За фарбу на будынку суда могуць пасадзіць да шасці гадоў

Стала вядома, што фігурантам, якіх падазраюць у закіданні будынка Мінскага гарадскога суда фарбай 25 верасня напярэдадні суда над Змітром Паліенкам, пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Фота з сацыяльных сетак

Фота з сацыяльных сетак



"Заведзеная крымінальная справа па артыкуле 339 "Хуліганства", а не 341 "Псаванне маёмасці", як паведамлялася раней, — паведаміў у фэйсбуку актывіст Вячка Касінераў. — Артыкул 339 ч.2 КК РБ мае на ўвазе пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў. Адзначым, што ўсё гэта ў дачыненні да двух абсалютна невінаватых людзей. Але галоўнае, што хлопцы зараз на волі (дубаломы з МУС не такія ўсемагутныя, якімі спрабуюць здавацца)».

Нагадаем, на 25 верасня ў Мінскім гарадскім судзе быў прызначаны судовы працэс над актывістам анархісцкага руху Змітром Паліенкам. Аднак раніцай на сцяне суда былі заўважаныя чырвоныя плямы фарбы, якія праз некаторы час былі зафарбаваныя. 10 кастрычніка ў сувязі з гэтым былі праведзены ператрусы ў столінскіх сацыяльных актывістаў. Праваабаронцам стала вядома, што ўвага сілавікоў была скіраваная на Сяргея Неўдаха і Сяргея Сазановіча.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!