За абразу пракурора мужчыну пакаралі двума гадамі «хатняй хіміі»

Падчас вобшуку па справе аб абразе сілавікі забралі бела-чырвона-белы сцяг, два балоны з чырвонай фарбай, керамічны выраб з выявай герба «Пагоня», вокладку з выявай «Пагоня». Суд пастанавіў: мабільны тэлефон канфіскаваць як сродак здзяйснення злачынства, а вынятыя рэчавыя доказы — знішчыць.

Суд Савецкага і Першамайскага раёнаў Мінска. Фота spring96.org

У судзе Першамайскага раёна Мінска разгледзелі справу ў дачыненні да Дзмітрыя Невяроўскага, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Справу разглядаў суддзя Максім Трусевіч, бок дзяржабвінавачвання падтрымліваў Худаешка, паведамляюць праваабаронцы.

Паводле абвінавачання, Дзмітрый Невяроўскі пакінуў абразлівы нецэнзурны каментар у тэлеграм-чаце «Каратели Беларуси» пад фота старшай памочніцы пракурора Фрунзенскага раёна Валерыі Таратынка ў сувязі з выкананнем ёю сваіх службовых абавязкаў, чым прынізіў яе гонар і годнасць. Дадзены каментар быў дасяжны для неабмежаванага кола карыстальнікаў інтэрнету.  

Абвінавачаны знаходзіўся на падпісцы аб нявыездзе і належных паводзінах, мае 3 групу інваліднасці. У судзе абараняў сябе сам. Ён поўнасцю прызнаў віну, сказаў, што пакінуў каментар на эмоцыях пасля таго, як прачытаў шмат розных навін, не хацеў прычыніць маральныя пакуты пацярпелай.

Пацярпелая Валерыя Таратынка ў судзе распавяла, што працуе ў пракуратуры з 2017 года, удзельнічала ў якасці дзяржаўнага абвінаваўцы ў крымінальных працэсах і ажыццяўляла нагляд па адпаведных крымінальных справах.

7 снежня 2020 года ў адным з тэлеграм-каналаў былі размешчаныя фота і персанальныя даныя, у тым ліку сведчанні пра асабістае жыццё: імя і прозвішча, дата нараджэння, месца пражывання, мабільны тэлефон, пашпартныя даныя. Там жа было ўказана і службовае становішча. Пазней — 15 студзеня 2021 года — указаны запіс быў прадубляваны ў тэлеграм-канале «Каратели Беларуси», на якім мелася магчымасць каментавання. У гэты ж дзень і наступныя дні пад запісам былі размешчаныя абразлівыя каментары, у тым ліку і абвінавачаным.

«Лічу, што каментар, размешчаны абвінавачаным, быў пакінуты ім ў сувязі са службовым становішчам, што я займала як прадстаўніка ўлады, паколькі раней з абвінавачаным я знаёмая не была, ніякіх непрыязных адносін адно да аднаго мы не адчувалі», — падкрэсліла Таратынка.

Да моманту суда Дзмітрый Невяроўскі з Валерыяй Таратынка не сустракаўся, не прыносіў ёй прабачэнняў, не прадпрымаў ніякіх мер па кампенсацыі шкоды. Аднак пасля таго, як пацярпелая пачула, што абвінавачаны мае групу інваліднасці, і толькі на гэтай падставе, яна вырашыла не заяўляць грамадзянскі іск па кампенсацыі маральнай шкоды.

Абвінавачаны выбачыўся перад пацярпелай, патлумачыў, што ў той вечар прачытаў шмат навін, быў усхваляваны і ў тэлеграм-канале пабачыў фота і апісанне пра пракурора, пакінуў каментар. У судзе казаў, што яго дзеянне не было справядлівым, звычайна ён нікога не абражае.

«Гэта было зроблена мной па глупстве, у той момант я не ведаў, да чаго гэта можа прывесці».

Таратынка прыняла прабачэнні, выказала спадзяванне, што Невяроўскі зробіць адпаведныя высновы і больш не парушыць закон. Пасля гэтага яна пакінула залю суда.

У судзе былі вывучаныя пісьмовыя матэрыялы справы. У іх, сярод іншага, адзначалася, што ў абвінавачанага быў праведзены вобшук, падчас якога былі канфіскаваныя і далучаныя ў якасці рэчавых доказаў палотнішча, бела-чырвона-белы сцяг, два балоны з чырвонай фарбай, керамічны выраб з выявай герба «Пагоня», вокладка з выявай «Пагоні».

Падчас спрэчак бакоў пракурор прасіў суд прызнаць Дзмітрыя Невяроўскага вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады і пакараць яго двума гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Раніцай 29 ліпеня суд агучыў прысуд. Максім Трусевіч палічыў віну Дзмітрыя Невяроўскага даказанай і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў «хатняй хіміі».

Мабільны тэлефон канфіскаваць як сродак здзяйснення злачынства, а вынятыя рэчавыя доказы — знішчыць.

Паводле spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: