Забіць на Расію, ці Навошта нам Кантынентальная ліга

Серыя гульняў паміж мінскімі хакейнымі камандамі «Дынама» і «Юнацтва», узмоцненага гульцамі шэрагу іншых клубаў, аднавіла дыскусію пра тое, ці варта Беларусі мець свайго прадстаўніка ў Кантынентальнай хакейнай лізе, якая, па сутнасці, ёсць адкрытым чэмпіянатам Расіі. Прычым усур'ёз абмяркоўваецца праект сумеснага турніра з іншымі нашымі краінамі-суседзямі.
Серыя да дзвюх перамогаў атрымалася звышінтрыгоўнай і напружанай. Спачатку выйграла «Юнацтва» (ці, можна, сказаць, зборная Экстралігі), затым КХЛаўскае «Дынама». У вырашальным трэцім матчы яно вяло 3:0, але пасля дапусціла камбэк суперніка і перамагло толькі па булітах.

Серыя была адметнай і тым, што на ўсіх гульнях ад пачатку да канца прысутнічаў Аляксандр Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем. Больш за тое, кіраўнік краіны паведаміў, што менавіта ён ініцыяваў двубой. Ну, захацелася яму такі прабавіць час. Але варта зазначыць, што гэта была куды больш добрая ідэя і больш цікавае відовішча за палітызаваны «Калядны турнір», які звычайна выйграе прэзідэнцкая каманда і на які прымусова-добраахвотна запаўняюць трыбуны школьнікамі.

Цыркулявалі чуткі, што нібыта пераможца серыі і будзе гуляць у наступным сезоне ў КХЛ. Як бы тое ні было, «Дынама» выйграла і рыхтуецца да новага сезона. Адно што чакаецца змена трэнерскага штаба і, напэўна, скарачэнне бюджэту. Нездарма Лукашэнка пагражаў «дынамаўцам» за дрэнную гульню заробак «па 500», пра які мараць сотні тысяч беларусаў.

Што да фінансавага пытання, то «Дынама» – адзін з самых бедных клубаў у КХЛ. З расейцамі тут цягацца складана. Таму беларускі клуб кожны сезон вырашае ўсяго толькі задачу: патрапіць у сваёй канферэнцыі ў «васьмёрку» і плей-оф. Два апошнія гады гэта не ўдаецца. Разам з тым аўтсайдарскае ў КХЛ «Дынама» не стала і базавым клубам для нацыянальнай зборнай Беларусі. На першых ролях, у лідарскіх звёнах, легіянеры, а не беларускія хакеісты.

І зборная перажывае вялікі крызіс: летась яна ўпершыню з 2004 года выляцела з вышэйшага дывізіёну і сёлета будзе з 29 красавіка па 5 траўня спрабаваць у яго вярнуцца. Прычым многія хакейныя спецыялісты прагназуюць, што гэта ёй не ўдасца. Казахстану загадзя аддаюць першае месца, Літву і Паўднёвую Карэю нашы хіба што перамогуць лёгка, а ў барацьбе за другую пуцёўку з венграмі і славенцамі будзе няпроста. Ім нядаўна прайгравалі ў афіцыйных турнірах, прычым сенсацыямі паразы ўжо не лічыліся.

На гэтым фоне апошнія тыдні ўсёр'ёз абмяркоўваецца пытанне па выхадзе мінскага і рыжскага «Дынама» з КХЛ і, самае галоўнае, стварэнне чэмпіянату сярод клубаў Беларусі, Латвіі, Украіны, Літвы, Польшчы ды Эстоніі. Можна сказаць, чэмпіянату Рэчы Паспалітай. Дарэчы, такі турнір ужо існаваў у 1995-2004 годзе як Усходнееўрапейская хакейная ліга. Разлік просты – спартова-эканамічны: чаму б не гуляць з больш-менш роўнымі сабе і эканомна, не лятаючы ў той самы Уладзівасток. Тым больш калі выніку ад амбіцыяў усё адно няма.

Цікава, што пра Рэч Паспалітую прыгадалі ў Беларусі і гандбольныя функцыянеры. Гандбольныя федэрацыі Беларусі, Польшчы і Літвы падпісалі мемарандум пра намер правесці разам мужчынскі чэмпіянат Еўропы-2026. Старшыня Беларускай федэрацыі гандболу Уладзімір Канаплёў пры гэтым сказаў: «Мы як прадстаўнікі былой адзінай дзяржавы, Рэчы Паспалітай, вырашылі паспрабаваць, паглядзець, што ў нас атрымаецца на фоне іншых еўрапейскіх краін». Рашэнне аб месцы правядзення чэмпіянату Еўропы-2026 кангрэс Еўрапейскай федэрацыі гандболу прыме праз два гады.

Цікава, колькі пратрымаецца ў чэмпіянаце Расіі па валейболе «Мінчанка», якая пачала гуляць там сёлета. Пакуль плён так сабе: летась яна перамагала аднаго з тамтэйшых лідараў «Уралачку» ў еўракубках, а цяпер у аўтсайдарах у суседнім чэмпіянаце.

Эмацыйна-патрыятычная дыскусія разгарэлася нядаўна ў футболе пасля таго, як беларусы перасталі лічыцца легіянерамі ў чэмпіянаце Расеі. Асаблівы рэзананс выклікалі словы абаронцы зборнай і «Уралу» Дзяніса Палякова: «Вядома, удзячны Лукашэнку і Пуціну за такое рашэнне. Мы практычна адна краіна, у нас адзін народ». Некаторыя заўзятары нават абяцаюць не хадзіць на гульні зборнай, калі ў яе складзе будзе Палякоў.

Зрэшты, футбол – асобная тэма. Пры канцы сакавіка адбудуцца выбары на пасаду старшыні Беларускай федэрацыі футболу, з якой сыходзіць прэм'ер-міністр Сяргей Румас. Сярод прэтэндэнтаў на замену яму – былы футбаліст БАТЭ і «Мілана» Віталь Кутузаў і спартовы каментатар Мікалай Хадасевіч, які днямі паабяцаў цікавую перадвыбарчую кампанію з прапановамі рэформы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: