За спыненне таварняка, прабітыя колы аўто і падпал «Табакеркі» бабруйчанам пагражае да 12 гадоў турмы

У Бабруйску пачаўся суд над чатырма мужчынамі, якія абвінавачваюцца адразу па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Узрост падсудных — ад 27 да 39 гадоў.
Трое з іх змяшчаюцца пад вартай з 10 кастрычніка. Чацвёрты — Аляксандр Гаўрылаў — быў адпушчаны з ІЧУ праз 18 сутак пасля затрымання, 15 з іх ён адседзеў па «народным» артыкуле 23.34 КаАП.

У чым абвінавачваюць

Згодна з матэрыяламі справы ў ноч з 30 верасня на 1 кастрычніка трое бабруйчан — Аляксандр Назаровіч, Аляксандр Мар'ясов і Віталь Васілевіч — на чыгуначным перагоне каля станцыі Ясень Асіповіцкага раёна аблілі бензінам і падпалілі рыззё, што прывяло да прыпынку таварнага складу. Мужчынам прад'явілі абвінавачванні ў здзяйсненні злачынства па ч.1 арт. 342 КК — арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак і звязаны з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне работы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый. Максімальны тэрмін пакарання па гэтым артыкуле — да трох гадоў пазбаўлення волі.

У ноч з 4 на 5 кастрычніка Назаровіч, Мар'ясаў, Васілевіч і Гаўрылаў вярталіся на машыне дадому з гаража, дзе час ад часу збіраліся і абмяркоўвалі палітычную сітуацыю ў краіне. Аляксандр Гаўрылаў прыхапіў з сабой з гаража, які належыць Назаровічу, балончык з чырвонай фарбай, якой пасля нанёс палосы на трох белых лайтбоксах. Канструкцыі былі размешчаны на прыпынках у раёне вуліц Крылова, Гогаля, Гагарына. Гаўрылаў прасіў некалькі разоў спыніць машыну і выходзіў, але навошта — сваім спадарожнікам не паведамляў. Сам абвінавачаны патлумачыў: ён зрабіў гэта, каб «атрымаць бел-чырвона-белы сцяг». Абвінавачванне кваліфікавала гэты ўчынак па арт. 341 КК — апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці (караюцца грамадскімі працамі, або штрафам, або арыштам). Шкода, на думку дзяржабвінаваўцы Наталлі Лосевай, склала 8 рублёў 67 капеек.

У гэтую ж ноч Гаўрылаў і Назаровіч падклалі пад колы аўтамабіля Geely, які належыць міліцыянту групы затрымання Бабруйскага аддзела дэпартамента аховы, два вострых металічных шыпа. Уладальнік машыны Юрый Гардзееў, выязджаючы раніцай са двара, прабіў адно кола, знайшоў шыпы і выклікаў міліцыю. Страты былі ацэненыя ў 100 рублёў, абвінавачванне кваліфікавала дзеянні бабруйчан па ч.3 арт. 339 — асабліва злоснае хуліганства, здзейсненае групай асобаў (максімальны тэрмін пакарання — да дзесяці гадоў пазбаўлення волі).

У ноч з 9 на 10 кастрычніка Назаровіч, Мар'ясаў і Васілевіч падпалілі ларок «Табакерка» на вуліцы Валадарскага, выкарыстоўваючы самаробную запальную прыладу з гадзінным механізмам, якую, як сцвярджае следства, некалькі дзён выраблялі ў гаражы. У выніку тавары і інвентар, якія знаходзяцца ўнутры ларка, не пацярпелі, урон ад вонкавых пашкоджанняў канструкцыі быў ацэнены ў 600 рублёў. Дзеянні бабруйчан кваліфікаваныя па ч.3 арт. 218 КК — наўмыснае пашкоджанне або знішчэнне маёмасці ў асабліва буйных памерах (да 12 гадоў пазбаўлення волі) і па ч.1 арт. 14 КК — замах на злачынства.

Дзяржабвінаваўца сцвярджае, што калі б не дзеянні супрацоўнікаў МНС, ларок і яго змесціва маглі згарэць, і тады сума шкоды склала б каля 50 тысяч рублёў. Аляксандр Гаўрылаў ў падпале не ўдзельнічаў, але, мяркуе следства, ведаў пра тое, што намышляюць яго знаёмыя. Таму ён праходзіць у справе як абвінавачаны па ч.2 арт. 406 — неданясенне аб падрыхтоўцы дакладна вядомага цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства (да двух гадоў пазбаўлення волі).

Таксама тром мужчынам — Назаровічу, Мар'ясаву і Васілевічу — прад'яўлена абвінавачанне па ч.2 арт. 295-3 з нагоды дзеянняў з прадметамі на аснове выкарыстання гаручых рэчываў (да пяці гадоў пазбаўлення волі). Гэта адзіны артыкул, з абвінавачваннямі па якім падазраваныя цалкам згодныя.

Што кажуць абвінавачаныя

Памочнік пракурора Наталля Лосева заявіла, што віна чатырох бабруйчан цалкам даказаная, аднак падсудныя з такой трактоўкай не згодныя. Падчас допыту яны растлумачылі свае дзеянні па кожнаму эпізоду.
Так, Гаўрылаў заявіў, што толькі меркаваў магчымасць падпалу «Табакеркі», але не ведаў часу і месца здзяйснення злачынства. Назаровіч падкрэсліў, што ў прыпынку таварнага складу не было злога намеру і жадання нашкодзіць людзям, проста такім чынам мужчыны выказвалі сваю нязгоду з затрыманнем удзельнікаў мірных пратэстаў.

— Спецыяльна выбралі ўчастак далей ад вёскі, дачакаліся таварнага складу, а не пасажырскага цягніка, падпалілі рыззё на чыгуначным палатне. Склад ішоў на павароце павольна, машыніст яго спыніў, затушыў агонь і паехаў далей. Не было ніякага экстранага тармажэння, прыпынак заняў 5-8 хвілін.

Таксама Назаровіч падкрэсліў, што пры падпале кіёска не было намеру знішчыць тавар, таму спецыяльна выбіралася «Табакерка» з пакатым дахам і антывандальнай абаронай.

— Разлічвалі, што гаручая сумесь палыхне і пральецца на зямлю. Спецыяльна выбіралі такі раён, каб паблізу не было жылых дамоў.

Распавядаючы пра ідэю падкласці вострыя шыпы пад колы супрацоўніка аддзела дэпартамента аховы, падсудныя заявілі, што іх дзеянні сталі адказам на масавыя затрыманні людзей у ходзе мірнай акцыі пратэсту 4 кастрычніка. У Бабруйску, нагадаем, у гэты дзень былі затрыманыя больш за 30 чалавек, чацвёра з якіх - журналісты.

Назаровіч растлумачыў, што асабістыя дадзеныя мужчыны пазнаў у адным з тэлеграм-каналаў. Маўляў, гаворка ішла аб амапаўцы, які ўдзельнічаў у збіцці і затрыманні ўдзельнікаў акцыі.

Дарэчы, пацярпелы Гардзееў заявіў, што нікога не затрымліваў, у яго «зусім іншыя задачы і абавязкі». Да падсудны', якія цалкам пакрылі матэрыяльную шкоду, у яго прэтэнзій няма.

— Вялікі дзякуй, пацаны, што хоць не спалілі машыну, — заявіў пацярпелы, дадаўшы, што «хлопцы проста загуляліся ў партызаны».

Усе чацвёра падсудных кажуць, што раскайваюцца ў тым, што здзейснілі, і цяпер бы наўрад ці гэта паўтарылі. Таксама яны распавялі, што пасля затрымання і дастаўкі ў УУС уначы 10 кастрычніка іх збівалі некалькі гадзін, прымушаючы зрабіць прызнання на відэакамеру. Вынікі медыцынскага агляду аднаго з падсудных былі далучаны да матэрыялаў справы.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: