З Дзедам Марозам і Снягуркай: у Брэсце чарговая акцыя супраць акумулятарнага завода

У Брэсце на плошчы Леніна 6 студзеня зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю, пачынаючы з 25 лютага 2018 года.
У 12:20 на плошчы знаходзілася каля 170 чалавек, да якіх сёння прыехалі Дзед Мароз са Снягуркай. У ролі Дзеда Мароза выступаў актывіст Віталь Казак. Ён быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ ў мінулую нядзелю, 30 снежня, калі планаваў правесці на плошчы Леніна навагодняе свята, нагадвае БелаПАН.

Дзед Мароз і Снягурка раздавалі дзецям цукеркі, а дзеці чыталі ім вершы. Навагоднія персанажы таксама фатаграфаваліся з прысутнымі. Сустрэча Дзеда Мароза і Снягуркі з супернікамі будаўніцтва завода завяршылася без інцыдэнтаў.

Людзі, якія сабраліся заяўлялі пра намер працягваць кампанію да таго часу, пакуль завод не закрыюць. Яны таксама адзначылі, што праз год пасля пачатку кампаніі супраць будаўніцтва завода «чыноўнікі як тады хлусілі, так і працягваюць хлусіць цяпер».

5 студзеня 2018 года каля будпляцоўкі акумулятарнага завода пад Брэстам ўпершыню сабраліся некалькі дзясяткаў жыхароў абласнога цэнтра і раёна, каб атрымаць адказы на хвалюючыя іх пытанні, якія тычацца з'яўлення дадзенай вытворчасці. Больш за ўсё людзей абурыла тое, што грамадскія абмеркаванні справаздачы аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе завода правялі фармальна, адзначае «Брестская газета».

Учора, 5 студзеня — роўна праз год пасля першай пратэстнай акцыі — побач з акумулятарным заводам «АйПауэр» у СЭЗ «Брэст» сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Яны ўспаміналі пра падзеі, якія адбыліся за час барацьбы з прадпрыемствам, і абмяркоўвалі магчымыя далейшыя дзеянні.

naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!