
Праўда, напярэдадні 21-х угодкаў прыняцця Канстытуцыі пра яе ўзгадаў самы галоўны тутэйшы чыноўнік, які павіншаваў суайчыннікаў. “Асноўны закон, які з’яўляецца адным з сімвалаў беларускай дзяржаўнасці, стаўся фундаментам сістэмы палітычных, эканамічных і сацыяльных стасункаў, зацвердзіў прынцыпы канстытуцыйнага ладу, замацаваў правы, свабоды і абавязкі грамадзянаў. Абапіраючыся на нормы Канстытуцыі, мы будуем сваю суверэнную сацыяльную прававую дзяржаву, якая забяспечвае грамадзянам мір і стабільнасць. Спакой і бяспека, адукацыя і здароўе нацыі, прыстойны ўзровень жыцця і камфортныя ўмовы пражывання прызнаны нашымі прыярытэтнымі задачамі. Упэўнены, што дзякуючы адзінству і мудрасці народа, мы здольныя дасягнуць пастаўленых мэтаў”, — сказаў Лукашэнка.
Падаецца, правільныя словы. Але ж ці ўсё так у беларускай рэальнасці? Магу дапусціць меркаванне, што галоўны чыноўніка таму згадаў пра Дзень Канстытуцыі, што менавіта дзякуючы ёй ён “усур’ёз і надоўга” прыйшоў да вярхоўнай улады ў нашай краіне, больш за дваццаць гадоў застаючыся бяззменным яе правадыром.
Тая Канстытуцыя, якая прымалася ў 1994 годзе, прадугледжвала толькі два тэрміны знаходжання адной асобы на чале дзяржавы. Вось тут амбітны шклоўскі палітык і пачаў гэтую самую Канстытуцыю ламаць на свой капыл.
Тры так званыя рэферэндумы, вынікі якіх не былі прызнаны міжнароднай супольнасцю, змянілі Асноўны закон да непазнавальнасці, ператварыўшы ад пачатку меркаваную дэмакратычную краіну ў аўтаркію, дзе не бачна канца кіраванню аднаго чалавека. З нейтральнай краіны, што замацавана ў Канстытуцыі, Беларусь стала ўдзельніцай розных саюзаў, у тым ліку і ваенных, як тая ж Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы, ператварылася ў цесную хаўрусніцу агрэсіўнай Расіі. І нават дазволіла размясціць на сваёй тэрыторыі дадатковыя расійскія ваенныя (авіяцыйныя) базы.
Беларуская мова ўжо не ёсць адзінай дзяржаўнай, яна знаходзіцца ў глыбокім заняпадзе, гістарычныя бел-чырвона-белы сцяг і Герб “Пагоня” — больш не дзяржаўныя сімвалы. Наадварот, фактычна забароненыя, хоць менавіта пад гэтымі сімваламі даваў прысягу першы Гарант.
А хіба ў нас бясплатная адукацыя ды медыцына, як тое было замацавана ў першай Канстытуцыі сучаснай незалежнай Беларусі? І што, у нас усе, як сцвярджае Лукашэнка, маюць “прыстойны ўзровень жыцця і камфортныя ўмовы пражывання”? Адказ відавочны.
Пра тое, як у нас забяспечваюцца правы і свабоды грамадзянаў, можна і не казаць. Прыклад з пераследам апанентаў улады, праваабаронцаў, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і асобных журналістаў, забарона на вулічныя акцыі ў шматлікіх рэгіёнах краіны, наяўнасць у Беларусі палітычных вязняў — ці гэта адпавядае нават цяперашняй з большага гіпертрафіраванай і шматкроць перапісанай Канстытуцыі?
І, дарэчы, яшчэ пад пытаннем, ці захавае Беларусь свой суверэнітэт. Апетыты пуцінскай Расіі, ахопленай шавіністычна-імперскай істэрыяй, толькі ўзрастаюць. Крамлёўскі небажыхар ужо нават даў загад сваім памагатым да верасня разгледзець пытанне валютнай інтэграцыі ў рамках ЕАЭС. А высокі беларускі чыноўнік — старшыня Савета Рэспублікі, нядаўні прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч паддана выказаўся за інтэнсіфікацыю інтэграцыі ў гэтай галіне. Хоць гэта, на думку экспертаў, можа азначаць яшчэ большую залежнасць Беларусі ад Расіі, страту валютна-фінансавай самастойнасці (хаця ўжо сёння вельмі цяжка казаць пра гэтую самастойнасць).
Дык якую ж ролю ў нашым жыцці адыгрывае зараз Канстытуцыя? Сёння, трэба шчыра сабе прызнацца, ніякую. Дзяржава ў асобе яе галоўнага начальніка зрабіла ўсё, каб краіна жыла не па Асноўным законе, а паводле мэтазгоднасці. Мэтазгоднасці яе вышэйшага кіраўніцтва. А сама Канстытуцыя засталася проста атрыбутам пакуль яшчэ фармальна самастойнай дзяржавы. Пакуль яшчэ.
"Тры так званыя рэферэндумы, вынікі якіх не былі прызнаны міжнароднай супольнасцю..." Ай, не падманвайце сябе. Вынікі першага рэферэндуму (1995 г.) дакладна былі прызнаны, а дэ-факта
ЗША і Зах. Еўропа (не кажучы пра іншую "супольнасць") прызналі і тое, што адбылося ў 1996 г. і 2004 г.