За бчб-сэрцайкі затрымалі навукоўца Анатоля Літвіновіча

Сёння ў Мінску міліцыянты прыйшлі да навукоўца-этнографа Анатоля Літвіновіча. Яго разам з дзвюма малымі дзецьмі забралі ў Фрунзенскае РУУС за бчб-сэрцайкі, якія віселі на акне са жніўня.



Ілюстрацыйны здымак Дзмітрыя Дзмітрыева

Пра затрыманне мужа "Новаму Часу" паведаміла яго жонка Вольга Літвіновіч. — Недзе а 10-й ранку мне патэлефанавалі міліцыянты і паведамілі, што мужа забіраюць у РУУС разам з дзецьмі 5 і 7 гадоў, сказалі, каб я прыехала туды. У выніку я прыехала нават раней за іх, і мы ўчатырох да 12 гадзін проста сядзелі ў калідоры і чакалі — без вады і ежы. Ніхто нам нічога не паведамляў, сказалі чакаць, — распавяла жанчына.

Прычынай затрымання сталі бчб-сэрцайкі, якія віселі на вокнах кватэры Літвіновічаў на першым паверсе яшчэ са жніўня. Да гэтага ніякіх прэтэнзій да ўпрыгажэння сям'і не паступала.

— Яны сказалі, што паступіла на нас скарга ад суседзяў. А яшчэ, калі прыходзілі, сказалі, што будуць звяртацца ў аддзел адукацыі, каб у нас забралі дзяцей, бо ў хаце беспарадак.

Дзяцей у Літвіновічаў шасцёра: старэйшаму, Алесю, 14 гадоў, ён заканчвае восьмы клас, дачка Ганна заканчвае шосты, Юстына — трэці, Яніна-Кацярына, якую разам з бацькам адвезлі ў РУУС, — першы, яшчэ адной "затрыманай" дачцэ, Марыі-Надзеі, 25 траўня споўнілася 5 гадоў, і малодшай, Зосі, — 2 .

У выніку а 12 гадзіне Вольгу з дзецьмі адпусцілі дахаты. Дзяўчынкі, па яе словах, не спалохаліся і паводзілі сябе добра.

Па стане на 18 гадзін вечара Вользе Літвіновіч усё яшчэ не было вядома, што з яе 70-гадовым мужам і ці адпусцяць яго дахаты. А яго дапамога вельмі патрэбная жанчыне, якая засталася з шасцю дзецьмі на руках і якіх трэба забіраць з садкоў і вечаровага канцэрту.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: