За незалежнасць — больш за 50 судоў

Пасля працяглых святаў краіна ўваходзіць у звыклае рэчышча. З 8 снежня зноў запрацаваў «судовы канвеер». У судах Мінска і рэгіёнаў праходзяць адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да тых людзей, што выходзілі на акцыі за незалежнасць Беларусі.


Усяго, паводле дадзеных праваабаронцаў, 8–10 снежня павінна адбыцца больш за паўсотні судовых працэсаў. Збольшага абвінавачванні простыя — артыкул 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах). Такімі ўлада палічыла выступы 7, 8, 20 і 21 снежня мінулага года.

8 снежня судзілі «першую партыю» ў судзе Маскоўскага раёна. Актывістку Алену Талстую суддзя Юлія Варакса прысудзіла да штрафу ў 50 базавых велічыняў (1350 рублёў). Віктар Савіч на пасяджэнне не прыйшоў. У выніку яго судзілі не толькі за акцыю 7 снежня, але і за 20 і 21 снежня, то-бок па трох пратаколах. Агулам суддзя Лідзія Целіца прысудзіла яму 25 базавых велічыняў (675 рублёў). Анархіст Вячаслаў Касінераў атрымаў ад суддзі Таццяны Мотыль штраф у 30 базавых велічыняў (810 рублёў). Жонка Вячаслава Марына Касінерава была аштрафаваная на тую ж суму суддзёй Юрыем Машкетавым.

Сяргей Антончык у суд не з’явіўся па сямейных абставінах. Суддзя Віктар Казак завочна прысудзіў яго да штрафу ў 30 «базавых».

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікалай Трафімчук на пасяджэнне прыйшоў, аднак сведкі — міліцыянты Сувораў і Бахановіч — не з’явіліся. Тым не менш, суддзя Юлія Варакса прысудзіла яму 20 базавых велічыняў (540 рублёў). Святар Леанід Акаловіч атрымаў ад Юрыя Машкетава штраф у 30 «базавых».

Актывіст Legalize Belarus Міхась Варанцоў падаў хадайніцтва аб вядзенні працэсу на беларускай мове. Суддзя Лі­дзія Целіца ў адказ выдала яму штраф у 30 «базавых».

Актывістка «Моладзевага блоку» Алана Гебрэмарыям хадайнічала аб азнаямленні з матэрыяламі справы. Суддзя Таццяна Мотыль хадайніцтва задаволіла і абвясціла перапынак. Пасля перапынку Гебрэмарыям выказала адвод суддзі, але гэтае хадайніцтва ўжо задаволенае не было. Але пад такім ціскам суддзя адправіла справу на дапрацоўку.

Расклад некаторых працэсаў вельмі парадаксальны. Напрыклад, 9 студзеня павінны двойчы судзіць Максіма Урбановіча, які і так адбывае 15 сутак арышту (да 11 студзеня) за акцыю пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй 7 снежня. Адзін працэс з суддзёй Есьманам у судзе Цэнтральнага раёна Мінска прызначаны на 9.15 раніцы, а другі, з суддзёй Таццянай Акавітай, — на 9.30. Пры гэтым Акавітая ў 9.15 павінна разглядаць справу Андрэя Хранкова, а ў 9.45 таго ж Хранкова павінен судзіць Есьман. Алену Янушкоўскую ў 9.15 будзе судзіць суддзя Юлія Густыр, а ў 9.30 — усё той жа Есьман.

Мовазнаўцу і былога пасла Беларусі ў Нямеччыне Пятра Садоўскага 9 снежня ў 12 гадзін судзіць Юлія Густыр, а ў 12.15 — ужо Іван Касцян.

Журналістку «Новага Часу» Дзіяну Серадзюк будуць судзіць 10 студзеня, якраз у дзень друку газеты, — быццам за ўдзел у акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй 20 снежня. Але Дзіяна ў час гэтай акцыі была на занятках па англійскай мове.

Бачна, што беларускае «правасуддзе» мае намер укласціся ў 15 хвілін на разбор справы. Канешне, за гэты час ніякага сапраўднага судовага разгляду адбыцца не можа: суддзя паспее хіба што зачытаць падсуднаму яго правы і вынесці вырак. Значыць, выракі ўжо напісаныя загадзя, што не мае ніякага дачынення да «правасуддзя».

І тым не менш, Урбановіч атрымаў ад Есьмана штраф у 50 базавых велічыняў, і яшчэ 50 базавых — ад Акавітай. Андрэй Хранкоў быў аштрафаваны той жа Акавітай на 50 базавых, і на столькі ж — ад Есьмана. Алена Янушкоўская аштрафаваная Юліяй Густыр і Валерыем Есьманам на 30 базавых ад кожнага суддзі.

Атрымалі штрафы і статусныя апазіцыянеры. Мікалаю Казлову суддзя Іван Касцян прысудзіў штраф у 50 базавых у Цэнтральным судзе Мінска, і яшчэ 50 базавых штрафу яму дала Алена Жывіца ў Кастрычніцкім судзе сталіцы. Андрэй Шарэнда аштрафаваны на 50 базавых Юліяй Густыр, Анатоль Лябедзька атрымаў 30 базавых у судзе Фрунзенскага раёна. Ганну Шапуцьку суддзя Юлія Шут аштрафавала на 25 базавых. Павел Севярынец, які таксама адбывае тэрмін на Акрэсціна, быў пакараны на 50 базавых, мовазнаўца і пасол Пётр Садоўскі суддзёй Іванам Касцянам па аднаму пратаколу аштрафаваны на 30 базавых. Другі пратакол адпраўлены на дапрацоўку.

Мастак Алесь Марачкін асуджаны суддзёй Барысёнкам на 30 базавых велічынь штрафу, а сацыял-дэмакрат Ігар Барысаў ад суддзі Наталлі Дзядковай атрымаў «толькі» 15 базавых велічынь. На 50 базавых велічынь аштрафаваны Сяргей Спарыш. Алена Талстая аштрафаваная на 50 базавых. Таццяна Севярынец у Першамайскім судзе Віцебска па двух пратаколах атрымала агулам 60 базавых велічынь штрафу.

А Лявон Баршчэўскі, кандыдат філалагічных навук, перакладчык, былы намеснік дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэя, абурыўся: у пратаколе пазначана, што ў яго сярэдняя адукацыя, а не вышэйшая, як тое ёсць на самай справе. У выніку справу адправілі на дапрацоўку.

Увогуле, цяпер суды ў асноўным абышліся штрафамі — прычым даволі буйнымі, якія людзям сплаціць будзе складана. Няўжо суды сапраўды спадзяюцца «сабраць грошы» з тых, хто выйшаў у абарону незалежнасці і суверэнітэту краіны?

Цікава, ці ўсведамляюць суддзі, што тыя, каго яны каралі, змагаліся ў тым ліку і за іх, суддзяў? Бо, калі Расія паглыне Беларусь, суды ж вокамгненна зробяцца расійскімі, і гэтых суддзяў наўпрост выкінуць з іх утульных фатэляў?

Варта было б суддзям таксама памятаць, што «вынясенне заведама неправасуднага прысуду, рашэння альбо іншага судовага акту» выклікае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі, а ў тых выпадках, калі гэты прысуд прынёс цяжкія наступствы, — да 10 гадоў. «Рашэнне і іншы судовы акт», пра якія гаворыцца ў артыкуле 392 сённяшняга Крымінальнага кодэкса, — гэта і вырак па адміністрацыйнай справе таксама.

Людзі, якіх цяпер судзяць, абаранялі незалежнасць краіны, што па Канстытуцыі — Асноўным законе — ёсць іх не проста правам, але і абавязкам. Суддзі, якія выносяць «прысуды» за 15 хвілін, павінны ж разумець: Лукашэнка не вечны, а Гугл памятае ўсё.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: