За 200 км ад Віцебска й Магілева фармуецца новая расейская мотастралковая дывізыя

Міжнародная валанцёрская супольнасць InformNapalm працягвае маніторынг мілітарызацыі Расеі й будаўніцтва ёю новых вайсковых аб’ектаў, а таксама стварэння вайсковай групоўкі сілаў уздоўж мяжы з Украінай і Беларуссю. 


4 траўня 2016 г. міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што “тры новыя дывізыі будуць створаныя для супрацьдзеяння нарошчванню сілаў NATO ля расейскіх межаў”. Характэрна, што ані Украіна, ані Беларусь не з'яўляюцца чальцамі гэтага паўночнаатлантычнага альянсу. Больш за тое, Украіна, у якой ужо больш за два гады працягваецца расейская вайсковая агрэсія і акупавана каля 7% тэрыторыі краіны, здзяйсняе ў вайсковай сферы выключна абарончыя захады й выбудоўвае ўздоўж мяжы з агрэсарам лінію эшалонаванай абароны. Беларусь жа звязаная з Расеяй усімі магчымымі  вайсковымі хаўрусамі й дамовамі, і нават уваходзіць з ёю ў адзіную рэгіянальную групоўку войскаў і адзіную сістэму супрацьпаветранай абароны. На гэтым фоне словы міністра абароны краіны-агрэсара гучаць вельмі недарэчна й цынічна.


У гэты момант адбываецца актыўнае будаўніцтва вайсковых базаў у г.Навачаркаску і п.Кадамаўскім Растоўскай вобласці, дзе будзе размешчаная 159-я мотастралковая дывізыя; у г.Багучар Варонежскай вобласці, дзе фармуецца 10-я танкавая дывізыя; у н.п.Валуйкі Белгарадскай вобласці практычна створаная вайсковая база 23-й мотастралковай брыгады; у г.Клінцы Бранскае вобласці ствараецца вайсковая база, на якую перакідваюцца падраздзяленні 28-й мотастралковай брыгады. Мілітарысцкія падрыхтоўкі закранулі цяпер і г. Ельня Смаленскай вобласці.

Паводле наяўных дадзеных, у Ельні аднаўляецца 144-я мотастралковая дывізыя, у якой да лета 2017 году мае быць больш за 6000 вайскоўцаў, сярод якіх прыблізна 3600 чалавек – афіцэры й кантрактнікі. У дывізію, меркавана, увойдуць тры мотастралковыя палкі, адзін танкавы, самаходны артылерыйскі й зэнітна-ракетны палкі, а таксама падраздзяленні забеспячэння.

13 ліпеня 2016 г. зафіксаванае прыбыццё першага эшалону з вайсковай тэхнікай і падраздзяленнямі 28-й АМСБр з Екатэрынбурга, вайскоўцы якой будуць займацца непасрэдным разгортваннем новай вайсковай базы.

(с) 1-smol.ru


Паводле паведамлення мясцовай раённай газэты «Знамя» (рас.), сёлета на месца дыслакацыі прыбудуць два батальёны з 400 вайскоўцамі ў кожным. Характэрна, што падраздзяленні 28-й АМСБр перакідваюцца таксама і ў г.Клінцы Бранскае вобласці.


У гэты момант вайскоўцы будуюць намётавае мястэчка й уладкоўваюць месца дыслакацыі.

Вядома, што Ельнінская дывізыя ўвойдзе ў склад 1-й гвардзейскай танкавай арміі разам з Таманскай мотастралковай і Кантэміраўскай танкавай дывізыямі, якая ў выніку будзе мець значны ўдарны патэнцыял.


У 2017 г. у Ельню будуць перадыслакаваныя два палкі, колькасць вайскоўцаў якіх будзе 2200 і 2800 чалавек адпаведна. Для прыблізна 2500 жаўнераў тэрміновае службы запланаваная пабудова 12 модульных казармаў і страўні. Тэрмін, які камандаванне вызначыла для гэтага будаўніцтва, не перавышае 6 месяцаў. Таксама, непадалёк мейсца дыслакацыі ў Ельні, прадугледжаная арганізацыя новага танкавага палігону.

Варта зазначыць, што новая дывізыя ў Ельні знаходзіцца на аднолькавай адлегласці як ад Віцебска, гэтак і ад Магілева, усяго за 200 км.

(c) Google Maps

(c) Google Maps

Падчас выведкі адкрытых крыніцаў была выяўленая вельмі цікавая дэталь: выбарчая камісія Смаленскай вобласці ў правядзенні выбараў у Дзярждуму РФ мае намер стварыць пад Ельняй часовую выбарчую дзяльніцу. Правядзенне выбараў, як вядома, запланаванае на 18 верасня 2016 году. Зыходзячы з гэтага факту, можна меркаваць, што значны кантынгент вайскоўцаў, для якіх неабходнае стварэнне асобнае выбарчае дзяльніцы, будзе перадыслакаваны ў Ельню ўжо ў жніўні 2016 г.

Ніжэй падаем спадарожнікавы здымак сэрвісу «Яндэкс.Мапы» з месцам дыслакацыі новай мотастралковай дывізыі. На фота зафіксаваная тэрыторыя вайсковай базы, а таксама мікрараён Ельні «Кутузаўскі», у якім пэўны час будзе знаходзіцца частка прыбылых вайскоўцаў, перадусім, афіцэраў.


Таксама зазначым, што дывізыя ў Ельні, як і брыгада ў Клінцах, фармуецца на базе падраздзяленняў 28-й АМСБр з Екатэрынбурга, якая мае значны баявой досвед, атрыманы падчас вайсковай агрэсіі супроць Украіны й Сірыі. Мейсца ейнае дыслакацыі ў Смаленскае вобласці сведчыць пра абсалютную прыярытэтнасць беларускага напрамку. Разам з мотастралковай брыгадай ў Клінцах, якая знаходзіцца за 90 км ад Гомлі, новая дывізыя ў Ельні будзе мець значны ўдарны патэнцыял для здзяйснення аперацыяў падчас мажлівай гібрыднай вайны ва Усходняй Беларусі. Можна смела выказаць здагадку, што створаныя новыя вайсковыя базы будуць напоўніцу выкарыстоўваць і спецпадраздзяленні ГРУ Генштаба Збройных сілаў РФ, якія пад прыкрыццём дыслакаваных на іх мотастралковых частак, будуць зздяйсняць апэрацыі для дэстабілізацыі сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусь у выпадку задзейнічання любога з сцэнароў анэксіі дзяржавы. Адсутнасць памежнага кантролю, а таксама значных вайсковых сілау ўздоўж мяжы з Расеяй, істотна спрыяе падобнаму разьвіццю падзеяў.

Калі правесці гістарычныя паралелі між Расіяй і Беларуссю з хаўрусам Нямеччыны й Італіі падчас Другой усясветнай вайны, то не выпадае сумнявацца, што ў разе патрэбы, Расея, таксама, як калісьці і Нямеччына, акупуе тэрыторыю свайго ўчорашняга хаўрусніка, улічваючы, што абарону сваіх так званых «нацыянальных інтарэсаў» яна традыцыйна зздяйсьняе вайсковым чынам на тэрыторыі іншых дзяржаваў.

Мы будзем і далей сачыць за развіццём сітуацыі і інфармаваць грамадскасць пра рэальныя пагрозы нацыянальнай бяспецы Украіны й Беларусі. Гэта адная з нашых асноўных задачаў і мэтаў. Задачай жа палітычнай эліты Беларусі на гэтым этапе мае быць здзяйсненне захадаў што да ўзмацнення сістэмы нацыянальнай бяспекі дзяржавы: замяшчэння вайсковага камандавання на выпускнікоў беларускіх вышэйшых вайсковых навучальных установаў, увядзенне памежнага кантролю з РФ і значнае падвышэнне абароназдольнасці арміі на ўсходнім напрамку.


Дзяніс Івашын, Informnapalm.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: