Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

З’езд «Бацькаўшчыны» як сустрэча сяброў

Нарэшце, ёсць нейкая карысць ад нашага «бязвізу» на пяць дзён. На з’езд міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» здолелі патрапіць усе жадаючыя. Нават тыя, каму раней проста не давалі візы.

Ужо за гадзіну да пачатку мерапрыемства у холе Міжнароднага адукацыйнага цэнтру было вельмі людна. Бачна было, што сюды прыехалі сябры — з розных куткоў свету, якія доўга не бачыліся. Гаворкі па-беларуску з рознымі акцэнтамі так і цешылі слых.


Канешне, не абышлося без казусаў, якія дае міжнародная сітуацыя. Напрыклад, прадстаўнік нашай дыяспары ў Крыме Віталь Бартохаў з гумарам пытаўся, да якой рэгістрацыйнай шыльды яму падыходзіць — украінскай ці расійскай. Такім незвычайным чынам напачатку з’езду вылезла сакральнае пытанне: «Чый Крым?»

Спадар Бартохаў пытаецца, чый Крым...


Накіравалі яго ўсё ж ва «ўкраінскі сектар».

Па словах кіраўніка ЗБС «Бацькаўшчына» Алены Макоўскай, на з’езд было запрошана больш за дзвесце толькі дэлегатаў. А былі яшчэ і журналісты, госці, прадстаўнікі замежных дыпламатычных місій і ўраду. Прынамсі, рэгістраваліся прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў.

Перад пачаткам з’езду агульнымі намаганнямі гасцям была прапанаваная і даволі цікавая «культурная праграма». У холе раздавалі бясплатна ці прадавалі шмат прадукцыі з беларускім зместам. Калі яна сканцэнтраваная ў адным месцы, падаецца, што не так у нас ужо і мала аўтэнтычных і нацыянальна арыентаваных тавараў. І гэта былі не толькі кнігі — дыскі, цішоткі, сувеніры і гэтак далей. Карацей, усё, да чаго дабралася фантазія патрыятычных вытворцаў.


Не абмінулі сваёй увагай гэтую падзею і VIP-ы. У кулуарах былі заўважаныя Вячаслаў Сіўчык, Станіслаў Шушкевіч, Алег Трусаў, Іна Кулей, Алесь Лагвінец і іншыя палітычныя і грамадскія дзеячы краіны. Не кажучы ўжо пра Насту Палажанку-Дашкевіч, якая сустракала гасцей проста за рэгістрацыйнымі сталамі.

Журналісты, зразумела, гэтым карысталіся, беручы каментары направа і налева.

Як пойдзе далей праца з’езду — пакажа час. Але гэтае мерапрыемства варта было зрабіуць хаця б для таго, каб сабраць разам усіх прадстаўнікоў Беларусі ў замежжы, якія вельмі доўга не бачыліся.



Каментаваць