З верай у перамены да лепшага!

Яшчэ адзін год мы былі разам з вамі, а вы — з намі, нашы шаноўныя чытачы. Шчыры дзякуй вам за гэта!

Гэты год быў для кагосьці вельмі асаблівым, а для кагосьці — звычайным, для кагосьці — добрым і шчодрым, а камусьці прынёс расчараванне і страты. Але мы пражылі гэты год, змаглі адчуць яго асалоду і горыч. Пражылі — і з верай у перамены да лепшага можам глядзець у будучыню.

У новым годзе нас, напэўна, чакае яшчэ шмат неспадзяванак, добрых і дрэнных навінаў, горкіх страт і цудоўных здабыткаў. Сустрэнем іх годна і з радасцю. Жыццё не бывае без стратаў, жыццё не бывае без мараў. Таму не сумуйце і ні пра што не шкадуйце. Жывіце шчыра і сумленна, рабіце сваю справу і годна глядзіце наперад.

Уся наша каманда віншуе вас з Калядамі і Новым годам! Мы жадаем вам плёну і моцы! Хай кожны атрымае тое, чаго яму нестае. Самотныя — каханне, сяброў і сабаку (можна і котку). Тыя, хто страціў веру, — цуд! Хто ў нястачы, — вуду, каб вылавіць сваю рыбу. Несправядліва асуджаныя — волю. Згубіўшыя сумленне — жыццёвы ўрок. Здароўе — усім нам!

Дзякуй за вашу падтрымку! Мы адчуваем яе ў сацыяльных сетках, дзякуючы вашым лайкам. Мы бачым яе праз рост колькасці наведвальнікаў сайта і цікаўнасць да падпіскі на газету. Мы верым, што ўсё не дарма, калі на судах супраць НЧ сустракаем поўныя залы людзей, якія кінулі свае справы і прыйшлі нас падтрымаць. Гэта вельмі натхняе, каб працаваць для вас і старацца зрабіць наш Новы час яшчэ лепшым і больш цікавым.

Шчыры дзякуй вам! Не спыняйцеся і не здавайцеся, хай вас не пакідае прага перамен да лепшага! Мы разам будуем новую Беларусь. У нас усё атрымаецца!

Будзьма разам!

Будзьма з «Новым Часам»!



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!