З Беларусі высылаюць баранавіцкага актывіста. Сям'я лічыць, што гэта звязана з пратэстамі на авіязаводзе

Вярнуцца Алег Малашчанка ў Беларусь зможа толькі праз тры гады. Сям'я перажывае, што Алег можа больш не ўбачыць сваю маці.
Алег і Таццяна Малашчанка. Фота: асабісты архіў

Алег і Таццяна Малашчанка. Фота: асабісты архіў




Жыхара Баранавічаў, ваеннага пенсіянера Алега Малашчанку 25 лістапада запрасілі ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага ГАУС для абмеркавання рашэння аб яго высылцы з краіны, распавяла Intex-press яго жонка Таццяна. Увечары ў сябе на старонцы ў Фэйсбуку Алег Малашчанка пакінуў паведамленне: "Высылка з краіны, без права ўезду на тры гады, пакінуць краіну да 25.12.2020".

Апавяшчэнне аб разглядзе справы аб высылцы з краіны, якое прыйшло Алегу Малашчанку. Фота: Таццяна Малашчанка

Апавяшчэнне аб разглядзе справы аб высылцы з краіны, якое прыйшло Алегу Малашчанку. Фота: Таццяна Малашчанка




На абскарджанне рашэння аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага ГАУС у сям'і Малашчанкі ёсць тры дні, сказала Intex-press Таццяна.

Алег Малашчанка — ураджэнец Баранавічаў. З сям'ёй ён жыве тут з 2004 года. У яго двое непаўналетніх дзяцей, жонка і 85-гадовая маці. Мужчына — былы афіцэр, заканчваў ваенную службу ў Расіі, таму аўтаматычна атрымаў расійскае грамадзянства. Пасля службы пераехаў на радзіму, некалькі гадоў быў уладальнікам крамы "Вадзянік", а пазней уладкаваўся працаваць на авіязавод.

Сям'я Малашчанкаў актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці горада. Яны дамагліся адкрыцця ў горадзе беларускамоўных класаў, удзельнічалі ў нацыянальных праектах і папулярызацыі беларускай культуры, неаднаразова былі назіральнікамі на выбарах.

На думку жонкі Алега, Таццяны Малашчанка, мужа хочуць выслаць з краіны з-за таго, што ўлады лічаць мужчыну адным з завадатараў пратэстаў у ААТ «558 авіяцыйны рамонтны завод», якія прайшлі пасля прэзідэнцкіх выбараў.

— Мы, вядома, спадзяваліся на лепшае, але ілюзій пра тое, што мужа пакінуць у Беларусі, я не мела. Мяне здзівіла, што Алега высылаюць з краіны ў добраахвотным парадку, а не прымусова. Так што нам не прыйдзецца збіраць рэчы прыхапкам, — распавяла Таццяна Малашчанка.
Па словах Таццяны, у аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага ГАУС Алегу не выдалі копію дакумента, у якім указана дакладная прычына дэпартацыі, і таксама не далі яго сфатаграфаваць. Малашчанка пры азнаямленні з дакументам паспеў прачытаць, што адной з прычын дэпартацыі быў удзел у акцыях пратэсту.

Сям'ю Малашчанка зараз вельмі турбуе тое, што з-за высылкі на тры гады з краіны Алег можа больш не ўбачыць сваю састарэлую маці.

— Жанчыне 85 гадоў, а высылка на тры гады без права на ўезд — гэта які-ніякі тэрмін для пенсіянера, -—перажывае Таццяна.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: