За «пікет на лоджыі» Таццяну Севярынец аштрафавалі на 675 рублёў

Таццяну і Канстанціна Севярынцаў, бацькоў вядомага палітыка Паўла Севярынца пакаралі за правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства — на лоджыі ва ўласнай кватэры.



Паводле супрацоўнікаў Першамайскага РАУС, 30-га жніўня на лоджыі сваёй кватэры сямейная пара разам з актывісткай і блогеркай Аленай Янушкоўскай правялі несанкцыянаваны пікет — з 8-га паверха віталі бел-чырвона-белым сцягам калону ўдзельнікаў акцыі салідарнасці.

Алену Янушкоўскую пакаралі штрафам памерам 35 базавых велічынь ( 945 рублёў) некалькі тыдняў таму. Цяпер суд Першамайскага раёна ў асобе суддзі Міхаіла Юрчанкі прызнаў парушальнікамі артыкула 23.34 КааП і Севярынцаў: спадару Канстанціну абвешчана афіцыйнае папярэджанне, а спадарыні Таццяне прысуджаны штраф памерам 25 базавых велічынь (675 рублёў).

Таццяна Севярынец лічыць пакаранне абсурдным:

Я мела на гэта поўнае права як чалавек, які пражывае ў кватэры з лоджыяй, бо лоджыя — гэта частка кватэры. Я нават прывяла суддзі нумар пастановы, дзе сказана, што лоджыя — гэта частка кватэры. А ва ўласнай кватэры я падпарадкоўваюся толькі тым правілам, якія распрацаваны для насельнікаў кватэр. І махаць там сцягам я дакладна маю права!

Канстанцін Севярынец на суд не прыйшоў, бо знаходзіцца на самаізаляцыі, не хочучы трапіць пад небяспеку захварэць на каронавірус. Дый некаторыя з тых, хто прыйшоў падтрымаць Севярынцаў, таксама неўзабаве пакінулі судовую залю. Бо працэс канчаткова ператварыўся ў фарс, калі над сітуацыяй пачаў пасмейвацца сам суддзя, кажа праваабаронца Павел Левінаў:

— Суддзі таксама людзі. Праўда, з аднаго боку, яны людзі, і ўсё разумеюць, а з другога — яны вымушаны выконваць чыесьці ўстаноўкі. Тут абсурд не столькі судовы, колькі абсурд заканадаўства. Неўзабаве такім чынам давядзецца на тое, каб распрануцца ў ваннай, прасіць дазвол у гарвыканкама. Абсурд? Іначай не скажаш!

Паколькі суддзя на поўным сур’ёзе спытаўся, ці бралі Севярынцы дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства на ўласнай лоджыі, Павел Левінаў прапанаваў насамрэч напісаць заяўку ў райвыканкам на шэсце са спальні на кухню або на пікет на лоджыі. І паглядзець, які будзе адказ.

Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: