За правядзенне адзіночнага пікета аштрафаваны каардынатар кампаніі "Хопіць піць — трэба жыць"

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 9 студзеня прызнаў каардынатара грамадзянскай кампаніі "Хопіць піць — трэба жыць" Дзмітрыя Карашкова вінаватым на падставе артыкула 23.34 КоАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства). Суддзя Алена Цалкова пакарала актывіста штрафам у памеры 10 базавых велічынь (1,3 млн. рублёў).



Змякчальнай акалічнасцю пры вынясенні пастановы суддзя назваў наяўнасць у актывіста двух непаўналетніх дзяцей і тое, што на працягу апошняга года ён не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. 


11 лістапада Карашкоў выйшаў да аблвыканкама з расцяжкай памерам 1 на 6 метраў з надпісам "Спыніце продаж алкаголю каля школ!". Яго даставілі ў аддзяленне міліцыі, дзе склалі адміністрацыйны пратакол. 



У судзе актывіст віны сваёй не прызнаў, растлумачыўшы, што яшчэ ў лютым 2013 года звяртаўся ў гарвыканкам па дазвол на правядзенне антыалкагольнага пікета, як таго патрабуе заканадаўства і рашэнне мясцовых улад "Аб масавых мерапрыемствах". Дазвол на правядзенне мерапрыемства ён не атрымаў, таму ў гэтым выпадку палічыў, што звяртацца ў гарвыканкам няма сэнсу. А права на правядзенне мірных сходаў гарантавана грамадзянам Канстытуцыяй. 


"Я буду абскарджваць рашэнне суда і працягваць сваю дзейнасць. Праблема алкагалізацыі стаіць востра, улады не могуць закрываць на яе вочы. Разам з тым яны не дапускаюць актыўнасці грамадзян, выказвання пратэсту, таму рашэнне суда было для мяне чаканым", — сказаў Карашкоў.

Алена Германовіч, БелаПАН

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!