З'явіліся падлікі паліткрымінальнікаў па абласцях: лічбы ўражваюць

Найгоршыя рэпрэсіі абрынуліся на Мінск і Брэсцкую вобласць. З гарадоў асабліва пацярпелі Брэст, Пінск, Гродна, Смаргонь і Мінск.
Незалежная сацыялогія ў Беларусі пад забаронай, таму грамадства, у якім мы жывём, стала для нас шмат у чым terra incognita. Мы ведаем яго эмпірычна, а пра рэгіянальныя адрозненні, напрыклад, можна меркаваць толькі па ўскосных паказчыках. Сацыёлагі параўноўваюць аўтарытарныя рэжымы з ракой пад лёдам. Мы ведаем, што вада цячэ, але як хутка, у якіх месцах віры і бухты? Эканаміст Павел Данэйка ахарактарызаваў стан беларускага грамадства іншай метафарай: гэта як пацыент з дэфіцытам кальцыю. Такі арганізм схільны да пераломаў, але што ён зламае: палец? руку? шыйку сцягна? — прадказаць немагчыма.

«Наша Ніва» падлічыла колькасць фігурантаў палітычных спраў па месцы іх жыхарства.

Варта зазначыць наперад, што дакладная лічба фігурантаў палітычных спраў невядомая. У спісе, сабраным праваабаронцамі «Вясны», — 850 прозвішчаў. «Наша Ніва» дадала да яго яшчэ 5 — вядомых нам, але адсутных у спісе вясноўцаў або наяўных у спісе на dissidentby.com і адсутных у вясноўцаў.

Любыя спісы будуць няпоўныя ў сітуацыі калі ў краіне ідзе больш за 2300 палітычных спраў. Узяць нават самыя гучныя справы, напрыклад, «справу Аўтуховіча». Мы нават не ведаем месцы жыхарства большасці яе фігурантаў. Але статыстычная навука кажа нам, што пры выбарцы з 855 прозвішчаў агульная карціна будзе праўдзівая.

Па стане на 26 лютага нам вядома пра наступную колькасць фігурантаў палітычных спраў.
Брэсцкая 183
Віцебская 33
Гомельская 70
Гродзенская 112
Магілёўская 24
Горад Мінск 312
Мінская 58
Месца жыхарства няяснае 63

У прапорцыі на 100 тысяч насельніцтва гэта
Брэсцкая 13,5
Віцебская 2,9
Гомельская 5,0
Гродзенская 10,9
Магілёўская 2,4
Горад Мінск 15,4
Мінская 3,9

Як бачым, акрамя Мінска, асабліва актыўны ўдзел у барацьбе за грамадзянскія правы і супраць дыктатуры ўзяла Брэсцкая вобласць і, у трохі меншай ступені, Гродзенская. Гомельская вобласць выразна вылучаецца рэпрэсіўнасцю сярод усходнебеларускіх. Ці звязана гэта з яе большай індустрыялізаванасцю? Ці з тым тым, што Сяргей Ціханоўскі — каранямі з Гомеля? Ці з суседствам Украіны? Факт, што і Брэсцкая вобласць апярэджвае Гродзенскую. Брэст і Пінск былі найбольшымі цэнтрамі процістаяння ў жніўні-верасні 2020-га.

Дзяржпрапаганда спрабавала падаць пратэсты як «польскую інтрыгу», але лічбы паказваюць, што колькасць рэпрэсаваных, якая адлюстроўвае ступень пратэставай актыўнасці, вышэйшая ў абласцях, дзе доля палякаў і каталікоў меншая (на Берасцейшчыне больш рэпрэсаваных, чым на Гарадзеншчыне, а на Гомельшчыне — чым на Віцебшчыне).

У кожным разе, лічбы рэпрэсій сведчаць, што рух за свабодныя выбары і супраць Аляксандра Лукашэнкі — агульнанацыянальны, а рэпрэсіі набылі масавы характар ва ўсіх рэгіёнах.

У адной Магілёўскай вобласці цяпер больш палітвязняў, чым было ва ўсёй краіне ў 2014—2019 гадах. А ў Мінску, Брэсце, Пінску, Гродне, Смаргоні вязні сумлення ёсць у кожным мікрараёне, сярод выпускнікоў кожнай школы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: