хоча стаць валанцёрам


Спачатку дакладна для сябе вызначыце, каму і як вы хочаце і зможаце дапамагаць: жывёлам, прыродзе, людзям і г.д.

 

Калі такое жаданне ў вас аднойчы ўзнікла, не адцягвайце з яго выкананнем, бо досыць часта светлае памкненне так і не рэалізуецца на практыцы, бо людзі разважаюць так: «Я б дапамог, але ў мяне няма часу, бо праца, сям’я, вучоба…» Ідзіце і рабіце. Тым больш што з развіццём валанцёрскага руху ў Беларусі зрабіць гэта стала значна прасцей. Напрыклад, цяпер у Беларускім дзіцячым хоспісе распрацоўваецца спецыяльная праграма для новых валанцёраў, падчас якой ім распавядаюць, як правільна дапамагаць, з якімі праблемамі, у тым ліку ў псіхалагічным плане, яны могуць сутыкнуцца і г. д. Я, па шчырасці, крыху зайздрошчу пачаткоўцам, бо калі я пачынала, такога не было і ўвесь гэты шлях я праходзіла самастойна.

 

Ліна Мілаш, budzma.by

 

Фота з уласнага архіва Крысціны Галько

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: