За стыкер з «Пагоняй» у «Тэлеграме» жанчыне прысудзілі 2900 рублёў штрафу

Суддзя Добрушскага раённага суда Святлана Лук’янава пакарала такім велізарным штрафам 49-гадовую Вераніку Драбышэўскую. Жанчына напрыканцы жніўня ў мясцовым тэлеграм-канале змясціла стыкеры з «Пагоняй» і лозунгам «Жыве Беларусь». Суддзя палічыла гэта адзіночным пікетам і пакарала жанчыну па арт. 24.23 КаАП РБ («Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў»), піша «Наша Ніва».

Пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні за стыкеры ў інтэрнэце склаў участковы АУС Добрушскага раёна на падставе рапарта намесніка начальніка АУС Мікалая Маставенкі, які падчас маніторынгу тэлеграм-чату «Добруш для жыцця» знайшоў, на яго думку, незаконныя стыкеры.

«Ён мне ў міліцыі сказаў, што спалучэнне белага і чырвонага колераў у нас у краіне забаронена, — узгадвае Вераніка Драбышэўская, — як і выява герба "Пагоня". Я спытала ў яго, можа ў нас ужо ўсё забаронена, і думаць таксама. Ён адказаў, што можна думаць як хочаш, але не трэба гэта выказваць. Падчас размовы ён быў задаволены і шчаслівы. Відаць, раскрыў справу стагоддзя».

Падчас суду Вераніка Драбышэўская віны сваёй не прызнала і звярнула ўвагу суддзі Лук’янавай, што ў 2007 годзе герб «Пагоня» прызнаны ўрадам Беларусі нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю і за яе пашкоджанне прадугледжана нават крымінальная адказнасць. Але суддзя пагадзілася з тэкстам пратакола, што дабрушанка, якая размясціла два стыкеры ў тэлеграм-канале, такім чынам «выказвала свае грамадска-палітычныя інтарэсы і выступала арганізатарам дадзенага пікету», і прысудзіла 100 базавых велічыняў штрафу (2900 рублёў).

Вераніка Драбышэўская некалькі тыдняў таму звольнілася і цяпер у пошуках новай працы. У яе няма аніякай магчымасці аплаціць такі вялікі штраф.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: