З філфака БДУ адлічваюць удзельніка «Марша студэнтаў»: на заліку яго заваліла дачка Шамякіна

У студэнта 2-га курса філалагічнага факультэта БДУ Глеба Вайкуля, які ўдзельнічаў у «Маршы студэнтаў» 2 снежня, падчас заліковай сэсіі склаліся праблемы са здачай аднаго заліка. Гэты залік, па словах хлопца, ставіўся ўсім студэнтам «аўтаматам», але ён чамусьці стаў выключэннем.



Глеб Вайкуль два разы здаваў залік, і кожны раз выкладчык Таццяна Іванаўна Шамякіна яго не ставіла, спасылаючыся на недакладнасці і няправільныя фармуліроўкі. На трэці раз малады чалавек здаваў прадмет ужо камісіі:

«5 студзеня я здаваў залік камісіі з трох чалавек, у тым ліку там прысутнічала і Т. Шамякіна. Я адказаў на ўсе пытанні па білеце, і два сябры камісіі былі згодныя з тым, што я валодаю інфармацыяй па прадмеце і мне можна паставіць залік. Але Таццяна Іванаўна казала, што я адказваў няправільна, задавала дадатковыя пытанні не па білеце. Я адказваў і на гэтыя пытанні, але ў выніку, выкладчыца сказала, што хоча сустрэцца яшчэ раз на пераздачы. Я здзівіўся, таму што камісія — апошняя інстанцыя. Але я паверыў аўтарытэту выкладчыцы».

Але пазней інфармацыя пра пераздачу заліка камісіі не спраўдзілася, Глеб Вайкуль не змог датэлефанавацца да выкладчыка. А сёння пабачыў сваё прозвішча ў спісе студэнтаў на адлічэнне.

Таццяна Шамякіна (злева)

Студэнт дакладна не можа звязаць няздачу заліку з удзелам у «Маршы студэнтаў», але ён неаднаразова чуў з розных крыніц, што яго могуць адлічыць за актыўную пазіцыю і адкрытае выказванне свайго меркавання.

«Я рыхтаваўся да ўсіх залікаў і іспытаў, я быў упэўнены, што супраць мяне будуць правакацыі. Але спадзяваўся, што я здам усе іспыты. Аднак не чакаў, што мяне «заваляць» і гэта адбудзецца менавіта на заліку Таццяны Іванаўны Шамякінай», — кажа Глеб Вайкуль і спадзяецца, што дэканат дазволіць пераздаць яшчэ раз.

Паводле  «Наша Нів»

Нагадаем, акцыя «Марш студэнтаў» прайшла ў Мінску 2 снежня. На ёй маладыя людзі патрабавалі ў адміністрацыі ўніверсітэта ўдзелу ў кіраванні ВНУ і адмены платных пераздач залікаў і іспытаў. Акцыя сабрала каля сотні ўдзельнікаў, падчас яе нікога не затрымлівалі, але на некаторых удзельнікаў былі складзеныя адміністратыўныя пратаколы. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!