«Копію пратакола не далі, не судзяць і тэлефон не аддаюць»

Случчанка Ганна Грынюк была затрымана 15 лістапада ў Слуцку з плакатам «Я выходжу!» на адзіночнай акцыі ў памяць Рамана Бандарэнкі. Ганна працуе настаўніцай англійскай мовы, зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку — гадуе двое маленькіх дзяцей.


— Не магла не выйсці, мяне перапаўнялі эмоцыі. Нічым не апраўданае гвалтоўнае забойства Рамана было апошняй кропляй, — распавяла пра прычыну свайго выхаду ў цэнтр горада з плакатам маладая жанчына. — У мяне двое маленькіх дзяцей, у якой краіне яны вырастуць, калі гэты гвалт не спыніцца? Ніхто не спадзяецца на пакаранне забойцаў, таму што не расследаваны справы іншых забітых і ніхто дагэтуль не пакараны. Я хацела выразіць свой маленькі пратэст супраць сярэднявечнага гвалту.

Ганне ўдалося прастаяць прыкладна 20 хвілінаў, пакуль яе не «эвакуявала» міліцэйская машына.

— Спачатку да мяне падышоў чалавек у цывільным, не прадставіўся, але прапанаваў пакінуць месца, бо у маім дзеянні ўбачыў прыкметы парушэння закона аб масавых мерапрыемствах, — распавяла Ганна. — Я не сышла, бо ніякага «масавага мерапрыемства» ў сваім адзіночным стаянні я не бачыла. Праз колькі хвілін пад’ехаў міліцэйскі бус, адтуль выскачылі прыкладна 8 міліцыянтаў. Я яшчэ толькі паспела здзівіцца: «Ой, колькі ж вам многа на адну маленькую жанчыну!» Адразу ж забралі тэлефон, які паабяцалі аддаць толькі пасля выплаты штрафу.

У аддзяленні міліцыі склалі пратакол, але копіі пратакола мне не выдалі. Загадалі прыйсці 16 лістапада, у панядзелак, на суд у 14.00. Назаўтра я прыйшла. У судзе ніхто нічога не ведаў пра мой суд, адправілі ў міліцыю, з міліцыі дзяжурны адправіў у суд зноў. Хадзіла па гэтаму «бермудскаму двухкутніку» — міліцыя — суд — міліцыя — суд — каля двух гадзін. Не судзілі, тэлефон не аддавалі, заяву наконт звароту тэлефона і выдачы копіі пратакола аб адміністратыўным затрыманні ў дзяжурнай частцы не прынялі. Напісала ў кнігу заўваг і прапаноў просьбу аб вяртанні тэлефона і выдачы копіі адміністратыўнага пратакола. Сяк-так звязалі па тэлефону з нейкім начальнікам, які сказаў, каб я прыходзіла заўтра, 17 лістапада ў 10 адзін раніцы. Ці гэта будзе ўжо суд, ці нешта іншае — я так і не зразумела, — дзівіцца на паводзіны праваахоўнікаў Ганна. — Само сабою, што з-за нявызначанасці свайго статусу я стала яшчэ больш хвалявацца.



Ганна вельмі даражыць сваім тэлефонам, бо ён новы, каштуе 700 рублёў, і яна, па яе словах, без «тэлефона як без рук».

Суд усё-такі адбыўся ў памяшканні Слуцкага РУУС 17 лістапада ў 10.30. За адзіночны пікет з невялічкай таблічкай фармату А4 «Я выходжу» Ганне прыйдзецца заплаціць 20 базавых велічынь — 540 рублёў. У матэрыялах справы пратакол арышту тэлефона адсутнічае. Цяпер случчанка высвятляе лёс сваёй маёмасці.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: