За паход у лазню ў жодзінцаў ледзь не забралі дзіця

Іна Чыжонак была ў той самай вядомай жодзінскай лазні 25 красавіка, калі туды ўварваліся сілавікі. Як «пакаранне» жанчыне далі 200 базавых велічынь штрафу. А самае страшнае — пагражалі забраць 12-гадовага прыёмнага сына, піша «Белсат».

Іна Чыжонак разам з сынам. Фота: архіў гераіні

«Не трэба было шляцца там, дзе не прасілі»

Усё пачалося 4 траўня, калі на працу да мужа Іны прыйшла прадстаўніца аддзела кадраў. Яна заявіла, што ён мусіць падпісаць загад аб скасаванні дамовы. Мужчына працуе ў мясцовым аддзеле кадраў як бацька-выхавацель прыёмнай сям’і.

Справа ў тым, што сямʼя Чыжонкаў выхоўвала дваіх дзяцей сірот. Старэйшы сын ужо вырас, а малодшаму — 12 гадоў.

«Для мужа гэта быў вялікі шок! Ён пытае: "У чым прычына?" А яму адказваюць: "А не трэба было шляцца там, дзе не прасілі!"», — прыгадвае Іна.

Прыёмных дзяцей Чыжонкі выхоўвалі з 2004 года, а малодшы сын пад іх апекай знаходзіцца з 3 гадоў. Раней да сямʼі не было аніякіх нараканняў. Наадварот — граматы і падзякі.

«Муж быў у слязах, спрабаваў высветліць, чаму з намі дамову разрываюць. Кажуць, што паступіла інфармацыя, маўляў, мы дрэнная сямʼя і кепска ставімся да дзіцяці. І ўжо на наступны дзень мусіць быць нарада, дзе і вырашаць, ці застанецца ў нас сын», — з болем у голасе прыгадвае Іна.

Народны рэзананс

Даведаўшыся пра сітуацыю, Іна вырашыла «падняць бучу». Яна напісала пра сваю сітуацыю ў жодзінскія Telegram-каналы і апублікавала пост на сваёй старонцы ў Facebook.

«Пайшоў грамадскі рэзананс, я адчувала моцную падтрымку ад людзей. Знаёмыя і незнаёмыя людзі сталі пісаць лісты і званіць у аддзелы адукацыі, я запусціла петыцыю. Асаблівы ціск пачаўся на тых людзей, хто аддаў загад забраць майго дзіцёнка. Перадусім гэта тычылася Наталлі Сушко, галоўнай у Жодзіне па сацыяльнай сферы. Ёй пісалі SMS, званілі. Я разумела, што калі б не было гэтай падтрымкі, то дзіця ў мяне забралі б заўтра», — прызнаецца Іна.

Максім Чыжонак. Фота: архіў герояў

Максім Чыжонак. Фота: архіў герояў


Муж напачатку быў супраць розгаласу. Але Іну пераканала сяброўка. Лік ішоў на гадзіны, і яна вырашыла, што пра яе сітуацыю трэба крычаць. У выніку такая стратэгія спрацавала. На наступны дзень, калі сямʼя Чыжонкаў прыйшла ў мясцовы аддзел адукацыі, ім сказалі, што ніхто дзіця забіраць нават не збіраўся. Жанчына адзначае, што пасля розгаласу некаторыя людзі, што ціснулі на яе сямʼю, нават спрабавалі адмовіцца ад сваіх слоў.

«Нам сказалі, што столькі водгукаў станоўчых на нашу смя’ю прыйшло! Сказалі, што калі сын так прывязаны да нас, то яны мусяць дзейнічаць толькі ў інтарэсах дзіцёнка. У выніку з намі скасавалі дамову прыёмнай сямʼі, але аформілі апеку. То-бок, атрымліваецца, што мы яму ўжо юрыдычна не бацькі. Звычайна апекунамі становяцца блізкія сваякі сірот, але зараз жа не да законаў», — тлумачыць Іна.

Яна кажа, што вельмі ўдзячная ўсім неабыякавым да лёсу яе сямʼі беларусам.

«Знакамітая беларуская салідарнасць уратавала нам дзіцёнка», — кажа Іна.

Вялікі стрэс для дзіцяці

Іна кажа, што з малодшым сынам у яе цудоўныя стасункі. Таму яны нічога не хавалі ад яго, распавялі як ёсць.

«Максім плакаў першую ноч, хваляваўся, перажываў. Вельмі баяўся расстроіць мяне, — прыгадвае жанчына. — У школе два дні ніхто да яго з якімі-небудзь пытаннямі не падыходзіў. А ўжо на трэці дзень, стала вядома што ён прыёмны. Раней гэта была таямніца. Аднак ён разумее, што я мусіла раскрыць праўду, каб ён застаўся з намі».

Іна кажа, што размаўляла з сынам пра палітычную сітуацыю ў краіне і ён зразумеў, чаму матуля пайшла на такі крок. Але аднакласнікі адрэагавалі не тое каб з разуменнем.

Максім Чыжонак. Фота: архіў герояў

Максім Чыжонак. Фота: архіў герояў


«Яны ўсе распытвалі, нават пры ім кавалкі з артыкулаў чыталі. Але Максім упэўнены ў сабе і нават не рэагуе на тое, што яму казалі. Хтосьці пытае: "Ты прыёмны?", ён адказвае: "Так, ну і што?" Да сваёй "папулярнасці" ставіцца з іроніяй. Хоць яго нават прадавачкі пазнаюць у шапіках, шушукаюцца за спінаю», — гаворыць Іна.

Цяпер нібыта нічога не было. Ён у настроі, усміхаецца, вельмі жыццярадасны. Жыццё ў сямʼі Чыжонкаў пакрысе наладжваецца. Яны збіраюць дакументы, каб аформіць апеку над сваім сынам, і спадзяюцца, што больш іх сямʼю ніхто не будзе турбаваць.

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: