З 1 верасня будуць уведзены новыя навучальныя праграмы для першых, пятых і дзясятых класаў

У новым навучальным годзе ў першых, пятых і дзясятых класах будуць укаранёныя новыя навучальныя праграмы і тыпавыя навучальныя планы, паведаміла на прэс-канферэнцыі 9 красавіка ў Мінску намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка.



«Праз год па новых вучэбных планах і новых праграмаў будуць працаваць ужо пяты і шосты, на трэцяй ступені — дзясяты і адзінаццаты класы. Такім чынам, паступова, плаўна, на працягу пяці гадоў мы выйдзем на адносную завершанасць базавай адукацыі. І тады мы яшчэ раз перагледзім навучальныя праграмы ў 10-11-х класах», — сказала яна.

Паводле слоў намесніка міністра, сёння базавая адукацыя не дае навучэнцам поўную карціну аб некаторых прадметах. Да прыкладу, праграма па гісторыі ў дзевятым класе заканчваецца на Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. «Калі пасля дзевятага класа выпускнік прымае рашэнне, што не пойдзе ў ВНУ, а працягне навучанне ва ўстанове прафесійна-тэхнічнай адукацыі, то, выходзячы з дзевятага класа, па ўсіх вучэбных прадметах ён павінен мець адносна поўную карціну аб гэтым прадмеце», — адзначыла яна.

«Каб пазбавіцца ад такіх негатыўных момантаў, усе навучальныя праграмы будуць перагледжаны, — сказала Сідарэнка. — Але гэта не значыць, што зараз мы будзем нешта ламаць, ўводзіць нейкія новыя схемы. Гэтага не будзе».

Навучальныя праграмы першых класаў зменяцца нязначна, а ў пятых класах змяненні закрануць новы прадмет: «Айчынная і сусветная мастацкая культура», адзначыла намеснік міністра. «Мяркуем выкладанне гэтага прадмета па модульным прынцыпе, з улікам узроставых асаблівасцяў. Напрыклад у пятым класе ён будзе больш звязаны з прадметамі «Маляванне», «Музыка», а ў дзевятым класе мы, вядома, выйдзем на іншы ўзровень», — адзначыла Сідарэнка.

Паводле яе слоў, новы прадмет будуць выкладаць ранейшыя настаўнікі сусветнай мастацкай культуры, а таксама педагогі, у якіх гэты прадмет быў не асноўным.

У дзесятых класах ў новым навучальным годзе будзе даступна вывучэнне прадметаў як на базавым, так і на паглыбленым узроўні.

Naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: