За «экстрэмісцкі» каментар сыну палітзняволенай Таццяны Канеўскай прысудзілі тры гады калоніі

Сына палітзняволенай Таццяны Канеўскай абвінавачвалі ў размяшчэнні ў адным з чатаў каментара з заклікам да гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў і іх сем'яў.
Дзмітрый Канеўскі

Дзмітрый Канеўскі

Гомельскі абласны суд 17 чэрвеня вынес прысуд па крымінальнай справе Дзмітрыя Канеўскага за каментар з заклікамі да гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў і іх сем’яў (арт. 130 КК — «Наўмысныя дзеянні, скіраваныя на распальванне расавай, рэлігійнай, сацыяльнай і іншай варожасці»).

Справу разглядаў суддзя Руслан Царук, дзяржабвінаваўца — пракурор Асадчы.

Сына палітзняволенай Таццяны Канеўскай абвінавачвалі ў размяшчэнні ў адным з чатаў каментара з заклікам да гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў і іх сем'яў.

Справу пачалі разглядаць 28 траўня ў Гомельскім абласным судзе.

Маладога чалавека абвінавацілі ў «наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне расавай, рэлігійнай, сацыяльнай і іншай варожасці». Усё абвінавачанне грунтавалася на адным каментары ў тэлеграм-чаце «Гомель Савецкі 97». У каментары Зміцер напісаў, што яго калегу Антона Марцінкевіча забілі амапаўцы, і заклікаў да гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў.

На допыце Дзмітрый сказаў, што каментар напісаў на эмоцыях і не збіраўся здзяйсняць гвалт над амапаўцамі.

«Я на эмоцыях гэта напісаў. Агрэсія была ў дачыненні да міліцыянтаў, якія займаюцца незаконнай дзейнасцю. У прыватнасці, АМАП. Перад напісаннем выпіў 0.5 гарэлкі. Я даведаўся, што амапаўцы ў Лідзе забілі майго калегу Антона Марцінкевіча, мая маці тады была ў турме, ды яшчэ і выбары былі сфальсіфікаваныя», — казаў Зміцер на першым пасяджэнні.

Бацька Марцінкевіча, а таксама яго дзяўчына, паведамілі Дзмітрыю, што яго сябар — мёртвы. Следства першапачаткова не правярала гэты факт, толькі пасля таго, як Дзмітрый настаяў. Паводле слоў следчых, з Марцінкевічам яны размаўлялі — ён жывы. Дзмітрыю мець зносіны з іншымі не дазволілі.

Прысуд вынеслі 17 чэрвеня, на трэцім пасяджэнні: тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Пад вартай Зміцер знаходзіўся з 27 студзеня. Гэты час яму залічаць у адбыванне прысуду.

spring96.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: