За смерць Ігара Барбашынскага адкажуць медыкі?

Як паведаміла маці Ігара Барбашынскага, які загінуў у Жодзінскім следчым ізалятары, Жодзінскі следчы камітэт па гэтым факце ўзбудзіў крымінальную справу супраць медыкаў, якія абвінавачваюцца ў неасцярожнасці.


Галіна Шаравар 13 снежня 2016 года атрымала паштовае паведамленне пра ўзбуджэнне крымінальнай справы па факце неналежнага выканання прафесійных абавязкаў медыцынскімі работнікамі Жодзінскай папраўчай установы — турмы №8 і Жодзінскай гарадскай бальніцы.

Адпаведная пастанова была прынята следчым камітэтам 7 снежня 2016 года.

Медыкі абвінавачваюцца па артыкуле 162 частцы 2 Крымінальнага кодэксу — неналежнае выкананне медыцынскімі работнікамі прафесійных абавязкаў, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці пацыента.

Больш падрабязна з матэрыяламі справы жанчына зможа азнаёміцца непасрэдна ў аддзеле Следчага камітэта горада Жодзіна.

Галіна Паўлаўна, якая ў чаканні адказу ад следчых ўжо некалькі месяцаў жыве ў страшэнным напружанні, не зусім згодна з высновамі следчых.

— Я згодная з тым, што дактары не выканалі сваіх прафесійных абавязкаў, але не разумею такой фармулёўкі, як «смерць пацыента па неасцярожнасці» ў дачыненні да медыкаў-прафесіяналаў, — гаворыць маці. — Іхні абавязак лячыць пацыентаў, а не дапамагаць ім па неасцярожнасці адпраўляцца на той свет. У мяне шмат пытанняў да дактароў.

Дактары не паставілі ніякага дыягназу, але нешта калолі і нешта лячылі.


Чытайце па тэме: «Міліцыянты і турма з’елі майго сына»


Як сведчаць дакументы, па выніках абследавання медыкі выставілі Ігару дыягназ — энцэфаліт неўдакладненай этыялогіі, і яго стан быў ацэнены як «сярэдняй цяжкасці». І вось у такім «сярэднім» стане 19 верасня ў 17.00 яго адправілі на выздараўленне ў турму, дзе каля 6 гадзін раніцы 20 верасня яго ўжо знайшлі мёртвым.

Па словах маці, яна кожны раз «упадае ў ступар», перачытваючы розныя жахлівыя падрабязнасці. І ёй вельмі хочацца, каб хтосьці адказаў на яе пытанні:

— Чаму пасля слоў слуцкага міліцыянта Ярашэвіча «Товарищ майор, поехали!» з такой лёгкасцю закруціўся гэты клубок смерці, які канчаткова даблыталі жодзінскія кантралёры і медыкі? Чаму медыкі, калі бачылі, што сын памірае, не вызвалі маці? Хто даў ім такія ўказанні? — пытае маці. — Ён яшчэ не быў асуджаны, а ўжо перастаў быць чалавекам?

Таксама Галіну Шаравар насцярожыла адсутнасць згадкі пра 17 адмысловых цялесных пашкоджанняў у сына за некалькі дзён да смерці і рубцах на галаве.


Чытайце таксама: Міліцыянт заўсёды мае рацыю?


— Чаму ані словам не згадваецца аб збіцці? Адкуль з’явіліся гематомы і сінякі, якія зафіксаваны судова-медычнай экспертызай? Ці гэта медыкі білі сына?

Трэба самім вывучаць матэрыялы справы з дапамогай спецыялістаў. Спадзяюся на дапамогу праваабаронцаў, — дзеліцца сваімі перажываннямі маці.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: