З 1 лістапада ў Мінску ўводзіцца адзіны нумар 115 па пытаннях ЖКГ

Для жыхароў Партызанскага раёна ў якасці эксперыменту адзіная тэлефонная лінія 115 была адкрыта ў пачатку верасня.



Эксперымент, мабыць, атрымаўся, і цяпер усе пытанні па ЖКГ па гэтым нумары будуць вырашаць усе сталічныя жыхары.

«За першы месяц працы, з 8 верасня па 8 кастрычніка, паступіла больш за 8,5 тыс. званкоў, — распавёў агенцтву «Мінск-Навіны» начальнік упраўлення Кантакт-цэнтра ЖКГ Мінска Ігар Кірыленка. — Пікавы час прыходзіцца на ранішнія гадзіны, прыкладна з 5.00 да 11.00, і вячэрнія — з 16.00 да 23.00. Мы не чакалі, што адзіны нумар будзе настолькі запатрабаваны, пры тым што жыхары Партызанскага раёна могуць па-ранейшаму звяртацца ў дыспетчарскія ЖЭС і ЖЭУ».

З 1 лістапада бягучага года нумар 115 стане агульнагарадскім, па ім змогуць звяртацца па пытаннях ЖКГ жыхары ўсіх раёнаў сталіцы. На першым часе гараджане змогуць тэлефанаваць і ў дыспетчарскія жыллёвых службаў, але з часам яны стануць прымаць заяўкі толькі аператараў кантакт-цэнтра.

Зараз у Кантакт-цэнтры працуюць толькі 6 аператараў, але колькасць працоўных месцаў будзе значна павялічана, а да канца года дзяжурыць на тэлефонах будуць адначасова каля 90 аператараў. Прыёмам і апрацоўкай зваротаў, якія не патрабуюць аператыўнага рэагавання, стануць займацца агулам больш за 130 спецыялістаў. Іх задача — зарэгістраваць заяўку, перадаць яе жыллёвай службе па тэрытарыяльнай прыналежнасці, пракантраляваць выкананне работ і выкананне ўстаноўленых тэрмінаў, паведаміць заяўніку пра вынік. Яшчэ 36 спецыялістаў адзінай дыспетчарскай службы будуць адказваць за выкананне аварыйных заявак, кантактаваць з прадпрыемствамі — пастаўшчыкамі камунальных паслуг.

Званок на нумар 115 платны.

Аплата ажыццяўляецца па ўстаноўленым «Белтэлекамам» сацыяльным тарыфе — 51 рубель за 1 хвіліну. Яна спаганяецца за час знаходжання на лініі, уключаючы перыяд чакання адказу аператара. «Мы прапанавалі «Белтэлекаму» ўвесці аплату толькі за час размовы. Спадзяемся, гэтае пытанне ўдасца ўрэгуляваць», — растлумачыў І. Кірыленка.

Пакуль званкі на нумар 115 прымаюць толькі са стацыянарных апаратаў, але ў хуткім часе можна будзе тэлефанаваць і з мабільнага тэлефона.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: