Забарона на наведванне лясоў часткова знятая

Забароны і абмежаванні на наведванне лясоў адмененыя ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці, паведамілі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі.

Паводле інфармацыі ведамства, у цэлым па краіне колькасць раёнаў, у якіх працягваюць дзейнічаць забароны і абмежаванні на наведванне ўгоддзяў, прыкметна скарацілася: з 82 на пачатку мінулага тыдня да 61 па стане на сённяшнюю раніцу.

Пры гэтым па-ранейшаму пад забаронай наведванне лясоў на ўсёй тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Дзейнічае забарона і ў большасці раёнаў Гомельскай вобласці (акрамя Кастрычніцкага, Рэчыцкага, Калінкавіцкага, Мазырскага і Лельчыцкага), а таксама амаль у палове раёнаў сталічнага рэгіёну (акрамя Вілейскага, Капыльскага, Лагойскага, Маладзечанскага, Мядзельскага, Дзяржынскага, Бярэзінскага, Нясвіжскага, Клецкага і Салігорскага раёнаў).

Абмежаванні дзейнічаюць у васьмі раёнах Віцебскай вобласці (Шаркаўшчынскі, Мёрскі, Верхнядзвінскі, Расонскі, Шумілінскі, Віцебскі, Лёзненскі, Сенненскі). У Магілёўскай вобласці ў спісе — Бялыніцкі, Чавускі, Мсціслаўскі, Крычаўскі, Клімавіцкі, Хоцімскі, Касцюковіцкі і Краснапольскі раёны.

Карта з сайта Мінлясгаса www.mlh.by

Рашэнні па ўвядзенні і зняцці забароны на наведванне лясоў прымаюць мясцовыя органы ўлады па хадайніцтве лесагаспадарчых устаноў або раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях. На сайце Мінлясгаса размешчана інтэрактыўная карта, па якой можна адсочваць увядзенне і зняцце абмежаванняў у рэгіёне, які цікавіць. Карта аператыўна абнаўляецца.

Сяргей Расолька, zviazda.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!