З краўд-пляцоўкі прыбралі кампанію брэсцкіх экаактывістаў. Чаму?

З сайта Ulej.by праз тыдзень пасля запуску знікла акцыя па зборы сродкаў у дапамогу брэсцкім актывістам, якія выступаюць супраць будаўніцтва ў горадзе акумулятарнага завода «АйПауэр».

Кампанія з назвай «Завод АКБ у Брэсце — што не так з грамадскімі абмеркаваннямі» стартавала 23 студзеня тэрмінам на адзін месяц. Яе мэтай было заяўлена атрыманне 500 рублёў, якія планавалася выдаткаваць на «ўдасканаленне практыкі правядзення грамадскіх абмеркаванняў».

Арганізатарамі праекта сталі ўстанова «За Вела-Брэст!» і грамадская арганізацыя «Час Зямлі». Аднак ужо 30 студзеня кампанія знікла з пляцоўкі. На яе месцы з'явiлася заглушка з памылкай №403 і тлумачэннем, што доступ да старонкі забаронены.

Старонка акцыі захавалася ў кэшы Google. Яна праводзілася паспяхова — два спонсара пералічылі на рахунак 120 рублёў або 24% ад неабходнай сумы.

Аўтар кампаніі Рыгор Цярэнцьеў, кіраўнік БМГА «Час Зямлі», распавядаў, што актывісты ўжо паспелі зрабіць, і прапаноўваў наступны план дзеянняў: правесці ацэнку справаздачы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе завода, адправіць лісты ў кантралюючыя органы, пры неабходнасці падрыхтаваць іскавую заяву ў суд, арганізаваць і правесці публічную акцыю, на якой жыхары адкрыта выкажуць сваё меркаванне. Магчыма, апошні пункт і стаў прычынай блакавання.


Зрэшты, на сайце «Вулля» нічога не сказана пра забарону публікаваць падобныя праекты. Згодна з правіламі, абмежаванні тычацца толькі кампаній, якія «распальваюць расавую, нацыянальную ці рэлігійную варожасць, а таксама зневажаюць нацыянальны гонар і годнасць».

24 студзеня Цярэнцьеў заявіў, што людзі гатовыя ўкладваць грошы, каб з'явілася магчымасць распачаць арганізаваныя дзеянні супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам. У актывістаў быў план дзеянняў, у які прапаноўвалася ўключыцца грамадскасці.

«Гэта можа быць правядзенне незалежнай экспертызы, аплата паслуг юрыста, падрыхтоўка публічнай справаздачы, выраб налепак, напісанне артыкулаў. Мы ў абавязковым парадку будзем пастаянна інфармаваць грамадскасць аб тым, колькі сродкаў сабрана, колькі і на што выдаткавана», — казаў актывіст.


«Здымаюць яго з прычыны рызык»


Мадэратар пляцоўкі напісаў кіраўніку «Часу Зямлі» з просьбай падкарэктаваць тэкст праекта — былі выяўлены розначытанні ў заяўленай мэце і ў пунктах мерапрыемстваў.

«На наш погляд, з мэтамі [праекта] канфліктуюць наступныя пункты — не вельмі зразумела, як уплывае на ўдасканаленне грамадскіх абмеркаванняў юрыдычная ацэнка дзейнасці па аб'екце Завод. Гэтак жа, як і падрыхтоўка іскавай заявы. Збор подпісаў [праводзіцца] на якую мэту? Толькі калі на прапановы па ўдасканаленні працэдуры грамадскіх абмеркаванняў. Заяву на прыпыненне прац па будаўніцтве таксама не звязана з удасканаленнем працэдуры грамадскіх абмеркаванняў», — прыводзіць Рыгор перапіску з «вуллем».

«Па гэтых пунктах былі пытанні ... Мне іх адправілі. І мы дамовіліся, што пасля рэдактуры працягнем збор».

У аўторак, 30 студзеня, Рыгор прыбыў у сталіцу і сустрэўся з кіраўніцтвам платформы, каб абмеркаваць далейшы лёс праекта, які ў выніку зачынілі.

«Яны [«Вулей»] не будуць працягваць збор [сродкаў] па гэтым праекце і здымаюць яго з прычыны рызык, якія для сябе ўбачылі. У бліжэйшыя дні ўсім, хто ўдзельнічаў у зборы сродкаў, будзе на пошту высланы адказ з тлумачэннямі ад платформы і мяне, як аўтара праекта».

Адной з рызык, па словах актывіста, стаў «артыкул з пракуратуры, якi растлумачвае адказнасць за заклікі да ўдзелу ў незаконных мерапрыемствах з дапамогай анлайн-пляцовак і сацыяльных сетак праз інтэрнэт».

Зараз аўтары праекту абмяркоўваюць новыя варыянты працягу афіцыйнага збору сродкаў. Ёсць ідэі адкрыць дабрачынны рахунак на арганізацыю, а таксама распачаць кампанію на крауд-платформе Talaka.

«Ёсць ідэі прааналізаваць патрэбы ініцыятыўнай групы з улікам сітуацыі, падрыхтаваць пытанні і, як мінімум, уключыць туды аплату юрыста, незалежнай экспертызы, транспартныя выдаткі на дарогу ініцыятыўнай групы — пакуль гэта актуальна», — лічыць Рыгор.

Між тым, як паведамляе «Брэсцкая газета», на сайце Брэсцкага райвыканкама з'явілася тлумачэнне пракуратуры адносна ўлётак і заклікаў у сацыяльных сетках удзельнічаць у сходах-абмеркаваннях будаўніцтва акумулятарнага завода.

У растлумачэнні, у прыватнасці, гаварылася: «Публічныя заклікі, у тым ліку на інтэрнэт-форумах і ў сацыяльных сетках, да ўдзелу ў сходах, на правядзенне якіх не атрыманы ва ўстаноўленым парадку дазвол, цягнуць адміністрацыйную адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».

«Хаця ў тэксце паведамлення не згадваецца акумулятарны завод «АйПауэ», які будуецца ў СЭЗ «Брэст», відавочна, што гаворка ідзе пра сходы, якія тычацца гэтага прадпрыемства», — робіць выснову газета.

Зялёны партал атрымаў афіцыйны каментар краудфандынгавай платформы Ulej.by па сітуацыі з закрыццём кампаніі брэсцкіх экаактывістаў.

Пляцоўка Ulej.by адзначае, што працуе ў рамках прававога поля РБ і спасылаецца на тлумачэнне пракуратуры, апублікаванае на сайце Брэсцкага райвыканкама.

«Пры правядзенні любой кампаніі на Ulej.by менеджэры пляцоўкі ўвесь час знаходзяцца ў кантакце з аўтарамі, і ў іх планавую работу ўваходзяць рэкамендацыі па паляпшэнню праектаў: ​​карэкціроўка тэкстаў, візуальнага афармлення або правядзення PR-мерапрыемстваў.

Дадзеная кампанія не была выключэннем, і ў працэсе аўтар атрымліваў прапановы па змене некаторых фармулёвак.

30 студзеня 2018 года з аўтарам кампаніі «Завод АКБ ў Брэсце — што не так з грамадскімі абмеркаваннямі» Рыгорам Цярэнцьевым у нас у офісе прайшла сустрэча, прычынай якой стала растлумачэнне брэсцкай пракуратуры. Мы абмеркавалі і вызначылі рызыкі для абодвух бакоў.

У ходзе сустрэчы было прынята ўзаемнае рашэнне аб закрыцці праекта, а аўтар меў намер адправіць запыт у генеральную пракуратуру для тлумачэння сітуацыі, паколькі аўтару, як і нам, важна працаваць у рамках закона. Усе сабраныя сродкі вернуцца назад фундатарам і ў хуткім часе яны атрымаюць пра гэта паведамленне.

Мы суперажываем брэсцкай супольнасці і спадзяемся на станоўчы зыход гэтай гісторыі».

Паводле greenbelarus.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-02-01 16:31:54
Некалькі разоў у тэксце гучаць словы незалежная экспертыза. А калі праект будоўлі акумулятарнага завода праходзіў свае адпаведныя законам стадыі ад пачатку праектавання да пачатку будаўніцтва ён праходзіў залежную экспертызу? Ад каго ці чаго залежную? З большага пацешна і адначасова сумна чытаць пра вашу тутэйшую дэмакратыю "ленінскіх бел-чырвона-белых кухарак." То бок самі таго не падазраючы, вы тутэйшыя сталі ўжо падобныя на украінцаў падчас і пасля майдану. Вам толькі закліку ЎСЕ у ЕС, плошчы ды падскокаў на ёй не хапае. Каб разваліць усё на Беларусі - дзяржаўны лад, гаспадарку і дзяржаву.

Больш цікавага на «Новым Часе»: