Конкурс маладых журналістаў

З шабляй ды пад дуду, альбо гісторыя навобмацак

Хлопчык павольна і асцярожна дакранаецца да даспехаў, яго пальцы трымцяць ад хвалявання. Панцыр, забрала — навобмацак усё такое гладкае і халоднае. Анягож, сапраўдны метал, а не нейкая там фанера!
Шчасцю няма мяжы: ён упершыню бачыць рыцарскія даспехі. Бачыць не вачыма — ён зусім не мае зроку. Бачыць нават не рукамі — яны толькі перадаюць адчуванні. Бачыць сэрцам.

Разам з хлопчыкам дакрануцца — ва ўсіх сэнсах — да старадаўняй беларускай культуры змаглі яшчэ некалькі дзясяткаў гадаванцаў Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната №2 для дзяцей з парушэннямі зроку. Тут навучаюцца 102 дзіцяці з усёй Беларусі ад 6 да 18 гадоў, з іх 30 сірот жывуць ва ўстанове пастаянна. І пераважная большасць з іх ніколі не бачыла, як выглядалі і змагаліся высакародныя рыцары, не чула, як гучалі традыцыйныя беларускія інструменты, не чытала і не слухала казак і апавяданняў на беларускай мове. І не таму, што яны, як многія сённяшнія падлеткі, ленаваліся пацікавіцца нацыянальнай культурай ці лічылі яе непатрэбнай. А таму, што проста не мелі магчымасці.


Сустрэцца з дзівосным беларускім сусветам яны змаглі дзякуючы дабрачыннай акцыі “Дорым радасць!”. Падчас яе ў госці да дзяцей завіталі рэканструктары рыцарскіх баёў і музычных інструментаў, ды не проста так, а з цікавымі расповедамі, падарункамі і сапраўдным шоу. Слынны музыка Яўген Барышнікаў павесяліў дзятву расповедам пра беларускую дуду: можна не сумнявацца, што дзеці запомнілі, што такое пісчык, дудка, жалейка і як яны гучаць паасобку і ў складзе дуды. А якія бясконцыя танцы можна граць на гэтым чароўным інструменце! А якія захапляльныя рыцарскія баёўкі можна ладзіць пад гукі дуды!
Яўген Барышнікаў знаёміць дзяцей з дудой

Рэканструкцыі баёвак, дарэчы, прыйшліся маленькім гледачам асабліва даспадобы. Варта было бачыць, якімі агеньчыкамі гарэлі вочы дзяцей, калі паны-шляхцічы Юрый, Алесь і Андрэй біліся на дзідах, мячах і сякерах! “Яшчэ! Яшчэ!” — крычалі малыя і ў захапленні пляскалі ў ладкі. Нават скептычныя выразы на тварах старэйшых змяніліся на зацікаўленыя.

— У дзяцінстве ў мяне быў вельмі кепскі зрок. Я не мог распазнаць цацку на адлегласці выцягнутай рукі. Я вельмі марыў быць касманаўтам ці лётчыкам, а з мяне смяяліся і казалі, што я нават кіроўцам аўтамабіля не змагу быць. Сёння я да вас прыехаў сам на аўтамабілі, у мяне сярэднестатыстычны добры зрок. А ўсё таму, што я марыў і рабіў маленечкія крокі, а сусвет мне дапамог. Трапіўся цудоўны доктар, які сказаў, што трэба рабіць спецыяльныя практыкаванні, і з іх дапамогай я сам змог выправіць свой зрок. Таму, даражэнькія, марце пра вялікія дасягненні! — падзяліўся з дзятвой гісторык і адзін з заснавальнікаў руху гістарычнай рэканструкцыі ў Беларусі Юрый Усціновіч.  


Ён распавёў маленькім слухачам, што наша гісторыя настолькі класная, што можна было б зняць па ёй сотні галівудскіх прыгодніцкіх блакбастараў, дзе нашы героі перамагалі б ворагаў.

— На жаль, пэўны час для нашай гісторыі былі неспрыяльныя ўмовы, таму мы яе крыху падзабылі. Але насамрэч не кожны народ можа ганарыцца тымі здзяйсненнямі, якія зрабілі нашы продкі, — запэўніў рэканструктар.

А чароўная пані Стася Комлік-Ямаціна з культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” правяла для дзетак віктарыну па беларускай мове і літаратуры.


Напрыканцы імпрэзы гледачоў чакалі падарункі: камплекты з 5 дзіцячых аўдыёкніг на беларускай мове, спецыяльна падабраных па ўзросце, з казкамі, песнямі і творамі беларускіх літаратараў; паштоўкі з тэкстам для бацькоў пра важнасць вывучэння беларускай мовы і літаратуры; пакунак з цукеркамі; адмысловая гарбата з беларускіх зёлак, якая ўзмацняе імунітэт; і ў дадатак да ўсяго — льняная торбачка з арнаментам.

Але найбольшым падарункам для шкаляроў, бадай, сталіся эмоцыі, якія яны атрымалі ад свята. Бо дзеці не толькі паглядзелі і паслухалі, але змаглі самі дакрануцца да баявой (хіба што не завостранай) зброі, сапраўдных даспехаў, прымерыць іх на сябе, патрымаць у руках, пафатаграфавацца. Дзеці не адпускалі гасцей з добрую гадзіну, запытваліся, пазіравалі, біліся, уяўляючы сябе старадаўнімі ваярамі.

— Вельмі прыемна, што праходзяць такія мерапрыемствы, калі мы знаёмімся з цікавымі людзьмі, якія выхоўваюць у дзецях любоў і павагу да гісторыі. Таму што і дзеці, і дарослыя павінны ведаць пра сваіх продкаў, якімі прыладамі яны карысталіся, якой зброяй валодалі. Такога ў нас у школе яшчэ не было, — прызналася карэспандэнту “Новага часу” намесніца дырэктара па выхаваўчай працы Вольга Муравіцкая.

Акцыя “Дорым радасць!” стала магчымай дзякуючы ініцыятыве сацыяльна-культурнай дабрачыннай установы “МоцАрт”, якая займаецца інклюзіяй і рэабілітацыяй дзяцей з інваліднасцю, а таксама падтрымлівае нацыянальную культуру. Да ідэі далучыліся і партнёры, сярод іх — кампанія PRASTORA.BY, якая, апроч іншага, запісвае беларускія аўдыёкнігі.

Арганізатары акцыі з PRASTORA.BY Аляксандр Квіткевіч і Міхась Башура з Вольгай Муравіцкай.

Арганізатары акцыі з PRASTORA.BY Аляксандр Квіткевіч і Міхась Башура з Вольгай Муравіцкай.

— Мы правялі даследванне сярод спецыялізаваных дзіцячых устаноў краіны і выявілася, што аўдыёкнігі на рускай мове ў іх ёсць, а на беларускай — няма. Таму разам з многімі бізнесоўцамі мы сабралі суму грошай, каб кожнае дзіця атрымала па камплекце беларускіх аўдыёкніг для свайго ўзросту, — распавёў кіраўнік кампаніі PRASTORA.BY Аляксандр Квіткевіч.


Маладзечна — не першы горад, дзе прайшла дабрачынная акцыя “Дорым радасць!”. Яе валанцёры пабывалі ў мінскай спецыяльнай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе №188 для дзяцей з парушэннямі зроку, дзе падарункі атрымалі 110 дзяцей. Усяго ж у Беларусі працуюць 6 такіх школ і 11 дзіцячых садкоў, і ёсць спадзеў, што ўсе іх гадаванцы сустрэнуцца з мужнымі рыцарамі, дударом і літаральна змогуць зведаць беларускую культуру і гісторыю навобмацак.

Фота аўтаркі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!