«За пратэставыя настроі»: З Мінлясгаса звольненая памочніца міністра

Падтрымлівае пратэставыя настроі — неафіцыйная прычына, з якой з Міністэрства лясной гаспадаркі была звольненая памочніца міністра Віталя Дрожжы Алеся Гаркуша.

Алеся Гаркуша


Дзяўчына прапрацавала ў міністэрстве амаль два гады, мае трэці клас дзяржслужачага, агульны стаж дзяржслужбы — 17 гадоў. За час працы ў міністэрстве не атрымлівала вымоў. А праблемы ў яе з'явіліся пасля выбараў, у верасні, паведамляе Еўрарадыё.

— Я не хачу ачарняць нікога і адбельваць. Канкрэтна за штосьці ў свой адрас я прэтэнзій не чула, але была нейкая агульная незадаволенасць, — расказвае Алеся. — Майму былому кіраўніку [міністру Віталю Дрожжу. — Еўрарадыё] было паведамлена, што «памочніца падтрымлівае пратэставыя настроі». Як там за намі глядзяць — вядома ім адным, але мяркую, што праз сацыяльныя сеткі.

Перад звальненнем шэф выказваў розныя моманты — па працы і не толькі. І адным з пунктаў было: «Дарэчы, мне сказалі, што мой памочнік падтрымлівае пратэставыя настроі. Гэта недапушчальныя рэчы на гэтай пазіцыі!» Я не магла ўзяць у толк, пра што наогул ішла размова.

Алеся не хадзіла на мітынгі і не будавала барыкад. Адзіныя «пратэставыя настроі», якія яна сабе дазваляла, выяўляліся ў... падабайках і рэпостах у Фэйсбуку.

— У сацсетках нічога такога не выкладвала. Раней я працавала ў амбасадзе Беларусі ў Швейцарыі. Мой былы шэф па Берне Павел Мацукевіч напісаў допіс у Фэйсбуку ў сярэдзіне жніўня. Допіс быў прыгожы, у меру стрыманы, і я паставіла падабайку. Уся мая пратэставая актыўнасць у сацсетках заключалася ў падабайках і рэпостах каментароў.

Допіс экс-амбасадара Паўла Мацукевіча


— Наколькі я памятаю, усе, што датычыцца мірных мітынгаў, у міністэрстве моцна асуджалася, аж да звальненняў. Гэта жорстка адсочвалася. Напрыканцы мне было сказана: «Сходзіш хоць на адну дэманстрацыю — пойдзеш па этапе». Пагроза гэта была ці папярэджанне — я не ведаю. Але нават цяпер я не адчуваю сябе ў бяспецы, — працягвае Алеся.

Гвалт на вуліцах Беларусі выклікаў у дзяўчыны шок. Закрыць на гэта вочы і ўсё забыцца яна не змагла.

— Жудасна. Я наогул не думала, што пры маім жыцці заспею тое, што здарылася. Гэта як дрэнны сон, як быццам штосьці нерэальнае. Гэта не XXI стагоддзе, гэта не еўрапейская краіна. У маім разуменні гэтага наогул не магло адбыцца. Павінен быць дыялог, толькі дыялог. Ні кроплі крыві, ні кроплі гвалту. Чалавецтва развівалася з той мэтай, каб любыя шурпатасці і канфлікты вырашаць толькі мірным шляхам, шляхам перамоў.

Да таго як стаць памочніцай міністра, Алеся тры гады працавала консулам у амбасадзе Беларусі ў Швейцарыі. Дзяўчыне прапаноўвалі застацца ў Швейцарыі, але яна адмовілася:

— Быўшы ў Швейцарыі, там мне прапаноўвалі працу, але для сябе гэты варыянт нават і не разглядала: адчувала адказнасць, пачуццё абавязку і Бацькаўшчыны.

У 2015 і 2016 гадах яна была старшынёй камісіі на ўчастку, размешчаным у амбасадзе, на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах.

— Старшынёй я стала «па змоўчванні», мяне ніхто не пытаўся. На ўчастак тады прыйшло галасаваць да пяцідзесяці чалавек. Тады, у 2015 годзе, на ўчастку перамог Аляксандр Лукашэнка. Усе бюлетэні мы сумленна дасталі і сумленна палічылі. Наколькі мне вядома, фальсіфікацый не было.

За каго яна галасавала сама, Алеся не кажа.

— Каго я падтрымлівала з кандыдатаў у прэзідэнты — не скажу, але гэта была не дзейная ўлада. Думаю, гэтага дастаткова.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: