«За нашы і вашы правы»: акцыі ў Дзень правоў чалавека па ўсёй Беларусі (фота)

Інфармацыйнай акцыяй праваабаронцы «Вясны» і валанцёры 10 снежня адзначылі Міжнародны дзень правоў чалавека.

Некалькі тысяч асобнікаў газеты “Народная воля” са спецвыпускам “За нашы і вашы правы”, а таксама газеты “Новы час” былі раздадзеныя жыхарам сталіцы.

Спецвыпуск быў прысвечаны найбольш актуальным пытанням, якія хвалююць грамадзян Беларусі сёлета: праблема беспрацоўя і сацыяльная неабароненасць,  прымусовая праца, дэкрэт аб дармаедах, тэма палітычных зняволеных.


Гаражане, нягледзячы на халодны і часты дождж спыняліся каля праваабаронцаў, цікавіліся нагодай для акцыі, а таксама тэмаю газеты, некаторыя прасілі адразу па некалькі асобнікаў для сябе і суседзяў. Было бачна, што многім з іх праўдзівае газетнае слова становіцца сёння меней даступным, чым у ранейшыя гады.


У дзень прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека 10 снежня праваабаронцы звярталі ўвагу грамадзянаў на тое, што беларуская дзяржава грэбліва ставіцца да фундаментальных правоў, замацаваных гэтым універсальным дакументам, і не выконвае ўзятыя на сябе абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека.  
Інфармацыйныя акцыі і іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню правоў чалавека прайшлі сёння таксама і ў іншых гарадах Беларусі.


Гродна


У Гародні працягваюцца мерапрыемствы, прысвечаныя Дню правоў чалавека.



Гарадзенскія праваабаронцы пачалі сённяшнюю частку мерапрыемстваў прысвечаных Дню правоў чалавека з інфармацыйнай кампаніі. На прыпынках, рынках і іншых людных месцах, гарадзенскія праваабаронцы раздалі жыхарам гораду на Нёманам каля пяцьсот асобнікаў газеты “Народная воля” з спецвыпускам, прысвечаным сённяшняму святу, Дню правоў чалавека.

Гарадзенцы бралі газету з ахвотай, задавалі пытанні. Некаторыя прасілі кантакты праваабаронцаў.


Так яшчэ больш гараджан атрымалі інфармацыю і пра сённяшняе свята, і пра дзейнасць праваабаронцаў і пра нашыя сайты, у тым ліку і пра гарадзенскі праваабарончы сайт “Гарадзенская вясна”.

Напярэдні прадстаўнікі гарадзенскай філіі ПЦ “Вясна” адчынілі ў Цэнтры гарадскога жыцця Гародні па вуліцы Савецкая 3 выставу беларускай выцінанкі аўтарства Вольгі  Бабурынай. Выстава таксама прымеркавана да міжнароднага Дня правоў чалавека, які ва ўсім свеце адзначаецца 10 снежня.

Зараз, пасля інфармацыйнай акцыі, гарадзенскія праваабаронцы збіраюцца на круглы стол, на якім будуць абмеркаваныя праблемы, звязаныя з парушэннем правоў чалавека ў Гародні.


Магілёў

Раніцай 10 снежня праваабаронцы «Магілёўскай вясны» раздалі ў цэнтры горада спецыяльныя нумары газеты «Народная воля», прысвечаныя Дню правоў чалавека. Як адзначыў удзельнік акцыі праваабаронца Аляксей Колчын, людзі ахвотна бралі газеты.


— Адзін мужчына нават паспеў нешта там чытаць і пагаварыць са мной аб правах чалавека. Газеты разышліся хутка, нягледзячы на не вельмі прыемнае надвор'е. Частку асобнікаў мы раздалі на вуліцы Ленінская, частку — у падземным пераходзе на скрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Піянерскай, — паведаміў праваабаронца.


Баранавічы

Баранавіцкія праваабаронцы і актывісты адзначылі 68-ю гадавіну прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.


Падчас круглага стала абмяркоўваліся сітуацыя з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, праводзілася раздача спецвыпуску газэты "Народная Воля" з праваабарончай старонкай «За нашы і вашы правы».

Такім чынам, праваабаронцы Баранавічаў нагадалі гараджанам пра правы чалавека і пра тое, што 10-га сьнежня была прынята Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека і 30 артыкулаў якой гарантуюць грамадзянам правы і свабоды.


Падчас акцыі праваабаронцы адказвалі на пытанні грамадзян і раздавалі ім, разам з газетай «Народная Воля» з праваабарончай старонкай, яшчэ і тэксты Дэкларацый.

— У гутарках грамадзянам тлумачылі, што да выканання гарантаваных Усеагульнай дэкларацыяй правоў, павінны імкнуцца ўсе дзяржавы, таксама Баранавіцкія праваабаронцы нагадалі грамадзянам пра праблему смяротнага пакарання, якая вельмі актуальная і патрабуе тэрміновага ўмяшання шырокіх слаёў насельніцтва,— распавёў праваабаронца Аляксандр Вайцешык.

Міжнародны дзень правоў чалавека адзначаецца ў гадавіну прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Гэты дакумент быў прыняты Генеральнай асамблеяй ААН 10 сьнежня 1948 года і стаў агульнай нормай, да дасягнення якой павінны імкнуцца народы ўсіх краін. Дэкларацыя, якую падпісала і Рэспубліка Беларусь, абвяшчае правы асобы, грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды — роўнасць усіх перад законам, права кожнага на свабоду і асабістую недатыкальнасць, свабоду сумлення і іншыя.


spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: