З фігурантамі «справы аб перавароце» сустрэліся адвакаты

Абаронцы сустрэліся ў СІЗА КДБ з Рыгорам Кастусёвым, Аляксандрам Фядутам і Юрасём Зянковічам 20 красавіка. Усіх іх затрымалі ў рамках справы аб меркаваным «замаху» на Лукашэнку і яго сям’ю.


Для старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва гэта першая сустрэча з адвакатам больш чым за тыдзень утрымання ў СІЗА КДБ. Аляксандра Фядуту і Юрася Зянковіча абаронцы здолелі наведаць раней, піша «Радыё Свабода».

Зяць Рыгора Кастусёва Зміцер Антончык напісаў у Фэйсбуку з гэтай нагоды: «Сёння адвакат сустракаўся з Рыгорам Кастусёвым. Артыкул пацвердзілі 357. Настрой у Рыгора нармалёвы. Здароўе ў норме. Больш інфармацыі не маю».

Як паведаміла «Свабодзе» Марына Шыбко, жонка Аляксандра Фядуты, адвакатка наведала Аляксандра ў СІЗА КДБ:

«Абвінавачванне, як і было абвешчана, — артыкул 357, частка 1 КК “Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу цi ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”. Больш нічога па справе адвакатка не сказала, яна пад падпіскай аб неразгалошванні. Саша нібыта нічога — трымаецца. Са здароўем нармальна. З серады мы з ім разам чытаем Мандэльштама. (Аляксандар Фядута і Марына Шыбко дамаўляліся ў адзін час чытаць па памяці творы Мандэльштама, — «Свабода»). Што тычыцца заяў па БТ, то для мяне гэта трызненне».

Артыкул 357 Крымінальнага кодэкса («Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады») прадугледжвае пакаранне да 12 год зняволення.

Алена Дзянісавец, жонка Юрыся Зянковіча, паведаміла, што на гэтым тыдні адвакат сустрэўся з Юрасём у СІЗА КДБ. «Абвінавачанне Юрасю яшчэ не прад’яўленае. Ён у прымальным стане. Юрасю даюць лекі ад ціску. Наша хата на Нарачы, набытая ўлетку, ускрытая і апячатаная пячаткамі КДБ. Думаю, туды ўжо нешта падкінулі, кшталту выбухоўкі ці патронаў. Не здзіўлюся, калі вырылі які-небудзь схрон ці пограб. Ад КДБ можна чакаць нечаканага.

У хлусню Лукашэнкі я не веру. Ён сам не заўсёды разумее, што кажа. Мне паведамілі, што затрымалі Юрася агенты беларускага КДБ, а не ФСБ. Пакуль больш каментаваць нічога не магу».

Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове і даставілі ў КДБ. На наступны дзень у Маскве беларускія спецслужбы затрымалі палітолага Аляксандра Фядуту і юрыста Юрася Зянковіча, які мае грамадзянствы Беларусі і ЗША.

Падчас суботніка 17 красавіка Лукашэнка заявіў пра затрыманне групы, якая нібыта «планавала замах на яго і дзяцей», і звязаў яе са спецслужбамі ЗША.

Праз дзень начальнік аддзела следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак заявіў на тэлеканале АНТ, што пачата крымінальная справа на падставе арт. 357 КК («Змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам»). Такіх спраў у гісторыі суверэннай Беларусі не было.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: