«З-пад хатняга арышту сам прасіўся ў турму». Уладзімір Някляеў прыгадвае ўласны досвед

Пасля допыту ў ДФР удава заснавальніка партала tut.by Юрыя Зісера культуролаг Юлія Чарняўская змешчаная пад хатні арышт. «Свабода» распавядае, якія ўмовы могуць чакаюць жанчыну пад гэтай мерай стрымання. У Беларусі хатні арышт сур’ёзна пазбаўляе чалавека правоў, асабліва права на волю і камунікацыю — менавіта таму ён пакідае падставы для захавання статусу палітычнага вязня.

Хатні арышт на час следства абіраецца ў Беларусі надзвычай рэдка. У 2011-м паўгода пад хатнім арыштам прабыў экс-кандыдат на прэзідэнта вядомы беларускі паэт Уладзімір Някляеў, якога пры затрыманні ў дзень выбараў 19 снежня 2010 году моцна збілі. Уладзімір Някляеў мяркуе, што якраз траўма хрыбетніка, якую яму нанеслі пры затрыманні, спрычынілася да таго, што яму далі такую палёгку, як хатні арышт.

«Хаця гэта толькі на словах выглядае палёгка, а насамрэч тая ж турма, толькі ва ўласным доме. І псіхалагічна гэта яшчэ цяжэй», — мяркуе Уладзімір Някляеў.

Пад хатнім арыштам палітык адбыў паўгода. Калі згадвае абмежаванні, якія ён зазнаў за гэты час, дагэтуль хвалюецца.

«Калі ў Юліі Чарняўскай такі ж хатні арышт, як у мяне, дык гэта нічым не лепш за турму. А псіхалагічна нават і цяжэй, бо ў турме ты як бы цалкам разумееш, што з табой адбываецца. Вось краты, жалезныя замкнёныя дзверы, нары — ну, турма. А дома ты ўсё ж настроены на тое, што гэта твая прастора і ты тут гаспадар, а аказваецца — не. Аказваецца, ты нічога не можаш, апроч як сядзець на сваім ложку і есці сваю ежу».

Уладзімір Някляеў пералічыў абмежаванні, якія зазнаў пад хатнім арыштам. Яму цалкам забаранілі пісаць і атрымліваць лісты, карыстацца тэлефонам і кампутарам, інтэрнэтам, ён не атрымліваў газет і часопісаў.

Таксама палітыку былі забароненыя прагулкі і выхад на вуліцу.

«У турме гадзіна адводзіцца на прагулкі ў турэмным дворыку, а тут нічога. Прычым нават да акна падысці і паглядзець, што на вуліцы, не дазвалялі», — згадвае Уладзімір Някляеў.

Пакутай для Някляева, паводле яго словах, была забарона кантактаваць з людзьмі звонку, нават сваякамі. Выключэнне зрабілі толькі для жонкі Вольгі, з якой яны жывуць у адной кватэры.

«Прыйсці да цябе ў госці ніхто не можа. Да мяне прыязджала дачка, дык стаяла пад дзвярыма і прасіла, каб пусцілі мяне пабачыць, але так і не пусцілі. „Не дазволена“, і ўсё», — згадаў Уладзімір Някляеў. 

«Вы што, здурнелі? — Інструкцыя такая»

Уладзімір Някляеў заўважае, што ў еўрапейскіх краінах на арыштанта, якому дазволена адбываць абмежаванне волі дома, надзяваюць адмысловы электронны бранзалет, які кантралюе яго перасоўванні. Чаму гэта нельга арганізаваць у Беларусі, Уладзімір Някляеў не ўяўляе.

Былы кандыдат на прэзідэнта вылучыў самае непрыемнае падчас хатняга арышту — гэта трывалая прысутнасць побач ахоўнікаў. «Увесь час два ўзброеныя чалавекі ў тваім доме. Паводле інструкцыі ты мусіш заўсёды, удзень і ўначы, быць у полі іх увагі. У выніку мы клаліся з жонкай на ложак спаць, а яны садзіліся перад адчыненымі дзвярыма ў суседнім пакоі. Першы раз я абурыўся. “Што, зусім здурнелі?“ Кажуць: гэта па інструкцыі, мы мусім за вамі ўвесь час назіраць, бо вы можаце там з кімсьці паразмаўляць ці кінуцца з гаўбца. Карацей, псіхалагічна гэта вельмі цяжка, калі турма ў тваім доме».

Паводле Уладзіміра Някляева, адносіны з ахоўнікамі часам складаліся напружаныя, асабліва калі замест «адэкватных» супрацоўнікаў на дзяжурства заступалі «служакі».

«Даходзіла да таго, што казаў на допытах, каб забіралі зноў у турму, бо няма цярпення, хопіць. Бо розныя былі людзі. Адны ставяцца ўсё ж па-чалавечы, з разуменнем, а другім толькі б выслужыцца. Да вокнаў забаранялі падыходзіць, нельга на вуліцу паглядзець. А раптам табе хто які сігнал ці знак дашле!» — згадвае паэт.

Адзіным чалавекам у атачэнні Уладзіміра Някляева, каму дазвалялі кантактаваць з ім і выходзіць на вуліцу, была жонка Вольга. Яна працягвала весці хатнюю гаспадарку, прыносіла з крамы прадукты, гатавала ежу. Хто цяпер зможа ўзяць на сябе клопаты па гаспадарцы для Юліі Чарняўскай, Уладзімір Някляеў не ўяўляе.

«Што ёй магу параіць? Нервы па драбязе не паліць. Неяк прыстасоўвацца. Але і не даваць ахоўнікам занадта разняволіцца, адчуваць сябе вялікімі гаспадарамі ў чужой кватэры. Неяк трэба даць ім зразумець, што яны тут непажаданыя госці. А так усім нам можна пажадаць толькі аднаго — сілы і трывання».

Сітуацыю з завядзеннем справы супраць Tut.by Уладзімір Някляеў назваў «запалохваннем усіх, хто можа аказаць уплыў на грамадскую думку». 

«Чарняўская перачытвае кнігі з уласнай бібліятэкі»

Людзі, якія, як і Уладзімір Някляеў, пабывалі пад хатнім арыштам, згодныя, што гэтае становішча фактычна пазбаўляе чалавека шмат якіх іншых правоў, пра якія звычайна людзі не задумваюцца. Вось што дадала крыніца, якая ў мэтах бяспекі прасіла яе не называць.

«Там атрымліваецца, што здароўе — твая ўласная праблема, якую тэрмінова вырашыць немагчыма. Бо да доктара цябе не пускаюць, а зносіны праз ахоўнікаў — вельмі доўгі працэс. Увесь побыт — таксама твая праблема. Але не меней балючая там праблема — інфармацыйная блакада. Таму, асабіста ведаючы Юлію Чарняўскую, магу ўявіць, на каго яна зможа разлічваць у хатнім арышце: на кнігі ва ўласнай бібліятэцы. Але новых кніг ёй не прынясуць: замаўляць кнігі забаронена», — згадала крыніца, якая мае досвед хатняга арышту.

У канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя пад хатнім арыштам пасля затрымання аказалася былая старшыня Нацыянальнага банка Тамара Віннікава. Паводле звестак, спадарыню Віннікаву ахоўвалі супрацоўнікі КДБ, з-пад увагі якіх ёй неяк удалося вызваліцца і ўцячы. Пазней Тамара Віннікава аб’явілася ў Вялікабрытаніі.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года пад хатнім арыштам да суду ўтрымлівалі экс-кандыдата на прэзідэнта Уладзіміра Някляева і жонку экс-кандыдата Андрэя Саннікава Ірыну Халіп.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і затрымання супрацоўнікамі КБД пад хатнім арыштам аказаліся адвакат Ілля Салей, паліттэхнолаг Віталь Шкляраў і медыятар Лілія Уласава. Цяпер мера стрымання для іх змененая, а Віталь Шкляраў пакінуў Беларусь. Акрамя Юліі Чарняўскай, пад хатнім арыштам цяпер актывіст руху за правы інвалідаў Сяргей Драздоўскі.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» заяўляюць, што знаходжанне пад хатнім арыштам пакідае падставы для захавання статусу палітычнага вязня.

«Бо ў Беларусі гэтая мера стрымання настолькі сур’ёзна пазбаўляе чалавека правоў, асабліва права на волю і камунікацыю», — патлумачыў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Абмежаванні, якія накладаюцца паводле хатняга арышту, рэгулююцца Крымінальна-працэсуальным кодэксам Беларусі і ведамаснымі інструкцыямі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: