«З міліцыі пазванілі, каб купіла сыну гарсэт для скалечанага пазваночніка»

Маці случчаніна Рамана Караневіча бачыла сына ў апошні раз у панядзелак 10-га жніўня. У той дзень трое братоў пайшлі на мірны пратэст случчан супраць фальсіфікацыі выбараў. Двое сыноў вярнуліся з акцыі праз 4 дні — за ўдзел у мерапрыемстве ім далі па 15 содняў, з якіх яны адседзелі 4.
Ілюстрацыйнае фота Радыё Свабода

Ілюстрацыйнае фота Радыё Свабода

Старэйшага сына, Рамана, якому міліцыянты траўмавалі пазваночнік пры затрыманні, Марыя Сцяпанаўна не бачыла ўжо тыдзень.

Чацвёра сутак, пакуль не вярнуліся двое сыноў, зусім не спала, — кажа са слязьмі жанчына. — Яшчэ раней ад сяброў сына даведалася, што ў Рамана пры затрыманні траўмаваны пазваночнік і яго наўпрост з вуліцы хуткая дапамога забрала ў бальніцу. Казалі, што быў у рэанімацыі, а пасля паклалі на суткі ва ўралагічнае аддзяленне. Апрача сына былі траўмаваныя яшчэ чацвёра і пакладзеныя ва ўралагічнае аддзяленне. Мусіць, каб схаваць праўду.

З міліцыі мне патэлефанавалі ў чацвер і сказалі, каб я купіла спецыяльны гарсэт для фіксацыі пазваночніка, — працягвае расповед маці Рамана Караневіча. — Стан нібыта стабільны, а які ён на самай справе — не ведаю: ходзіць ён ці толькі ляжыць. Гэтая невядомасць замучвае. Абвінавачваюць нібыта ў супраціве міліцыянтам па артыкуле 363 Крымінальнага кодэксу.

Маці кажа пра сына, што на працоўным месцы яго характарызуюць як добрага працаўніка і прыстойнага чалавека. Не скардзіцца на яго і жонка Марыя. У сына трое малалетніх дзяцей, малодшай дачцэ ўсяго 1 годзік. Сына ніколі раней не забіралі ў міліцыю.

 18-гадовы Максім Жукаў, які адседзеў трое сутак у Слуцкім ізалятары і адзін дзень у лясной турме ў Паўлаўцы, быў сведкам жорсткага затрымання брата.

— Мы з братам Віктарам не ўцякалі, а Раман стаў уцякаць. Міліцыянты пабеглі за ім. Адзін з іх падчапіў за нагу Рамана, а пасля на Рамана накінуліся двое. Больш я яго не бачыў. Сябра пасля паведаміў, што чуў, як міліцыянты выклікалі па рацыі хуткую дапамогу. Пасля атрымалі інфармацыю, што некаторы час ён быў у рэанімацыі.

Максім Жукаў са сваім пратаколам пасля 4 сутак арышту

Максім Жукаў са сваім пратаколам пасля 4 сутак арышту


Паколькі сам 18-гадовы Максім не ўцякаў і не супраціўляўся, ён быў здзіўлены жорсткімі паводзінамі міліцыянтаў пры сваім затрыманні.

Калі міліцыянты сталі патрабаваць, каб мы прайшлі з імі, я адразу выканаў патрабаванне, — распавядае Максім. — Мяне пры затрыманні не білі, але заламалі рукі за спіну і адзелі кайданкі. Загадалі легчы, тварам на зямлю. Калі мяне прывезлі ў РАУС, адразу дазволілі сесці на крэсла. Пасля прыбег нейкі старэйшы па званню і закрычаў: “Чаго ён так сядзіць?” Прымусіў выконваць камнады — “устаць — сесці”, пры гэтым мае рукі былі ў кайданках. Калі сеў, адзін стаў на ногі, а другі міліцыянт ззаду падымаў мае рукі ў кайданках угору. Было балюча.

На адносіны супрацоўнікаў ЛПП у Паўлаўцы маладзён не скардзіцца. Казаў, што людзі, якіх прывезлі з Акрэсціна ў Паўлаўку, ацэньвалі тамтэйшую турму ледзве не як санаторый.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: