За што аштрафавалі Павука?

Беспрацоўнага настаўніка Андрэя Павука з гарадскога пасёлка Акцябрскі суд аштрафаваў за адзіночны пікет з плакатам «Вазьміце Павука на працу».


Па інфармацыі "Гомельскай Вясны", 19 жніўня суддзя Акцябрскага раёну Ўладзімір Васілеўскі прызнаў вядомага блогера, настаўніка біалёгіі па адукацыі Андрэя Павука вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства і аштрафаваў на 10 базавых велічыняў, што складае 230 рублёў.

«Я казаў у судзе, што ў мяне склалася цяжкая жыццёвая сітуацыя, што мне неабгрунтавана адмаўляюць у працаўладкаванні ў школах раёну, нават калі прэтэндую на вакансію лабаранта або прыбіральшчыка. Мы гадуем з жонкай дваіх дзяцей, а працуе толькі яна адна. Выплачваем з яе заробку і крэдыт за кватэру. Спасылаўся і на беларускую Канстытуцыю, што яна гарантуе грамадзянам свабоду перакананняў ды іх вольнае выяўленне. Аднак суддзя Васілеўскі не ўзяў гэта пад увагу і аштрафаваў, яшчэ болей ускладніўшы і без таго складанае фінансавае становішча маёй сям’і», — паведаміў Радыё Свабода Андрэй Павук.

«Парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах» з боку Павука выявілася ў тым, што 29 жніўня ён выйшаў на плошчу з плакатам «Вазьміце Павука на працу!». Да гэтага стаяў з плакатам у фае Дома культуры, дзе праходзіла раённая педагагічная нарада. З тае прычыны ўчастковы інспектар Дзмітрый Крумгольц і склаў на Павука адміністрацыйны пратакол.

У жніўні Павук спрабаваў уладкавацца ў трох школах раёну на адкрытыя вакансіі педагога-арганізатара, інжынера-праграміста і нават прыбіральшчыка службовых памяшканняў, але яму ўсюды адказвалі, што вакансіі ўжо запоўненыя. Не дапамог і пісьмовы зварот да намесніка старшыні райвыканкаму.

Няўдалай была спроба Андрэя Павука на прапанову раённага аддзелу адукацыі ўладкавацца на пачатку году ў Любанскую сярэднюю школу настаўнікам біялогіі і хіміі. Нечакана на адрас аддзелу адукацыі Акцябрскага райвыканкаму прыйшоў ліст пратэсту ад бацькоў школьнікаў, які, па словах Павука, магла ініцыяваць старшыня сельсавету Тамара Кароль. Васьмёра бацькоў школьнікаў у калектыўным лісце выказаліся супраць прызначэння Андрэя Павука настаўнікам з прычыны «яго дзейнасці». Адзін з подпісаў аказаўся падробленым.

Пад «дзейнасцю» Андрэя Павука мелася на ўвазе яго актыўная грамадзянская пазіцыя. Ён стварыў у сацыяльных сетках суполкі «Рудабельская паказуха», стаў здымаць відэасюжэты пра мясцовае жыццё, у якіх часцяком даставалася мясцовым чыноўнікам.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: