Забруджванне паветра адбірае ў беларусак і беларусаў амаль год жыцця

Нам трэба тэрмінова ўдасканальваць транспартную сістэму і змяняць падыход да ўтылізацыі адходаў.
У 2016 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя прадставіла даклад аб узроўні забруджвання паветра ў розных краінах. У рэйтынгу адноснай смяротнасці ад хвароб, звязаных з гэтай экалагічнай праблемай, Беларусь апынулася на трэцім месцы (100 чалавек на 100 000 насельніцтва). Усяго, па дадзеных СААЗ, штогод па ўсім свеце каля трох мільёнаў людзей памірае па прычынах, так ці інакш звязаных з забруджваннем атмасфернага паветра.

Якія хваробы асацыююцца з забруджваннем атмасфернага паветра? У пераважнай большасці выпадкаў (94%) гэта неінфекцыйныя захворванні, такія як інсульт, рак лёгкіх і розныя захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы. Што тычыцца інфекцыйных хвароб, то бруднае паветра павышае рызыку развіцця вострых рэспіраторных інфекцый.

Безумоўна, забруджванне паветра не з'яўляецца адзінай прычынай пералічаных вышэй хвароб, але яно грае важную ролю ў іх узнікненні і развіцці.

Вынікі нядаўняга даследавання пра ўплыў якасці паветра на працягласць жыцця таксама несуцяшальныя: забруджваючыя дробныя часціцы, якія мы штодня ўдыхаем, літаральна крадуць наша жыццё: так, у Беларусі сярэдняя чаканая працягласць жыцця скарачаецца па гэтай прычыне амаль на год (на 347 дзён).

Сітуацыя палохае, хоць нашы паказчыкі і вышэй за сярэднія: у сярэднім па ўсім свеце забруджванне паветра зніжае чаканую працягласць жыцця на 1,03 года.

Калі нам удасца скараціць колькасць забруджваючых паветра часціц да ўсталяванай гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі, гэта павялічыць чаканую працягласць жыцця ў Беларусі на восем з паловай месяцаў.

Такім чынам, нават дасягненне фармальна бяспечных паказчыкаў не дазволіць цалкам пазбавіцца ад негатыўнага ўплыву забруджвання паветра.

Варта чакаць, што далейшыя даследаванні ў гэтай галіне прывядуць да новых сумных адкрыццяў. Але нават тое, што ўжо вядома пра ўплыў забруджвання паветра на жыццё людзей, павінна стаць важкім чыннікам для сур'ёзных палітычных, эканамічных і сацыяльных зменаў.

Не так даўно ЮНІСЕФ даў справаздачу, па дадзеных якога забруджванне паветра дрэнна адбіваецца на развіцці галаўнога мозгу. Справа ў тым, што дзеці ў цэлым больш чуллівыя да небяспек навакольнага асяроддзя, чым дарослыя, і ўплыў на іх забруджанага паветра аказваецца больш істотным і разбуральным.

Чаму так адбываецца? Па-першае, імунная сістэма ў дзяцей яшчэ не сфарміравана цалкам. Па-другое, дзіцячыя лёгкія ўсё яшчэ растуць, і з кожным уздыхам дзіця атрымлівае большую колькасць паветра ў суадносінах з масай ўласнага цела, чым гэта робіць дарослы чалавек. Адпаведна, і суадносіны колькасці атрымліваемых таксінаў і масы цела таксама адрозніваецца, і таксічнае ўздзеянне аднолькава забруджанага паветра на дзіця аказваецца вышэй, чым на дарослага.

У першыя 1000 дней жыцця чалавека мозг праходзіць праз «крытычную» стадыю росту: ён вельмі хутка і шматгранна развіваецца. Кожнае нейронавае злучэнне, якое з'явілася ў гэты перыяд, фармуюе аснову для будучых нейронавых сувязяў і непасрэдна ўплывае на развіццё мозгу дзіцяці.

Пры недастатковай колькасці нейронавых сувязяў дзіця можа выпрабоўваць розныя складанасці ў працэсе навучання (узровень праблем залежыць ад таго, наколькі ярка выяўлены дэфіцыт), што ў сваю чаргу можа прывесці да таго, што з часам чалавек не будзе здольны працаваць і ў цэлым весці паўнавартасны лад жыцця.

Шэраг даследаванняў, апублікаваных у перыяд з 2015 года, усталяваў сувязь паміж колькасцю самагубстваў і забруджваннем паветра. У Солт-Лэйк-Сіці (штат Юта, ЗША) колькасць самагубстваў карэлявала з больш высокім утрыманнем у паветры забруджвальных часціц і двухвокісам азоту ў пэўныя перыяды часу.

У Токіо (Японія) навукоўцы выявілі, што павышаная рызыка суіцыду сярод людзей ва ўзросце да 30 гадоў была звязана з двухвокісам азоту, а ў Гуанчжоу (Кітай) была знойдзена карэляцыя паміж колькасцю самагубстваў і ўзроўнем канцэнтрацыі дыяксіду серы ў паветры.


Паводле greenbelarus.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: