За пікет «Білет на той свет» актывістаў Моладзі БНФ пакаралі вялікімі штрафамі

Суд Цэнтральнага раёна Мінска аштрафаваў удзельнікаў пікету супраць дзедаўшчыны, які адбыўся 16 кастрычніка, піша Радыё Свабода.
Пікет 16 кастрычніка

Пікет 16 кастрычніка

Былая старшыня Моладзі БНФ Ганна Смілевіч (Пахолка) — 312 рублёў штрафу (25 базавых велічынь).

Цяперашні лідар Моладзі БНФ Дзяніс Мандзік — 735 рублёў (30 БВ).

Актывісты Моладзі БНФ Дзяніс Мандзік, Ганна Смілевіч і Арсень Дзядок выйшлі да Міністэрства абароны з плакатам «Білет на той свет» і партрэтамі загінулых вайскоўцаў.

Фактычна адразу актывістаў затрымалі і адвезлі ў Цэнтральны РУУС. Пазней Арсеня Дзядка вызвалілі без складання пратаколу, бо яму яшчэ не споўнілася 18 гадоў, а Ганна Смілевіч і Дзяніс Мандзік правялі ноч у ізалятары на Акрэсціна.

На пачатку года Ганна Смілевіч, тады лідар моладзевай арганізацыі БНФ, была адлічаная з Інстытута журналістыкі БДУ, дзе правучылася паўтара года. Дзяўчына прызнавала, што «не на 100% была падрыхтаваная да сесіі», але не выключала і палітычных прычын прэтэнзій да яе з боку выкладчыкаў.

З верасня «Моладзь БНФ» узначальвае Дзяніс Мандзік з Барысава. У 2017 годзе Дзяніса Мандзіка адлічылі з БДТУ, як ён лічыць, з палітычных прычын. Цяпер ён завочна вывучае міжнародную эканоміку ў Нацыянальным авіяцыйным універсітэце Украіны.

Ганна Смілевіч і Дзяніс Мандзік — удзельнікі грамадскай кампаніі «Даць рэпрэсіям урок». Яны збіраюць грошы на вучобу ва Украіне для студэнтаў, адлічаных у Беларусі з палітычных прычын.

Алег Груздзіловіч, Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць