З 20 лютага «дармаедам» забароняць выезд за мяжу

Для тых, каго дзяржава палічыла «дармаедамі», надыходзіць час плаціць падатак: апошні тэрмін выплаты — 20 лютага 2017 года.


Дарэчы, для бесперашкоднага выезду з краіны ў грамадзяніна не павінна быць неаплачаных штрафаў за адміністрацыйныя і іншыя правапарушэнні. Неўзабаве базу невыязных папоўняць дармаеды, то бок людзі, якія не сплоцяць адпаведны падатак перад дзяржавай.

Але гэта будзе ўжо крайняя мера, бо спачатку суд можа даць штраф на суму ад 2 да 4 базавых, а можа прыцягнуць да арышту на тэрмін да 15 сутак. Аплата штрафу або арышт, аднак, ад выплаты падатку не вызваляе. Калі арыштуюць, то адправяць на прымусовыя работы: месці вуліцы, прыбіраць смецце або збіраць камяні на палях.

Як заяўлялі ўлады, дэкрэт № 3 патрэбен, каб «стымуляваць працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці», а таксама каб «забяспечыць іх удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў».

Каб вас прызналі дармаедам, трэба быць працаздольным грамадзянінам, які пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і не мець пры гэтым афіцыйнага працаўладкавання ў каляндарным годзе на працягу як мінімум 183 дзён. У такім выпадку грамадзянін павінен заплаціць падатак у памеры 20 базавых велічынь.

Напрыклад, у Гродне ўжо сабралі паўтары тысячы подпісаў супраць Дэкрэта №3. Гэта толькі першая партыя, якую адправілі па пошце ва ўрад, Адміністрацыю прэзідэнта і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Але збор подпісаў працягваецца. Нагадаем, што Гарадзенскі гарвыканкам не дазволіў гродзенцаў правесці дэманстрацыю за адмену дэкрэта №3.

Паводле udf.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: