«З-за «актыўнага садзейнічання следству» артыкул мне змянілі на больш жорсткі»

«Улічваючы актыўнае садзейнічанне расследаванню»... Такая фармулёўка вельмі напружвае Марыну Золатаву, пра што яна распавядае «Еўрарадыё».
Марына Золатава, фота www.svaboda.org

Марына Золатава, фота www.svaboda.org


Затрыманая 7 жніўня па “справе БелТА” галоўны рэдактар партала TUT.by Марына Золатава выйшла на волю 9 жніўня. 

“Улічваючы актыўнае садзейнічанне расследаванню, следчы прыняў рашэнне не заключаць Марыну Золатаву пад варту”, напісана ў афіцыйным прэс-рэлізе Следчага камітэта. Такая фармулёўка яе вельмі напружвае, кажа ў размове з «Еўрарадыё» Марына Золатава.

“Яно мне вельмі дзіўным падаецца. У ім мяне турбуюць фармулёўкі кшталту “актыўна супрацоўнічала са следствам” і гэтак далей. Магу сказаць, што ў першы дзень я ўвогуле адмовілася даваць паказанні. А ўчора я давала паказанні і яны, вядома, не заключаліся ў тым, што я “актыўна супрацоўнічала са следствам” ― я проста давала паказанні і ўсё! І вынік паказанняў у тым, што мне змянілі артыкул на больш сур’ёзны. І гэта іх “актыўна супрацоўнічала са следствам” не стасуецца з вынікам, які мы маем у выглядзе новага артыкула. Магу меркаваць, што гэта іх “актыўна супрацоўнічала са следствам” толькі з-за таго, што я ўчора пагадзілася даць паказанні”, ― кажа Марына Золатава.

Нагадаем, галоўнага рэдактара партала TUT.by Марыну Золатаву затрымалі па падазрэнні ў парушэнні артыкула 349 Крымінальнага кодэкса, па які максімальнае пакаранне ― 2 гады пазбаўлення волі. Цяпер яе дзеянні кваліфікуюць па прыкметах злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 425 КК Рэспублікі Беларусь ― бяздзейнасць службовай асобы. Па гэтым артыкуле Марыне Золатавай пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Тутэйшы.
  • 2018-08-10 19:16:55
Уладам трэба было знайсці нейкую прычыну.каб абмяжаваць сваболу слова ў Беларусі,якая і так абрэзаная да самага нельга.І яны яе знайшлі.Мяркую,што ціск на незалежныя выданні будзе падоўжвацца,аб гэтым сведчыць артыкул вышэй.