З дарэвалюцыйным домам слуцкія ўлады разабраліся. На чарзе — актывісты?

Прыгожага дарэвалюцыйнага дамка ў цэнтры Слуцка больш няма. Ён быў разбураны 22 кастрычніка яшчэ да абеда. Разбурэнне адбывалася настолькі хутка, што грамадскія актывісты і неабыякавыя случчане да гэтага часу знаходзяцца ў шоку.

На ліквідацыю невялікага двухпавярховага будынка былі кінуты найлепшыя разбуральныя сілы горада.
Яшчэ да 70-х гадоў савецкіх часоў тут стаяў цэлы квартал будынкаў канца 19 — пачатку 20 стагоддзяў, якія сведчылі пра тое, што Слуцк існаваў задоўга да савецкай улады.


Камуністы думалі інакш, ім хацелася, каб горад меў толькі савецкае аблічча.

І яны дабіліся гэтага. Што не зламалі ў савецкі час — даламываюць зараз. Засталося разбурыць яшчэ каля дзясятка будынкаў, каб Слуцк канчаткова ператварыўся ў горад-манкурт, які не ведае, не цэніць і не помніць сваёй гісторыі.


І гэта не асабістае меркаванне журналіста. Такія думкі выказалі людзі, якія купкамі сабраліся каля шматпавярхоўкі па адрасу вул. Леніна, д.138а і з сумам назіралі разбуральны працэс.

— Баліць душа, — гаворыць мужчына, які за 42 гады з свайго балкона прывык штодзённа бачыць своесаблівы кірпічны дамок. — Улады марнуюць столькі грошай на абы-што, чаму б ім было не паклапаціцца пра захаванне памяці пра іншыя стагоддзі? Што фашысты не разбурылі ў вайну, тое даруйнуюць свае ўлады.

— Вось гэтыя клубы пылу над разбураным дамком і ёсць сімвал «Года малой Радзімы», — коратка даў ацэнку падзеі іншы мужчына, які пабаяўся назваць сваё імя па вельмі важнай прычыне: «Са мной зробяць тое ж самае, што і з гэтым домам, бо яны нікога не баяцца: ні людской думкі, ні гістарычнай ацэнкі іхніх гвалтоўных дзеянняў».


— Не баяцца, бо пракуратура і міліцыя будуць на іхным баку, а з тымі актывістамі, якія тут фоткаюць, яшчэ разбяруцца, — выказаў думку яшчэ адзін мужчына.


Тамара Зубко жыве непадалёку, у доме №136 па вуліцы Леніна.

— Калі напрыканцы тыдня двухпавярховік абнеслі чырвонымі стужкамі, я нават узрадавалася, — распавяла жанчына. — Думала, што знайшоўся нейкі добры чалавек, які адрамантуе будынак і ён яшчэ паслужыць на карысць людзям. Сёння ж як убачыла, што пачалі яго зносіць, не змагла ўтрымаць слёз. Вось стаю і плачу. Чаму не было аніякай інфармацыі пра праблемы будынка? Чаму не аб’яўлены які-небудзь аукцыён? Чаму не падараваць яго актыўным людзям, тым жа прадпрымальнікам? Навошта патрэбна была такая хуткасць з гэтым разбурэннем? Ды многія сучасныя дамы, калі паглядзець, у якіх яны трэшчанах, маюць большыя праблемы.


Гэткая хуткасць незразумелая і чытачам мясцовай газеты «Інфа-кур’ер», якія пакінулі свае каментары пад артыкуламі аб зносе будынка на сайце выдання.

Наўрад ці гэтыя выказванні будуць да спадобы слуцкім уладам.



Не разумеюць гэткай імгненнай хуткасці, адсутнасці інфармацыі і некаторыя прадпрымальнікі, якія маюць грошы і гатовыя ахвяраваць на гісторыка-культурныя праекты.

Да таго ж зараз лічыцца нават модным збіраць грошы на захаванне гістарычнай памяці наўпрост сярод беларусаў, існуюць і розныя сумесныя культурніцкія праекты з еўрапейскімі краінамі. Да прыкладу, «Дом сумеснага пражывання» для адзінокіх людзей у вёсцы Грозаў Капыльскага раёна месціцца ў доме, які ўжо даўно лічыцца старым. Чамусьці капыльскія ўлады не разбурылі яго, а знайшлі грошы, каб захаваць.

Вось такі сумны канец нядоўгага змагання, нягледзячы на безліч розных скаргаў, прашэнняў, заяваў і просьб нешматлікіх актывістаў аб прыпыненні разбурэння да атрымання адказаў з розных інстанцый: пракуратуры, райвыканкама, Міністэрства культуры, Адміністрацыі кіраўніка краіны, аблвыканкама і многіх іншых.

У той час, як бульдозер ужо руйнаваў будынак, грамадскі актывіст Віталь Амяльковіч вёў размову па гэтай праблеме з дэпутаткай Парламента Валянцінай Ражанец. Пра будучы знос будынка яна ведала яшчэ 18 кастрычніка — пры запісу грамадзян на прыём заўсёды агучваецца тэма.

Па інфармацыі Віталя, яна дала зразумець, што «райвыканкам не абмяркоўваў з ёю знішчэнне дома».
Сама ж дэпутат ініцыятыву па выратаванню будынка не праявіла і таксама ўвойдзе ў спіс людзей, датычных да гэтага акту вандалізма.

А першымі ў гэтым спісе будуць стаяць старшыня райвыканкама Андрэй Янчэўскі і яго намеснік па ідэалогіі Ларыса Дабравольская.

І на заканчэнне: па інфармацыі Ігара Случака, які разам з слуцкімі грамадскімі актывістамі «несанкцыянавана» наведаў райвыканкам у пятніцу, 19 кастрычніка, прыкладна пяцёра грамадскіх актывістаў будуць даваць тлумачэнні згодна з адміністратыўнымі пратаколамі. Сам Случак ужо вымушаны быў даць такія тлумачэнні, калі выпадкова ў якасці сведкі патрапіў у Слуцкі РАУС (Аліна Нагорная выклікала міліцыянтаў, каб яны спынілі гвалт над домам).

Пасля разбурэння дома ўлады пачнуць разбірацца з актывістамі? З прычыны таго, што яны спрабавалі атрымаць інфармацыю ў галоўнага начальніка горада? У непрыёмны дзень! Гэта ж такое злачынства!





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Тутэйшы.
  • 2018-10-23 11:23:56
Намеснік па ідэялогіі...Са старшынёй зразумела.Звычайны назначэнец.А якая ідэялогія улады?Я не толькі пра будынак.Што гэта ідэялогія дае?Права ўсіх грамадзян стаяць па стойцы смірна і маўчаць?І якія адміністрацыйныя пратаколы могуць быць на грамадзян,нават калі яны прыйшлі у непрыёмны дзень?Што яны парушылі?Людзі жадалі захаваць хоць нейкі кавалачак гісторыі горада.А уладам да гісторыі горада німа справы.Як быццам яны не са Слуцка,а з іншай дзяржавы.Сумна тое,што чыноўнікі непадкантрольныя нікому,німа ўлады народа.Назначэнцы зверху.А як быццам нейкія "выбары" існуюць.Пакуль не будзе сапраўных выбараў,нічога не зменіцца.А тым,хто не захоўвае гістарычную памяць горада-ганьба.

Каментаваць