З працы звольнілі ідэолага Жлобінскіх электрасетак — на яе ўчастку перамагла Ціханоўская. Без працы застаўся і муж

30 лістапада быў апошні працоўны дзень намесніка дырэктара па агульных пытаннях філіяла «Жлобінскія электрычныя сеткі» РУП «Гомельэнерга» Наталлі Чавускінай. Без працы застаўся і яе муж — начальнік аддзелу сацыяльнага развіцця электрасетак, піша «Радыё Свабода».
Афіцыйная прычына звальнення — грубае парушэнне працоўных абавязкаў.

Падставай стала рашэнне камісіі па супрацьдзеянні карупцыі, якая «прызнала магчымасць наяўнасці ці патэнцыйнага ўзнікнення канфлікту як у службовых асоб прадпрыемства».

Самі Чавускіны перакананыя, што прычына ў іх актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Наталля Чавускіна была старшынёй, а Дзмітрый — сябрам камісіі на ўчастку, дзе перамагла Святлана Ціханоўская.

За ўдзел у маршы Дзмітрый адседзеў 15, а Наталля — 10 сутак у жлобінскім ІЧУ.

Наталля адпрацавала ў электрасетках 15, а Дзмітрый — 13 гадоў. Дысцыплінарных спагнанняў не мелі. Палітыкай не цікавіліся. Да таго часу, пакуль у краіне ня здарылася 9 жніўня 2020 года.

«Выбарцы нам казалі: „Гарыце ў пекле!“»

На мінулых выбарах Наталля ўзначальвала ўчастковую камісію. Дзмітрый быў сябрам камісіі. Паводле словаў Наталлі, усе сябры камісіі пагадзіліся сумленна лічыць галасы. «Па-іншаму я не магла. Як бы я потым спала? Вырашыла зрабіць так, каб не было сорамна. Калі сябры ўчастковай камісіі абыходзілі выбарцаў — раздавалі запрашэнні, то некаторыя пракліналі камісію і казалі: „Гарыце вы ў пекле!“. Многія выбарцы прасілі, у тым ліку і мяне, сумленна правесці выбары», — кажа Наталля.

На яе ўчастку Ціханоўская набрала прыкладна 220 галасоў, Лукашэнка — каля 120. Усяго галасавала каля 400 чалавек.

«Да жніўня мы былі абсалютна апалітычнымі. Жылі ў сваім свеце — сям’я, сабакі, і нам ніхто не патрэбны. Пра тое, што адбываецца ў краіне — ведалі нейкі мінімум», — кажа Дзмітрый.


«Што вы за ідэолаг, што вашы людзі ходзяць абы-куды!»

Сям’я жыве ў цэнтры Жлобіна. 10 жніўня яны сталі сведкамі, што на вуліцах горада пачалася «проста бойня». Потым супрацоўнікі электрасетак, якія трапілі «пад раздачу», расказвалі гэта ўсё Наталлі. «Гэта было пекла. Білі ўсіх, і білі моцна. Так сціскалі сцяжкамі рукі, што яны чарнелі! Я была ў шоку. А на працы мне казалі: «Што вы за ідэолаг, што вашы людзі ходзяць абы-куды», — кажа былы ідэолаг.

Тым часам кіраўніцтва прасіла яе правесці з «нядобранадзейнымі» гутарку.

«Я ім параіла быць разумнымі, каб не трапляцца зноў... А камандаваць людзьмі — хто я такая?» — кажа Наталля.

«Нас абурыў той гвалт, які адбыўся ў нашым горадзе. Быў сход, на якім прысутнічаў начальнік міліцыі. Ён абяцаў, што за мірныя маршы нікога не будуць караць. 16 жніўня якраз быў чарговы марш. Мы выйшлі таксама, бо нам было цікава паглядзець, што робіцца ў нашым горадзе. Усё было абсалютна мірна, спакойна. Людзі ішлі радасныя, са сцягамі. Міліцыя нікога не чапала, не папярэджвала. Адчувалася, што гэта такая дэманстрацыя, кшталту 9 траўня», — кажа Дзмітрый.


«Людзей пазбаўляюць права заставацца людзьмі»

Суд палічыў, што Наталля і Дзмітрый былі «актыўнымі ўдзельнікамі» несанкцыянаванага мерапрыемства, і пакараў іх арыштам. Наталля атрымала 10, Дзмітрый — 15 сутак.

«Доказам майго актыўнага ўдзелу суд палічыў белую сукенку, у якой я была. І белыя кветкі ў Дзмітрыя», — кажа Наталля.

У пастанове суда было напісана, што толькі такое пакаранне, як суткі, дапаможа «актыўным удзельнікам» усвядоміць сваю віну.

«У мяне быў шок ад гэтага прыніжэння — раздзявацца дагала, брудная камера, не цячэ вада, далі толькі адну прасціну і кавалак коўдры. Вобшукі раніцай і вечарам. Холад страшэнны. Напэўна, усе былі б задаволеныя, каб я плакала. Але я не плакала і на іх пытанні адказвала, што ў мяне ўсё добра. Не ведаю, чаго яны хацелі дабіцца ад нас. Але дабіліся супрацьлеглага», — кажа Наталля.


Частку тэрміну яна сядзела з жанчынамі, якіх судзілі па крымінальных артыкулах. «Мяне абурала, як да іх ставяцца! Яны ж людзі ў першую чаргу. Людзей караюць так, што пазбаўляюць іх права заставацца людзьмі. Калі тыя жанчыны выслухалі маю гісторыю, то моцна абурыліся, маўляў, што гэта за краіна, калі такія людзі трапляюць у турму», — узгадала былая ідэолаг.

У ізалятары Наталлю і Дзмітрыя выклікала на гутаркі міліцэйскае начальства. Іх папікалі за іхную пазіцыю і расказвалі, як міліцыя «ўратавала краіну».

«Радыкальна настроеныя асобы, якія не падтрымліваюць канстытуцыйны лад»

Пасля адбыцця Чавускінымі сутак начальнік Жлобінскага РАУС Генадзь Мельнік накіраваў зварот да дырэктара Жлобінскіх электрасетак. У лісце ён піша, што Чавускіны, у абавязак якіх уваходзіць ідэалагічная праца ў калектыве, «самі з'яўляюцца радыкальна настроенымі асобамі, якія не падтрымліваюць канстытуцыйны лад». «Унутраныя перакананні Чавускіных могуць адмоўна ўплываць на ідэалагічны складнік вашага прадпрыемства, спрыяць фармаванню ў яго негатыўнага стаўленьня да ўлады і апарату дзяржаўнага кіравання», — напісаў начальнік міліцыі.

Характарыстыка Чавускіных ад начальніка жлобінскай міліцыі

«Цяпер такі час, што нельга ісці на кампраміс з сумленнем»

На прадпрыемстве склікалі пазачарговую камісію па супрацьдзеянні карупцыі і вырашылі, што ў Наталлі і Дзмітрыя як, з аднаго боку, мужа і жонкі, а з другога — службовых асоб, ёсць патэнцыйная магчымасць узнікнення канфлікту інтарэсаў. Прафсаюз даў згоду на звальненне. Так Чавускіны засталіся без працы.

«Хіба, калі мяне прызначалі на працу, не ведалі, што мы муж і жонка? Або мы гэта хавалі, і гэта было таямніцай? Законам не забаронена працаваць так мужу і жонцы. Я лічу наша звальненне незаконным», — кажа Наталля.

«Мы вырашылі судзіцца, бо гэта несправядліва», — кажа Дзмітрый.

Яны ўступілі ў незалежны прафсаюз РЭП і з дапамогай прававога інспэктара Леаніда Судаленкі падрыхтавалі пазоў у суд.

«Мы знойдзем сабе працу. Мы не згубімся ў гэтым жыцці. Мы бывалі шмат разоў за мяжой. Але цяпер я прынцыпова хачу жыць у Беларусі. Нельга цярпець тое, што цяпер адбываецца ў нашай краіне, гэты гвалт! Цяпер такі час, што нельга ўступаць у кампрамісы са сваім сумленнем», — кажа Дзмітрый.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: