Прызначана дата разгляду апеляцыі анархістаў Комара і Емяльянава

Разгляд апеляцыі па крымінальнай справе анархістаў Мікіты Емяльянава і Івана Комара адбудзецца 27 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе. 


Нагадаем, прысудам суда Савецкага раёна Мінска ад 12 лютага 2020 года анархісты Мікіта Емяльянаў і Іван Комар былі асуджаныя на сем гадоў пазбаўлення волі кожны за псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах (арт. 341 КК), замах на наўмыснае пашкоджанне маёмасці і наўмыснае пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам (ч.1 арт. 14 ч. 2 артыкула 218 КК, ч. 2 артыкула 218 КК), незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, уражваючае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў (ч. 2 арт. 295-3 КК).

У віну Емельянову і Комару ставілася закідванне лямпачкамі з фарбай фасада будынка Мінскага гарадскога суда ў верасні 2019 года і два эпізоды выкарыстання гаручай сумесі для падпалу дзвярэй следчага ізалятара ў кастрычніку 2019 года ў Мінску.

Агульная сума шкоды не перавысіла 145 рублёў і была пагашана.

Мікіта Емяльянаў не адмаўляў свайго ўдзелу ва ўсіх трох акцыях і заявіў, што мэтай яго дзеянняў было прыцягненне ўвагі да палітычных зняволеных у Беларусі, выказванне нязгоды з дзеючай сістэмай і рэпрэсіямі за свабоду меркаванняў.

Іван Комар адмаўляў свой актыўны ўдзел у акцыях і заяўляў аб ужыванні да яго жорсткага абыходжання і ціску на яго прадстаўнікамі ГУБАЗіК МУС і іншымі асобамі з мэтай напісання яўкі з павіннай.

Праваабаронцы прызналі Емяльянава і Комара палітвязнямі. У прыватнасці, на той падставе, што яны былі асуджаны да празмерна жорсткага пакарання, якое з'яўляецца відавочна непрапарцыйным учыненаму.

Мікіта Емяльянаў і Іван Комар утрымліваюцца ў СІЗА-1. Адрас для ліставанняў: вул. Валадарскага 2, СІЗА-1    220030, Мінск.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: