З Полацкага ўніверсітэта звольнілі дацэнта, які трапіў на суткі за рэпосты

Кандыдата гістарычных навук Віктара Якубава звольнілі з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта за тое, што сядзеў на сутках. У гэты час яму паставілі прагул, распавядае «Наша Ніва».

«Звольнены за тое, што меў прагул на працы з 2 да 15 верасня, паколькі адбываў адміністрацыйны арышт у наваполацкім ЦІПе, — тлумачыць дацэнт (яму далі 15 сутак за рэпосты матэрыялаў тэлеканала, прызнанага экстрэмісцкім). — Так запісана ў працоўнай кніжцы. На пісьмовую просьбу даць мне адгул за свой кошт, па незалежных ад мяне абставінах, новапрызначаны рэктар паставіў рэзалюцыю — «пярэчу».

Рэктар у Полацкім універсітэце змяніўся ў сакавіку — ім стаў сенатар Алег Раманаў.

Раней Віктара Якубава двойчы затрымлівалі — за ўдзел у акцыях далі па 15 сутак (агулам, атрымліваецца, ён правёў за кратамі 45 сутак). Але тады выкладчыка не звольнілі.

«Сам здзівіўся. Тады па Працоўным кодэксе «адміністраціўка» лічылася абставінамі непераадольнага характару. Канечне, мяне пажурылі, далі вымову, але з восені я не ўдзельнічаў у масавых мерапрыемствах, таму фармальна адміністрацыя мяне не чапала».

Якубаў сам выпускнік ПДУ. Працаваў тут з 2007 года. Стажыраваўся ва ўніверсітэтах Польшчы, Расіі, Венгрыі.

«Я патрыёт універсітэта, шмат рабіў для яго развіцця. Разам з сябрамі адкрыў спецыяльнасць «Cацыяльныя камунікацыі», — дзеліцца ён.

Прапаноў аб новай працы ў гісторыка пакуль няма. Кажа, гатовы разглядаць розныя варыянты.

«Нехта губляе, нехта знаходзіць. У беларусаў няма каманды «назад», мы разварочваемся і «наперад»!» — напісаў Віктар у фэйсбуку.

Новыя правілы ў Працоўным кодэксе пачалі дзейнічаць з 30 чэрвеня. У артыкуле 42 прапісалі дадатковыя падставы для звальнення работніка па ініцыятыве наймальніка.

Сярод іх — адсутнасць на працы ў сувязі з адміністрацыйным арыштам, удзел у незаконнай забастоўцы ці прымус да гэтага калег.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: