За адкрыццё помніка Слуцкаму збройнаму чыну сёння сабрана 500 подпісаў

У суботу, 14 студзеня, у цэнтры Слуцка актывісты руху «За Свабоду» і сябры ініцыятыўнай групы "Дзея" збіралі подпісы за ўсталяванне помніка героям Слуцкага збройнага чыну.

Ініцыятаркай збору подпісаў выступіла актывістка руху «За Свабоду» Аліна Нагорная. У гэты дзень ажывіць «закамянелы наш беларускі родны дух» разам з ёй намагаліся і іншыя сябры арганізацыі, у тым ліку і сябра Рады Руху Алесь Лагвінец.


На працягу дня было сабрана 500 подпісаў, якія разам з іншымі яшчэ больш за 1000 подпісамі пасля 1 лютага перададуць у Слуцкі райвыканкам для прыняцця рашэння.

Асаблівую ўвагу падчас збору подпісаў актывісты надалі жыхарам дамоў на вуліцы Камсамольскай, на якой знаходзіўся дом Эдварда Вайніловіча, дзе засядала Рада Случчыны. На жаль, на грамадскіх слуханнях аб перайменаванні вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў, па інфармацыі райвыканкама, людзі выказаліся супраць такога перайменавання. Магчыма, паспрыялі ўяўленні аб некаторых побытавых нязручнасцях, звязаных са зменай назвы.


Грамадская актывістка Алеся Мерынава распавяла пра рэакцыю людзей у доме №5 на вуліцы Камсамольскай.

 — Ведаючы пра негатыўнае стаўленне жыхароў да перайменавання вуліцы, я была здзіўлена пазітыўнымі адносінамі  да ініцыятывы па ўсталяванню помніка Слуцкаму збройнаму чыну. Некаторыя асцярожнічалі, нібыта пабойваліся, але большасць грамадзян у доме №5 на вуліцы Камсамольскай ахвотна паставілі свае подпісы пад калектыўным зваротам, — паведаміла дзяўчына.


Сталая жанчына, якая назвалася Вольгай Мікалаеўнай, мае настальгію па савецкіх часах, калі ўсе жылі ў адной краіне, і не вельмі турбуецца пра незалежнасць. Але нават яна паставіла свой подпіс за ўсталяванне помніка.

 — Калі столькі людзей змагалася за сваю справу — яны заслугоўваюць помніка. Да таго ж гэта былі простыя людзі, не бандыты. Савецкія часы, калі гэта замоўчвалася, мінулі. Наяўнасць помніка дапаможа ведаць гісторыю.


Гісторык Ніна Стужынская, дарэчы, ужо даўно гаворыць пра неабходнасць распаўсюджвання ведаў пра Слуцкі збройны чын 1920 года.  Яна лічыць, што сам факт Слуцкага паўстання ставіць нас, беларусаў, на адну дошку з іншымі народамі, якія пасля развалу Расійскай імперыі хоць і не змаглі утрымаць сваю незалежнасць, але вялі за яе ўпартую барацьбу.

З гісторыяй Слуцкага паўстання варта было б знаёміць не толькі сваё грамадства, але і іншыя краіны. Бо фактам барацьбы за сваю незалежнасць беларусы маглі б здабыць толькі пашану, а не ісці па шляху самазнішчэння — лічыць Стужынская.

У неспакойны для краіны час змаганне за вуліцу і помнік Слуцкаму збройнаму чыну — неабходныя крокі па ўшанаванню саміх сябе, як грамадзян сваёй незалежнай краіны.

Дзеля чаго? «А дзеля таго, каб у будучыні не папасці ў каланіяльную залежнасць ад другіх народаў», як напісаў некалі Васіль Русак, герой Слуцкага збройнага чыну.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: