З Гомеля дэпартуюць 65-гадовага грамадзяніна Украіны

21 траўня начальнік АУС Гомельскага райвыканкама Васіль Краўцоў прыняў рашэнне аб дэпартацыі з Беларусі грамадзяніна Украіны Уладзіміра Ландара. 65-гадовы мужчына пражываў у Гомелі ў доме сваяка без рэгістрацыі, што і з'явілася фармальнай нагодай для такога суровага адміністрацыйнага спагнання.
На прыёме ў праваабаронцы Леаніда Судаленка мужчына распавёў, што ў Гомелі ў яго была сям'я, жонка і сын з'яўляюцца беларускімі грамадзянамі. З жонкай ён разышоўся, дарослы сын пражывае асобна. Мужчына ні з кім не канфліктуе, ні разу не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Кажа, нават участковы часам смяяўся, пагражаючы штраф выпісаць за адсутнасць рэгістрацыі. І раптам дэпартацыя з забаронай на ўезд у Беларусь тэрмінам на 5 гадоў!

«21 траўня мяне па тэлефоне выклікалі ў АУС Гомельскага раёна, дзе ў тэрміновым парадку прынялі рашэнне аб дэпартацыі. Нават прымусілі з'ездзіць на вакзал і купіць білет на аўтобус Гомель-Кіеў. Я родам з Палтавы, у мяне там сваякі жывуць, але я не хачу з'язджаць з Гомеля», — распавёў сваю гісторыю дэпартуемы замежнік.

Разам з юрыстам падрыхтаваная скарга ва ўпраўленне па грамадзянстве і міграцыі УУС Гомельскага аблвыканкама.

 «У пастанове аб дэпартацыі паказана, што Уладзімір Ландар сваю віну прызнаў і раскаяўся, што з'яўляецца змякчальнай для віны акалічнасцю. Тады не зразумела, чаму да яму ўжыта надзвычай жорсткі санкцыя ў выглядзе дэпартацыі, ды яшчэ і на максімальна магчымы тэрмін. У любым выпадку, гэтая справа павінна прайсці судовую праверку», — заявіў праваабаронца.

Паводле Гомельскай вясны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!