За чытанне кніг у электрычцы пенсіянеркам даюць штрафы і суткі

За чытанне кніг у электрычцы ўжо асудзілі васьмярых жанчын: агулам штрафаў прысудзілі на 7 685 рублёў, адну пенсіянерку арыштавалі на 20 сутак, паведамляюць праваабаронцы, якія назіраюць за судовымі працэсамі.

У пятніцу, 26 лютага, на выхадзе з электрычкі «Мінск-Маладзечна» затрымалі прынамсі 14 пенсіянерак. На станцыі «Мінск-Паўднёвы» жанчын ужо чакалі супрацоўнікі міліцыі. Іх затрымалі і даставілі ў РУУС, дзе склалі пратаколы па арт. 23.34, а на некаторых — і па 23.4 КаАП за акцыю ў падтрымку беларускай мовы. Як пазней стала вядома, прычынай затрымання стала чытанне кніг беларускіх пісьменнікаў. Жанчын пасля РУУС змясцілі на некаторы час у ІЧУ на Акрэсціна, дзе, паводле іх слоў, на 6 спальных месцаў прыходзілася 14 жанчын.

Сёння ў розных судах Мінска асудзілі васьмярых жанчын. «Правасуддзе» над імі ажыццяўлялі чатыры суддзі: Міхаіл Макарэвіч, Дзмітрый Карсюк, Наталля Дзядкова і Алена Жывіца.

Галіне Гулянковай і Алене Засценчык пашанцавала менш за ўсіх. На іх склалі адразу два пратаколы: па арт. 23.34 і 23.4 КаАП. Па рашэнні суддзі Міхаіла Макарэвіча 66-гадовая Галіна Гулянкова будзе адбываць 20-сутачны арышт у эпіцэнтры COVID-19.

А суддзя Алена Жывіца аштрафавала пенсіянерку Алену Засценчык адразу на 1740 рублёў (60 базавых).

Максімальныя штрафы па арт. 23.34 КаАП атрымалі 59-гадовая Святлана Лазебнік, 68-гадовая Любоў Кучынская, 59-гадовая Ніна Несцяровіч, 66-гадовая Аксана Каратава, 59-гадовая Таццяна Шыманская і 59-гадовая Ірына Новік. Усе яны павінны выплаціць дзяржаве па 870 рублёў (30 базавых велічынь).

У дзень затрымання асудзілі 75-гадовую Наталлю Іванісаву і адразу адпусцілі дадому. Пенсіянерку аштрафавалі на 25 базавых (725 рублёў).

У выніку ўлады зарабілі на жанчынах, якія чыталі ў электрычцы беларускую літаратуру, 7685 рублёў. Суды над затрыманымі 26 лютага працягваюцца.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: