З'езд БАЖ запатрабаваў неадкладнага вызвалення ўсіх арыштаваных журналістаў

Умовы дзейнасці СМІ і агульная сітуацыя з забеспячэннем свабоды слова ў Беларусі за апошнія месяцы значна пагоршыліся, гаворыцца ў пастанове 11-га з’езда ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», прынятай 16 красавіка.
Фота БАЖ

Фота БАЖ

«Крымінальны і адміністрацыйны пераслед журналістаў, блогераў, супрацоўнікаў медыясферы груба парушае ўсе стандарты свабоды выказванняў, міжнародныя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь у гэтай сферы і перакрэслівае канстытуцыйныя палажэнні, якія тычацца права кожнага на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне інфармацыі, — гаворыцца ў пастанове. — Запланаваныя змены ў заканадаўства, якое тычыцца СМІ, скіраваныя на далейшае абмежаванне свабоды слова, а адсутнасць рэальнага абмеркавання гэтых змен з удзелам прадстаўнікоў журналісцкай, грамадзянскай і бізнес-супольнасці толькі падкрэслівае іх рэпрэсіўную сутнасць».

У дакуменце адзначаецца, што манаполія дзяржавы на большасць электронных і друкаваных СМІ, а таксама сістэму друку і распаўсюджвання фактычна перакрэслівае канстытуцыйныя гарантыі роўнасці правоў прадпрыемстваў розных форм уласнасці і на свабоду выказванняў.

Падкрэсліваецца, што журналісты-фрылансеры па-ранейшаму фактычна застаюцца па-за законам.

«З’езд звяртае ўвагу на катастрафічнае падзенне якасці медыя, якія фінансуюцца з бюджэту краіны і пры гэтым не прытрымліваюцца нават мінімальных стандартаў журналісцкай этыкі, адкрыта выкарыстоўваюць мову варожасці і абразы на адрас "апанентаў" улады, — гаворыцца ў пастанове. — З іншага боку, з’езд звяртае ўвагу на відавочны рост расійскай прапаганды ў дзяржаўных медыя, што ставіць пад пагрозу інфармацыйную бяспеку Рэспублікі Беларусь».

З’езд БАЖ патрабуе «неадкладна вызваліць усіх журналістаў і медыяспецыялістаў, якія знаходзяцца за кратамі».

Акрамя таго, у пастанове ўтрымліваецца патрабаванне абмеркаваць змены ў заканадаўства аб СМІ з удзелам прадстаўнікоў беларускага грамадства, журналістаў і бізнесу, міжнародных экспертаў.

«З’езд патрабуе прызнаць на заканадаўчым узроўні права кожнага збіраць і распаўсюджваць інфармацыю ў айчынных і замежных СМІ, — гаворыцца ў пастанове. — Забяспечыць бесперашкодны доступ журналістаў да інфармацыі. Стварыць роўныя эканамічныя ўмовы для СМІ, адмовіцца ад дзяржманаполіі ў сферы стварэння і распаўсюджвання прадукцыі СМІ».

З’езд БАЖ заклікае ўлады і грамадства «звярнуць асаблівую ўвагу на сітуацыю са свабодай слова, якая не толькі адносіцца да фундаментальных правоў і свабод чалавека, але і з’яўляецца крытэрам захавання іншых правоў і свабод».

belapan.by, https://www.racyja.com/hramadstva/zezd-bazh-zapatrabavau-neadkladnaga-v/

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: