З-за самагубства салдата судзяць старэйшага лейтэнанта

8 чэрвеня 2020 года ў вайсковай частцы №30151 (Дзяржынскі раён) загінуў вайсковец — 20-гадовы радавы Сяргей Валошын. Тэрміновік першага перыяду заступіў у нарад памочнікам дзяжурнага, пракраўся ў пакой захоўвання зброі, зарадзіў у пісталет Макарава адзін патрон і стрэліў. На лаве падсудных старшы лейтэнант 23-гадовы Раман Бунятаў. У той дзень ён быў дзяжурным па дывізіёне, ключы ад сейфа са зброяй з сабой не ўзяў і адлучыўся з казармы ліквідаваць непаладкі з антэнай (загад начальства).

Раман Бунятаў цалкам прызнаў сваю віну і адмовіўся ад паслуг адваката, адзначае «Анлайнер». З 2014 года і па гэты дзень служыць у войску па кантракце. Абвінавачаны затрыманы не быў, цяпер працягвае працаваць у войсках. Яго характарызуюць як дысцыплінаванага, неканфліктнага, бескарыслівага і прыязнага афіцэра.

З 7 на 8 чэрвеня ён заступіў дзяжурным па дывізіёне разам з памочнікам і дзённымі. Памочнікам заступіў радавы Сяргей Валошын. У абавязках дзяжурнага, акрамя ўздыму па трывозе асабістага складу, кантролю прыёму ежы і іншых, быў пункт: не дапускаць вайскоўцаў у КХО (пакой захоўвання зброі), адпаведна, і ключы ад пакоя былі толькі ў яго.

— Звязка ключоў была вялікая, нязручна было насіць іх з сабой, каля 5-ай раніцы я схаваў яе ў сейф, а ключы ад сейфа ўзяў з сабой, — распавядае Раман.

А 14-ай гадзіне 8 чэрвеня дзяжурнага адправілі рамантаваць антэну сувязі, а той перадаў ключы ад сейфа свайму памочніку, каб Валошын змог выдаць вайскоўцам тубусы.

— Начальства патрабуе, хоць з паломкай можна было пачакаць і яе (антэну) маглі паправіць іншыя людзі. Але загад ёсць загад.

Пакуль рамонт ішоў поўным ходам, здарылася непапраўнае: Валошын адкрыў сейф, знайшоў у ім ключ ад пакоя са зброяй, зачыніўся ў ёй, узяў пісталет Макарава, зарадзіў у яго адзін баявы патрон і стрэліў. Не спынілі яго ані сігналізацыя, ані днявальны, які быў у 2-3 метрах ад пакоя.

— Ужо па гучнай сувязі абвясцілі, каб я тэрмінова прыйшоў у казарму. Там мяне чакалі старшына разам з камандзірам, яны спрабавалі выбіць дзверы, але дарэмна. Калі спыталі, дзе ключы, я зразумеў, што адбылося нешта нядобрае. Старшына пайшоў за балгаркай і спілаваў перамычку. І тады я ўбачыў цела, — распавядае Раман.

— Не адмаўляеце, што парушэнне вамі нясення службы пацягнула смерць Валошына? Калі б вы былі на месцы нясення службы, такое адбылося б? — пытаецца суддзя.

— Не, я думаю такога дакладна б не здарылася, — адказвае Раман.

З боку пацярпелых сёння нікога няма, таму пра радавога даведваемся з тамоў крымінальнай справы. Выхоўваўся ў няпоўнай сям'і, з мінулых інтарэсаў — школа і камп'ютар.

— Інтэлектуальныя здольнасці Сяргея Валошына былі вышэй за сярэднія. У сацыяльнай сферы — утоенасць, замкнёнасць, лёгкая ранімасць пры найменшай крытыцы. Паводле дадзеных экспертызы, Валошын быў неканфліктным ветлівым чалавекам, з калегамі ў яго былі хутчэй прыяцельскія адносіны, чым сяброўскія. Аб сваіх перажываннях нікому не расказваў. Да сябе Валошын прад'яўляў павышаныя патрабаванні, быў залішне самакрытычным. У яго на ўсё была свой пункт гледжання. Напярэдадні гібелі ён знаходзіўся ў стане павышанага сацыяльнага напружання, — зачытвае матэрыялы справы дзяржабвінаваўца.

— Вы заўважылі за радавым Валошыным суіцыдальныя думкі? — пытаецца суддзя.

— На мой погляд, у яго было добрае самаадчуванне, ніякіх панічных фраз ён не выказваў пры мне. Канфліктаў пры мне ў яго ні з кім не было. Салдат быў цалкам нармальным, адэкватным. Яго чаму памочнікам паставілі — ён усё вывучыў, выконваў, імкнуўся да нечага, — адказвае падсудны.

Згодна з абвінавачаннем па артыкуле 454 КК, старэйшаму лейтэнанту пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.

 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: