Гомельскім будаўнікам загадана зрэзаць выплаты. Нязгодных звольняць

Не так даўно прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даваў з экранаў тэлевізараў даручэнне павялічыць зарплаты будаўнікам, каб прадухіліць адток кадраў з галіны. Аднак на практыцы, як паказвае гомельскі выпадак, усё ідзе не зусім так.
Тэлеграм-канал «Общество Гомель» падзяліўся фота загаду за подпісам генеральнага дырэктара ААТ «Гомельскі домабудаўнічы камбінат» (ДСК), у якім гаворыцца аб усталяванні новага памеру прэмій будаўнікам чацвёртага разраду — 20% без змен умоваў і паказчыкаў прэміравання. У наступным загадзе адзначаецца, што гаворка ідзе «пра змяненне з 01.09.2019 года істотных умоў працы — зніжэнне памераў аплаты працы». Супрацоўнікі прадпрыемства кажуць, што раней памер прэміравання складаў 30%.

Тут жа гаворыцца пра тое, што пры адмове работнікаў ад працы ў сувязі з памяншэннем аплаты працы з імі будзе спыняцца працоўны дагавор.

У сваім загадзе гендырэктар А. М. Ганчароў спасылаецца на Указ «Аб мерах па павышэнню эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь».


Паводле gomel.today

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!